Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За зьнішчаны сьцяг міліцыю абавязалі сплаціць віцебскаму актывісту 8 рублёў 30 капеек


Пацярпелы, міліцыянт і суд па-рознаму ацанілі сьцяг і дрэўка. З трох варыянтаў судзьдзя выбрала мінімальны.

Суд Першамайскага раёну Віцебску часткова задаволіў патрабаваньні актывіста Міколы Качурца, які прасіў спагнаць з Кастрычніцкага РАУС 42 рублі за зьнішчаны ў 2018 годзе бел-чырвона-белы сьцяг, піша «Віцебская вясна». Судзьдзя Алена Савіцкая ацаніла шкоду на 8 рублёў 30 капеек, яшчэ на 42 капейкі — судовыя выдаткі.

Як ацэньвалі сьцяг

На паседжаньні 24 красавіка Мікола Качурэц абгрунтаваў кошт учыненай шкоды ў 42 рублі прайс-лістом з крамы Symbal.by, дзе бел-чырвона-белы сьцяг 70х140 см каштуе 20 рублёў, дакумэнтам аб кошце дрэўка і квіткамі для паездкі да Менску і назад.

Міліцыянт Дзьмітрый Жук, які прадстаўляў у судзе Кастрычніцкі РАУС, не пагадзіўся з сумай: зьнішчаны сьцяг быў ня новы, «выглядаў кепска», яго «можна было б ацаніць на вагу рызьзя». Ён прасіў далучыць да справы прайс-ліст крамы «Сялена», дзе тканіну белага і чырвонага колераў па цане 2,50 рубля за 1 мэтар, а таксама даведку ад швачкі, якая ўзялася б вырабіць падобны сьцяг за 7 рублёў.

Суд атрымаў іншыя зьвесткі ад віцебскага ўнівэрмагу, швейнага прадпрыемства «Труд-Віцебск» і «Дому сантэхнікі». Тканіну для сьцяга 0,5х1,5 м можна купіць за 1,39 рубля, пашыць сьцяг за 2,50 рубля, набыць трубу для дрэўка за 4,41 рубля. Гэтыя лічбы і прыняла судзьдзя Алена Савіцкая. Бяз дрэўка — 3,89.

Качурэц заявіў, што за такія грошы немагчыма ні купіць, ні пашыць сьцяг — суд, казаў ён, занізіў кошт «разоў у пяць».

Калі ў канцы 2018 году Аляксандар Лукашэнка падтрымаў ідэю БРСМ у час перапісу насельніцтва раздаць усім дзяржаўныя сьцягі, каб афіцыйная сымболіка была «ў кожным доме», дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг памерам 1х1,5 м ацанілі ў 12 рублёў (праз буйны памер партыі цана зьменшылася б, на ідэю БРСМ спатрэбілася б сумарна 18 млн даляраў, што на 3 млн больш за бюджэт перапісу-2010).​ У крамах на момант публікацыі можна знайсьці аналягічныя сьцягі за 16–20 рублёў.

Чаму наогул зьнішчалі сьцяг

Мікола Качурэц выйшаў зь бел-чырвона-белым сьцягам да помніку князю Альгерду ў Віцебску 24 сакавіка 2018 году — з нагоды Дня Волі. Ён быў затрыманы і аштрафаваны судом Кастрычніцкага раёну на 30 базавых велічыняў (тады — 735 рублёў) за «парушэньне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства» і «непадпарадкаваньне міліцыі». За іншы бел-чырвона-белы сьцяг на той Дзень Волі актывісту Андрусю Кешанюку прысудзілі 245 рублёў.

Абласны суд спачатку пакінуў рашэньне адносна Качурца бязь зьменаў, пасьля скасаваў і накіраваў справу на новы разгляд, урэшце скасаваў праз заканчэньне тэрміну адміністрацыйнага пакараньня.

За бел-чырвона-белы сьцяг на тым жа месцы і з той жа нагоды яго і братоў Уладзімера і Яраслава Кійко асудзілі і ў 2019 годзе — яны сфатаграфаваліся зь бел-чырвона-белым сьцягам, чым і прыцягнулі ўвагу міліцыянтаў.

У час цяперашняга суду актывіст даводзіў, што незаконным было ня толькі зьнішчэньне сьцяга, але і сама яго канфіскацыя, бо арт. 23.34 КаАП РБ не прадугледжвае такога пакараньня — ён спасылаўся на афіцыйны адказ зь Вярхоўнага суду.

Герб — каштоўнасьць, сьцяг — не?

Беларускі герб «Пагоня» з 1995 году ўключаны ў Дзяржаўны сьпіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцей Рэспублікі Беларусь. Бел-чырвона-белы сьцяг, які быў дзяржаўным у Рэспубліцы Беларусь разам з гербам «Пагоня» ў 1991–1995 гадах, у гэты сьпіс ня ўключаны.

З прапановай уключыць сьцяг у адпаведны сьпіс да Міністэрства культуры зьвярталіся шмат разоў — напрыклад, у 2008, і ў 2010, і ў 2013, і ў 2016 годзе…

Нядаўні законапраект, распрацаваны дэпутаткай Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганнай Канапацкай, ня сталі разглядаць міністэрствы культуры і юстыцыі, а таксама міліцыя — усе спасылаліся на тое, што гэта ня іхная кампэтэнцыя.

Праўда, статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці не заўсёды бароніць што старадаўнія будынкі, што нацыянальны герб.

Так, у 2014 годзе Сьледчы камітэт Крупскага раёну адмовіўся ўсчынаць крымінальную справу супраць выканаўцы абавязкаў старшыні Бобрскага сельсавету і мясцовага дэпутата Ўладзімера Загорскага, які паламаў намаляваны Алесем Пушкіным герб «Пагоня» і патаптаўся па знакамітай «Карціне Свабоды». Міністэрства культуры тады не палічыла герб, зроблены Пушкіным, каштоўнасьцю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG