Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лекар ад Бога, першаклясны хірург», — што кажуць пра новага міністра аховы здароўя


Уладзімер Каранік (справа), новы міністар аховы здароўя, у час наведваньня Аляксандрам Лукашэнкам Менскага гарадзкога анкалягічнага дыспансэра

Новага кіраўніка Міністэрства аховы здароўя Аляксандар Лукашэнка прызначыў праз год пасьля пачатку гучнай «справы лекараў», у выніку якой былі арыштаваныя дзясяткі мэнэджэраў у мэдыцынскай галіне.

Аляксандар Лукашэнка прызначыў новым міністрам аховы здароўя кіраўніка Менскага гарадзкога анкалягічнага дыспансэра 46-гадовага Ўладзімера Караніка.

Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі цытуе ягонае выказваньне пра матывы замены кіраўніцтва ў Мінздароўя:

«Гэта ж ганьба, калі зьнізу даверху павязаныя хабарам кіраўнікі ўстаноў і арганізацый! Прытым добрыя кіраўнікі, якія сябе добра як адмыслоўцы зарэкамэндавалі (ня будзем называць прозьвішчы). Да гэтага часу да мяне ходзяць, просяць: унікальны чалавек, адпусьціце, ён будзе там дняваць і начаваць ва ўстанове аховы здароўя. Хабар, які ўзяў, вярнуў у падвойным памеры — трэба дараваць. Сяджу і думаю: а як дараваць? Бо папярэджваў жа ўсіх, што карупцыя — гэта не пра Беларусь. Дараваньня ня будзе нікому. Крыху прыбурэлі, як у народзе кажуць, абнаглелі, таму ўсіх трэба прывесьці да прытомнасьці. І вы гэта можаце зрабіць».

Тым часам калегі-анколягі шкадуюць, што высакакляснага лекара-практыка прызначылі на чынавенскую пасаду.

Папярэдніка зьнялі за «справу мэдыкаў»

Папярэднік Караніка Валеры Малашка прабыў міністрам аховы здароўя два з паловай гады. Да гэтага ён паўтара месяца быў міністрам працы і сацыяльнай абароны. Практыкаваў лекарам да 2004 году, потым 13 гадоў быў чыноўнікам — узначальваў упраўленьне аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкаму, быў намесьнікам старшыні Магілёўскага аблвыканкаму.

Прызначаючы Малашку ў студзені 2017 году, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «яму прапанавалі дзясятка паўтара кандыдатур, самы высокі рэйтынг пры праверцы аказаўся ў Малашкі».

Надта яскрава на міністэрскай пасадзе Малашка сябе не праявіў. Пры ім летам 2018 году пачалася «справа мэдыкаў», у якой фігуруюць каля 90 чалавек, траціна зь іх — кіраўнікі ўстановаў, галоўныя лекары і намесьнік міністра аховы здароўя. І хоць, мяркуючы па судовых матэрыялах, хабар і «адкаты» мэдыкі бралі яшчэ ў 2015–17 гадах, калі міністрам быў Васіль Жарко, у судах фігуравалі і эпізоды 2017–2018 гадоў, калі міністэрства ўзначальваў Валер Малашка.

Васіль Жарко, які на момант масавых арыштаў мэдыкаў быў віцэ-прэм’ерам, заявіў, што пра існаваньне ў сыстэме аховы здароўя маштабнай карупцыйнай схемы нічога ня ведаў.

«Калі б я ведаў, то былі б меры прынятыя яшчэ тады... Што такая справа вырасьце, я проста не чакаў».

У склад новага ўраду, які Лукашэнка прызначыў у жніўні 2018 году, Жарко не ўвайшоў.

Кандыдатура Караніка стала нечаканасьцю

Чуткі ў мэдычнай супольнасьці пра зьмену міністра пачалі хадзіць пасьля верасьнёўскай нарады аб праблемах мэдычнай галіны. Лукашэнка папрасіў міністра Валерыя Малашку даць справаздачу пра тое, «што цяпер адбываецца ў ахове здароўя».

«А пасьля будзем глядзець: ці зможа міністар далей працаваць разам зь першым намесьнікам, які тут не адзін год працуе і нясе, можа, большую адказнасьць, чым новы міністар. Адказнасьці ніхто не пазьбегне», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Паводле інфармацыі «Народнай Волі», называліся дзьве асноўныя кандыдатуры на міністэрскую пасаду. Адна — сэнатар Віктар Сірэнка, які ў 2010 годзе быў галоўным лекарам Бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі, адкуль зь ягонай згоды у ноч пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня зьбітага кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева адправілі ў турму КДБ. Другая кандыдатура — дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, былая кіраўніца РНПЦ отарыналярынгалёгіі Людміла Макарына-Кібак.

Прозьвішча Караніка нідзе не фігуравала. 11 чэрвеня раніцай у Менскім гарадзкім анкадыспансэры ён праводзіў плянэрку.

«Каранік — лекар ад Бога, першаклясны хірург»

Калегі-анколягі ўспрынялі прызначэньне Ўладзімера Караніка на міністэрскую пасаду зь вялікім жалем.

«Уладзімер Сьцяпанавіч — ня толькі цудоўны, чулы кіраўнік. Менавіта пры ім гарадзкі анкадыспансэр быў аснашчаны самым сучасным абсталяваньнем, адкрылі новы радыялягічны корпус. Каранік — лекар ад Бога, першаклясны хірург, у яго залатыя рукі. Раней ён быў загадчыкам аддзяленьня таракальнай хірургіі РНПЦ анкалёгіі ў Бараўлянах, шмат апэрыраваў. Калі яго прызначылі кіраўніком гарадзкога анкадыспансэра, вельмі шкадаваў, што ня мае часу праводзіць апэрацыі. Але сам удзельнічае ў кансыліюмах, робіць абходы, кансультуе хворых.

Нам вельмі шкада, што яго забіраюць ад нас. Тым больш у такі няпросты час. Магчыма, на міністэрскай пасадзе ён больш патрэбны», — сказала Свабодзе на ўмовах ананімнасьці калега Караніка.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG