Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рускаміраўцы» прапанавалі Лукашэнку забараніць бел-чырвона-белы сьцяг


© Shutterstock

Сайт «Русская весна» апублікаваў зварот беларускіх прарасейскіх актывістаў да Аляксандра Лукашэнкі з сувязі са скарачэньнем маршруту акцыі «Несьмяротны полк» у Менску і забаронай акцыі ў Віцебску (яна прайшла несанкцыянавана), а таксама «ў сувязі зь нездаровай актыўнасьцю нацыяналістычных колаў».

У звароце просяць забараніць дэманстрацыю бел-чырвона-белага сьцягу як «сьцягу паліцаяў» і прыраўняць яго на заканадаўчым узроўні да нацысцкай сымболікі.

Акрамя таго ў звароце просяць:

  • скасаваць аплату за правядзеньне масавых мерапрыемстваў;
  • выкарыстоўваць расейскую акцыю «Несьмяротны полу» як адну з асноваў беларускай нацыянальнай ідэі;
  • не проціпастаўляць ёй дзяржаўную беларускую акцыю «Беларусь памятае»;
  • прыняць «георгіеўскую стужку» ў якасьці афіцыйнага сымбалю сьвяткаваньня Дня перамогі;
  • дазволіць на час сьвяткаваньняў праход людзей да абэліску на плошчы Перамогі праз праспэкт, а не падземны пераход;
  • Стварыць міжведамасную групу для прапрацоўкі гэтых прапановаў.

Зварот падпісалі дырэктар асьветніцкай установы «Согласие-Медиа» Арцём Агафонаў, старшыня ўстановы «Наша гісторыя» (ня блытаць з аднайменным часопісам рэдакцыі «Нашай нівы») Уладзімер Рыжанкоў, чалец Савету вэтэранаў Акадэміі МУС Уладзімер Шэін, кіраўнік вайскова-патрыятычнага клюбу «Патрыёт» імя Калесьнікава (ня блытаць з прабеларускімі спартовымі клюбамі «Патрыёт» з Бабруйску і Менску) Валер Перавошчыкаў і паэт Кірыл Забаўскі.

У 2016 годзе Рыжанкоў складаў інтэрнэт-пэтыцыю да Лукашэнкі з патрабаваньнем забараніць бел-чырвона-белы сьцяг, каб «не дапусьціць рэабілітацыі і разгортваньня на тэрыторыі Беларусі паводле ўкраінскага сцэнару фашызму з нацыяналістычным тварам бандэраўшчыны, уласаўшчыны і беларускага сьвядомага калябаранцтва». Пэтыцыя сабрала 560 подпісаў і была праігнараваная ўладамі.

Герб «Пагоня» — дзяржаўная каштоўнасьць, сьцяг — не?

Беларускі герб «Пагоня» з 1995 году ўключаны ў Дзяржаўны сьпіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцей Рэспублікі Беларусь. Бел-чырвона-белы сьцяг, які быў дзяржаўным у Рэспубліцы Беларусь разам з гербам «Пагоня» ў 1991–1995 гадах, у гэты сьпіс ня ўключаны.

З прапановай уключыць сьцяг у адпаведны сьпіс да Міністэрства культуры зьвярталіся шмат разоў — напрыклад, у 2008, і ў 2010, і ў 2013, і ў 2016 годзе…

Нядаўні законапраект, распрацаваны дэпутаткай Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганнай Канапацкай, ня сталі разглядаць міністэрствы культуры і юстыцыі, а таксама міліцыя — усе спасылаліся на тое, што гэта ня іхная кампэтэнцыя.

Праўда, статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці не заўсёды бароніць што старадаўнія будынкі, што нацыянальны герб. Так, у 2014 годзе Сьледчы камітэт Крупскага раёну адмовіўся ўсчынаць крымінальную справу супраць выканаўцы абавязкаў старшыні Бобрскага сельсавету і мясцовага дэпутата Ўладзімера Загорскага, які паламаў намаляваны Алесем Пушкіным герб «Пагоня» і патаптаўся па знакамітай «Карціне Свабоды». Міністэрства культуры тады не палічыла герб, зроблены Пушкіным, каштоўнасьцю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG