Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка прызначае кіраваць МУС «варагаў»?


Юры Караеў
Юры Караеў

Усе грамадзяне Беларусі роўныя незалежна ад іх этнічнасьці і краіны паходжаньня. Роўнасьць палягае і ў праве займаць высокія пасады. Але некаторыя асаблівасьці кадравай палітыкі ў Міністэрстве ўнутраных справаў спараджаюць пэўныя пытаньні.

Сьцісла:

  • Мэта прызначаць кіраўнікамі МУС асобаў, якія не зьяўляюцца ўраджэнцамі Беларусі — каб не ангажаваліся ў сеткі зямляцкіх, сваяцкіх сувязяў
  • Такая кадравая палітыка ў Беларусі тычыцца фактычна выключна МУС, яна ў меншай ступені распаўсюджваецца на іншыя сілавыя ведамствы
  • У сытуацыі вострага палітычнага крызісу, супрацьстаяньня, пазыцыя паліцыі і яе кіраўніцтва зьяўляецца вызначальнай

Дракахруст: Сышоў у адстаўку з пасады міністра ўнутраных справаў Ігар Шуневіч. Рэдкі выпадак, калі беларускі чыноўнік сам падаў у адстаўку. На пасаду міністра прызначаны Юры Караеў. Ён быў намесьнікам міністра і камандуючым унутранымі войскамі.

Цяпер, пасьля прызначэньня Караева, у ФБ пайшлі размовы, што, можа, публіка яшчэ згадае добрым ціхім словам Шуневіча. Караеў, гледзячы па ўсім, чалавек жорсткі, вядомы сваімі канфліктамі з апазыцыяй. Так што чакаць ад яго «дыктатуры сэрца» не выпадае.

І яшчэ адна дэталь, на якую многія зьвярнулі ўвагу. Юры Караеў — ураджэнец Паўночнай Асэтыі. Пытаньне далікатнае.

Усе грамадзяне Беларусі роўныя. Караеў — грамадзянін Беларусі, ён даўно жыве і служыць у Беларусі. Яму быў 21 год, калі ён прыехаў у Беларусь, і з таго часу ён жыве ў ёй.

Так што ён нічым ня горшы, хаця і ня лепшы, за іншых жыхароў краіны. Але вымалёўваецца пэўная тэндэнцыя. Юры Караеў нарадзіўся ў Паўночнай Асэтыі, ягоны папярэднік Ігар Шуневіч — з Луганшчыны, Анатоль Куляшоў — з Азэрбайджану, Уладзімер Навумаў — са Смаленску, Юры Сівакоў — з Сахаліну. Ці гэта не тэндэнцыя, а проста так супала?

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Я мяркую, што пяты запар кіраўнік МУС Беларусі, які народжаны не ў Беларусі — гэта не выпадковасьць. Цяпер, пасьля адстаўкі Шуневіча, можна было выбраць з чатырох намесьнікаў міністра, тры зь іх — ураджэнцы Беларусі, адзін — не. І Лукашэнка абірае менавіта апошняга.

Гэта сьведчыць пра нейкі прынцып. Як гэты прынцып можна патлумачыць? Магчыма, Лукашэнка лічыць, што міністар зь мясцовых на такім ведамстве будзе недастаткова жорсткім, ён будзе цягнуць сваіх — з вобласьці, з раёну, разьмякчыцца пад уплывам рэгіянальных, сваяцкіх сувязяў. Таму лепш ставіць чалавека, які цалкам аддае сябе службе, у якога большасьць сваякоў — за мяжой.

І ёсьць такі момант, што «вараг» можа дзейнічаць больш рашуча ў пэўных крытычных сытуацыях. Практыка гэта стоадсоткава не пацьвярджае, але мне здаецца, што лёгіка Аляксандра Лукашэнкі і такая.

