Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сокалаў-Воюш і Някляеў падтрымалі школьніка, якога вымусілі выдаліць з сацсетак верш пра сьцяг і Пагоню


© Shutterstock
© Shutterstock

Вучань салігорскай гімназіі № 1, дзесяціклясьнік Герман Лебедзь напярэдадні Дня Волі зьмясьціў ва «ЎКантакце» свой патрыятычны верш пра бел-чырвона-белы сьцяг.

На наступны дзень хлопцу патэлефанавала клясная кіраўніца, настаўніца расейскай мовы і літаратуры Натальля Арлукевіч, і загадала выдаліць верш. Ён выдаліў, але са школы паведамілі, што камісія будзе правяраць ягоную сям’ю — нібы ўгледзелі ў ягоных допісах у сацсетках «суіцыдальны падтэкст». Міністэрства адукацыі заявіла Свабодзе, што «ніхто яго не чапае, ніхто яго ня будзе правяраць». Дырэктарка гімназіі Яўгенія Невар заявіла, што ніякай праблемы няма і «сытуацыя шалёна разьдзьмутая».

Шэраг беларусаў распаўсюдзілі верш Германа Лебедзя ў сецсетках пад хэштэгам #ГЕРМАНБЧБ. У падтрымку Уладзімер Някляеў на Facebook апублікаваў свой ранейшы верш «Народу можа засьціць зрок…», а Сяржук Сокалаў-Воюш прыслаў Свабодзе новы верш, прысьвечаны хлопцу.

Верш Германа Лебедзя

Бел-чырвона-белы сьцяг
Дзе белы — незалежнасьць
Стаю пад сьцягам перамог
І чую прыналежнасьць
Да посьпехаў, да барацьбы
За чыстую свабоду
Няма цяпер яе ў нас
Вяртайце сьцяг народу
Мы самі можам выбіраць
Пакіньце нас у спакоі
Мой — бел-чырвона-белы сьцяг
Мой герб — гэта Пагоня.

Верш Уладзімера Някляева

Народу можа засьціць зрок
Бяз дай прычыны.
Ды бачыць Божа кожны крок
На звод Айчыны.
У вочы вам адплаты час
Зірне сурова.
Каб дзеці апраўдалі вас,
Вярніце Мову!
Няма пачаткаў і канцоў,
Усё – працяг.
Каб не ўскіпела ў жылах кроў —
Вярніце Сьцяг!
Улады сьверб, што вас скубе,
І славы сьверб,
Пакіньце ўсё сваё сабе —
Вярніце Герб!
Дальбог, пра гэта не са зла
Малюся ў скрусе,
А каб зямля вас прыняла
На Беларусі.

Верш Сержука Сокалава-Воюша

Герману Лебедзю

Страцім-лебедзь — як Фэнікс...
Ня Страцім...
Набыт...
Хто сказаў, што найлепшае выйшла ў нябыт?
Хто падумаў, што доля плыве як плыве?
Вось яно, маладое!
Крыляе!
Жыве!

Верш няможна скарыць, зацугляць, задушыць.
Прымітыў, як заўжды, самасуды вяршыць,
Ды паэзія вышай. І піша рука...
А на творцу і цэнзар, і кат, і лука...

Шлях нялёгкі наперадзе, брат па пяру,
Ды пакуль я аднойчы фізычна памру
І паціху патухну ў забытых радках,
Добра ведаць, што сьцяг у надзейных руках.

1 красавіка 2019 г.
Бярнардаў гасьцінец.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG