Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Вялікай Брытаніі абвясьціла пра адстаўку


Тэрэза Мэй абвясьціла, што прыняла рашэньне пайсьці ў адстаўку з пасады лідэра кіроўнай у Вялікай Брытаніі Кансэрватыўнай партыі і, адпаведна, прэм’ер-міністаркі.

Тэрэза Мэй назвала дату адстаўкі — 7 чэрвеня.

Такую заяву яна зрабіла ў пятніцу на парозе сваёй афіцыйнай рэзыдэнцыі на Даўнінг-стрыт, 10.

«Я рабіла ўсё магчымае, каб выканаць волю народу. На жаль, мне не ўдалося гэтага зрабіць», — падкрэсьліла Мэй, усклаўшы ў сваёй прамове аб адстаўцы адказнасьць за правал перамоваў па Брэксыце на парлямэнт Вялікай Брытаніі.

«Кампраміс — гэта ня бруднае слова. Ад яго залежаць жыцьці людзей», — падкрэсьліла Мэй, абараняючы сваю пазыцыю.

«Я неўзабаве пакіну сваю пасаду. Але я буду не апошняй жанчынай-прэмʼерам у краіне, якую я люблю», — сказала Мэй дрыготкім голасам і сышла ад тэлекамэраў, зь цяжкасьцю стрымліваючы сьлёзы.​

Мэй стала прэм’ер-міністаркаю ў ліпені 2016 году на фоне крызісу ў партыі кансэрватараў, зьвязанага з расколам у пытаньні выхаду Вялікай Брытаніі з ЭЗ. Тады ў каралеўстве прайшоў рэфэрэндум, на якім 52% жыхароў выказаліся «за» Брэксыт, а 48% супраць. Але кіроўная партыя і парлямэнт Вялікай Брытаніі так і не змаглі заключыць дамову з ЭЗ аб умовах выхаду дзяржавы з Эўразьвязу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG