Улады ўнесьлі зьмены ў «дармаедзкі дэкрэт». Каго яны датычацца

Архіўнае фота. Падчас «Маршу недармаедаў» у Менску, сакавік 2017 году
Архіўнае фота. Падчас «Маршу недармаедаў» у Менску, сакавік 2017 году

Пастановай Савету міністраў ад 25 траўня ўнесеныя некаторыя зьмены ў прэзыдэнцкі дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва». Так, некаторых выключылі зь ліку «дармаедаў», а таксама ўвялі пэрсанальную адказнасьць за дадзеныя ў «базе дармаедаў».

Цяпер, згодна з пастановай, з базы незанятых у эканоміцы выключылі:

  • грамадзян, якія працуюць у замежных або міжнародных арганізацыях, на падставе інфармацыі, прадстаўленай гэтымі арганізацыямі;
  • мужа\жонку тых, каго прызначылі на пасаду ў міждзяржаўны орган, прадугледжаны ў міжнародных дамовах Беларусі або рашэньнях адпаведных міжнародных органаў;
  • сужэнцаў аташэ ў пытаньнях абароны пры амбасадзе Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой, а таксама памочнікаў аташэ ў пытаньнях абароны, накіраваных у дыпляматычныя прадстаўніцтвы Беларусі.

Улады таксама ўвялі пэрсанальную адказнасьць за прадстаўленьне дакладнай інфармацыі для фармаваньня (актуалізацыі) базы «дармаедаў» для:

  • кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіраваньня і іншых арганізацый, падпарадкаваных ураду,
  • старшыняў аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкаму,
  • кіраўнікоў іншых арганізацый, якія падаюць такую інфармацыю.

Якое пакараньне прадугледжана за недакладную інфармацыю ў базе, у пастанове не пазначана.

Таксама мясцовым уладам даручылі забясьпечыць узаемадзеяньне вайсковых камісарыятаў з дармаедзкімі камісіямі. Яны павінны перадаваць інфармацыю пра грамадзян, якіх прызвалі і накіравалі на тэрміновую вайсковую службу і службу ў рэзэрве: да 20 чэрвеня 2019 году — пра накіраваных для праходжаньня службы ў лютым-траўні 2019; да 20 сьнежня 2019 — па накіраваных на службу ў жніўні-лістападзе 2019.

Пастанова набывае сілу пасьля яе афіцыйнага апублікаваньня 29 траўня (некаторыя асобныя зьмены — з дня яе падпісаньня).

​
XS
SM
MD
LG