Дракахруст
Дракахруст

Дракахруст: Я б дадаў, што калі гэта і тэндэнцыя, то яна тычыцца найперш менавіта МУС, нават ня ўсіх сілавых ведамстваў. Я бачыў дасьледаваньне складу найвышэйшага кіраўніцтва беларускіх міністэрстваў — міністраў, іх намесьнікаў, кіраўнікоў упраўленьняў. Паводле дасьледаваньня, зь іх 70% — этнічныя беларусы. Доля ўраджэнцаў Беларусі, можна меркаваць, яшчэ большая.

Паводле перапісу 2009 году, сярод усяго насельніцтва этнічных беларусаў — 84%, сярод асобаў з вышэйшай адукацыяй — 78%. Сярод топ-мэнэджмэнту міністэрстваў іх доля крыху меншая, але не кардынальна меншая, яны і там складаюць пераважную большасьць, як і сярод усяго насельніцтва, і сярод грамадзянаў з вышэйшай адукацыяй.

Я паглядзеў біяграфіі кіраўнікоў іншых сілавых ведамстваў Беларусі: з 7 міністраў абароны з 1991 году чацьвёра — ураджэнцы Беларусі (у тым ліку і цяперашні — Андрэй Раўкоў), з 10 старшыняў КДБ — 8 ураджэнцы Беларусі (у тым ліку і цяперашні старшыня Валер Вакульчык).

Няма такой карціны, як у кіраўніцтве МУС.

А што да вашага тлумачэньня — я ўчора браў інтэрвію ў кіраўніка кішынэўскага бюро нашага радыё наконт вострага палітычнага крызісу ў Малдове. Там фактычна двоеўладзьдзе. І мой калега сказаў: Цяпер у нас усё залежыць ад таго, як будзе сябе паводзіць паліцыя, на чый бок яна ўстане.

Ня войска, не спэцслужбы, а менавіта паліцыя. У Беларусі ніякага двоеўладзьдзя няма і блізка, але ўсё можа здарыцца. Мы бачым з досьведу рэвалюцыйных падзеяў — ва Ўкраіне, у арабскім сьвеце, у Лацінскай Амэрыцы — паводзіны паліцыі вельмі важныя, калі не вырашальныя. І ад асобы, якая кіруе паліцыяй, чакаецца поўная вернасьць, няўразьлівасьць на імпульсы, якія сыходзяць ад розных элітных групаў.

Як можна ацаніць моц сваяцкіх, зямляцкіх сувязяў у Беларусі? Яны даволі моцныя ў Азіі, ва Ўкраіне, на што ўкраінцы часта скардзяцца. А наколькі яны моцныя ў Беларусі?

Цыганкоў: Я мяркую, гэтыя клянавыя, рэгіянальныя сувязі дастаткова моцныя. Такая традыцыя была яшчэ з савецкіх часоў. А калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка. то першыя гады галоўнай тэмай прэсы было засільле ва ўладзе «магілёўскіх» — бо менавіта выхадцаў з гэтай, «сваёй», вобласьці Лукашэнка прызначаў на розныя пасады. І гэта можна было патлумачыць тым, што ў яго не было сваёй масавай палітычнай партыі, адкуль ён мог браць кадры — таму асабліва на першым этапе сваёй улады ён браў іх з Магілёўскай вобласьці. А да кадраў з Гарадзенскай воласьці, напрыклад, ставіўся з падазрэньнем.

Другі прынцып Лукашэнкі — нярэдка ставіць на кіраўніка вобласьці «варага» зь іншай вобласьці. Гэтым Лукашэнка паказвае, што паняцьц «мясцовай эліты», мясцовай групоўкі яму не падабаюцца, ён іх не ўспрымае. Бо ён сам гаспадар у Беларусі, а ня нейкія «мясцовыя эліты» — фармаваньне такіх згуртаваных эліт і груповак выклікае ў яго падазрэньні, таму ён і прызначае «чужакоў». У гэтым рэчышчы і прызначэньне Караева на пасаду міністра ўнутраных справаў.

Прызначаецца «вараг», які проста паводле свайго паходжаньня і біяграфіі ня можа мець свой вялікі рэгіянальны клан, які ня мае трывалых мясцовых, сваяцкіх, рэгіянальных сувязяў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG