Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як «трэцяя сіла» ў Беларусі стварае прарасейскую мэдыйную сетку


У сьнежні 2016 году ў Беларусі былі арыштаваныя па абвінавачаньні ў распальваньні нацыянальнай варожасьці трое мясцовых публіцыстаў, якія пісалі пад псэўданімамі артыкулы ў расейскія выданьні «Рэгнум», «Лента.ру» і EADaily, — Юрый Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка. Яшчэ адзін падазраваны, шэф-рэдактар «Рэгнума» Юрый Баранчык быў затрыманы па просьбе беларускага боку ў Маскве, аднак маскоўскі суд ня стаў яго арыштоўваць, пасьля чаго Баранчык папрасіў расейскія ўлады палітычнага прытулку. Цяпер усе арыштаваныя чакаюць суду, які можа прысудзіць іх да турэмных тэрмінаў ад 5 да 12 гадоў (…).

беларускія журналісты і блогеры пачалі атрымліваць лісты з прапановамі

Празь некалькі месяцаў пасьля арыштаў па «справе Рэгнума», або, як яе яшчэ называюць у Беларусі, «справе публіцыстаў», беларускія журналісты і блогеры пачалі атрымліваць лісты з прапановамі аб супрацоўніцтве ў напісаньні артыкулаў і разьмяшчэньні ўжо гатовых тэкстаў на сайтах сваіх рэдакцый. У якасьці асноўнай пляцоўкі для публікацый нейкім «Аркадзем Несьцярэнкам» прапаноўваўся сайт Politring.com. Упершыню пра яго стала вядома ў траўні 2017, калі ў Беларусі быў створаны новы апазыцыйны рух «Грамадзянская згода». Па словах Арцёма Агафонава, які ўзначаліў гэты рух, сайт павінен быў стаць «пляцоўкай для абмеркаваньня надзённых праблем дзяржавы». Агафонаў ў мінулым узначальваў мінскае аддзяленьне Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, аднак пасьля украінскага Майдану рэзка зьмяніў рыторыку сваіх выказваньняў, асудзіўшы «дзяржаўны пераварот» у суседняй краіне.

У разьдзеле «Аб сайце» «Politring» акрэсьлівае сябе як «дыскусійную пляцоўку, мэтай якой зьяўляецца наладжваньне дыялёгу паміж рознымі палітычнымі, грамадзкімі, сацыяльнымі групамі Рэспублікі Беларусь». У рэальнасьці гэта бясконцая стужка перадрукаў самых розных матэрыялаў іншых беларускіх СМІ (у тым ліку апазыцыйных), перамежаваная артыкуламі ўласнай вытворчасьці, па зьмесьце падобнымі да публікацый арыштаваных «публіцыстаў Рэгнума» (…).

Кіраўнік руху «Грамадзянская згода» Арцём Агафонаў
Кіраўнік руху «Грамадзянская згода» Арцём Агафонаў

На сайце шмат публікацый і самога Арцёма Агафонава. Сам рух Агафонава «Грамадзянская згода» ўвесь гэты час праводзіў «прымірэнчыя круглыя сталы» з удзелам беларускай апазыцыі і прадстаўнікоў улады. Менавіта з прапаноў напісаць пра гэтыя круглыя сталы і пачаліся кантакты загадкавага Аркадзя Несьцярэнкі зь беларускімі журналістамі. Першым пра прапанову супрацоўніцтва з боку прадстаўнікоў «Politring» напісаў беларускі блогер Эдуард Пальчыс, стваральнік сайтe 1863х.com, названага так у гонар нацыянальнага паўстаньня 1863 годe на тэрыторыі беларуска-літоўскіх губэрняў Расейскай імпэрыі. У кастрычніку 2016 Пальчыса таксама судзілі за «распальваньне варожасьці» — але, у адрозьненьне ад «публіцыстаў Рэгнум», у сваіх публікацыях ён рэзка выказваўся на адрас Аляксандра Лукашэнкі і беларускіх уладаў за недастатковую падтрымку Ўкраіны і крытыкаваў рэжым Уладзіміра Пуціна. Пасьля некалькі месяцаў пад вартай Пальчыс быў прысуджаны да году і 9 месяцаў пазбаўленьня волі ўмоўна і вызвалены ў зале суду.

Блогер Эдуард Пальчыс
Блогер Эдуард Пальчыс

Як піша Пальчыс у расьсьледаваньні, прысьвечаным «скупцы» беларускіх журналістаў прадстаўнікамі «Politring» і «Грамадзянскай згоды», прапановы аб супрацоўніцтве з гэтым сайтам паступалі шмат каму з журналістаў, напрыклад, уладальніку і рэдактару папулярнага сайту by24.org Уладзіміру Чудзянцову, які і распавёў яму пра гэта. Цікава, што ў ліку заданьняў, якія Аркадзь Несьцярэнка праз скайп прапаноўваў яму выканаць за грошы, было і інтэрвію з адвакатамі фігурантаў «справы Рэгнума». Чудзянцоў сьцьвярджае, што Несьцярэнка нават прапаноўваў яму працу рэдактарам «Politring» на стаўку — 500 даляраў на месяц плюс 25 даляраў за адзін артыкул. Эдуард Пальчыс піша, што на «прынаду» ў выглядзе ганарараў у памеры 20–50 даляраў за публікацыю дасланых Несьцярэнка тэкстаў папаліся многія беларускія СМІ, нават дзяржаўная газэта «Звязда».

на розных беларускіх сайтах сталі зьяўляцца аднатыпныя публікацыі

Неўзабаве пасьля абвяшчэньня аб стварэньні «Грамадзянскага згоды» на розных беларускіх сайтах сталі зьяўляцца аднатыпныя публікацыі аб круглых сталах. Тэкст гэтых нататак часам цалкам супадаў, хоць аўтарамі значыліся розныя людзі. Неўзабаве пасьля гэтага Пальчыс вырашыў сам зьвязацца зь Несьцярэнкам і прапанаваць яму свае паслугі. Усе зносіны адбывалася ў скайпе, акрамя Несьцярэнкі з боку заказчыка з журналістамі таксама кантактаваў невядомы карыстальнік зь нікам Glazuk Diesel. Па словах Уладзіміра Чудзянцова, ён быў «самым галоўным». Ні Несьцярэнка, ні карыстальнік Glazuk Diesel не адказалі на просьбы Радыё Свабода аб камэнтары. Больш падрабязна аб сваім расьсьледаваньні Эдуард Пальчыс сам распавёў Радыё Свабода: «Гэта мэтодыка, у прынцыпе, існавала і раней, проста зараз яны перайшлі ня проста да вядзеньня нейкіх СМІ, яны ствараюць цэлую сетку розных мэдыйных сайтаў, яны быццам бы не асабліва чытаныя, але іх даволі шмат. У большасьці сайтаў, што цікава, няма ніякіх выходных кантактаў на рэдакцыі, няма пэрсаналізацыі, няма нейкіх канкрэтных асобаў, якія за імі стаяць. Гэта проста навінавыя сайты, быццам бы „нэўтральныя“, але ў тым, што тычыцца пытаньня Украіны, Расеі, — там мяккая, а часам нават ня мяккая, а такая выразная прапуцінская пазыцыя» (…).

гэта вельмі хітрая пазыцыя

Як у цэлым можна ахарактарызаваць танальнасьць публікацый, за якія беларускім журналістам прапаноўвалі плаціць гэтыя грошы? «Гэта публікацыі пра тое, што пакуль паміж уладай і апазыцыяй у Беларусі вядзецца барацьба, нейкая трэцяя сіла выступае як прымірыцель, саджае ўсіх за стол перамоваў, спрабуе шукаць выхады з праблемнай сытуацыі. Гэта вельмі хітрая пазыцыя. Таму што да гэтага прарасейскія сілы асацыяваліся, наадварот, з агрэсіяй, нейкімі агрэсіўнымі лёзунгамі, дзеяньнямі, а тут, наадварот, яны менавіта за росквіт і эканамічную стабільнасьць Беларусі і супраць сутыкненьняў унутры яе», — кажа Эдуард Пальчыс.

Як вынікае зь перапіскі Ўладзіміра Чудзянцова з заказчыкамі публікацый, аплачваць іх яны былі гатовыя нават наяўнымі — нягледзячы на распачатую супраць фігурантаў «справы Рэгнума» Паўлаўца і Шыптэнкі справы «аб незаконным прадпрымальніцтве». Грошы ў любы пункт Менску заўсёды быў гатовы прывезьці спэцыяльны кур’ер.

На пытаньне аб тым, чаму за ўсім гэтым стаіць Крэмль, Эдуард Пальчыс прыводзіць яшчэ адзін фрагмэнт сваёй перапіскі з Аркадзем Несьцярэнкам у скайпе: «Калі я напісаў, што мне таксама патрэбна праца, то мяне спыталі: а для якой краіны? І пачалі пералічваць: Украіна, Казахстан, Грузія, Македонія, Баўгарыя і гэтак далей. Ясна, што беларускія спэцслужбы ніякіх інтарэсаў у Македоніі ня маюць, і рускамоўныя праекты ў падтрымку прарасейскай лініі ў гэтай краіне ці ва Ўкраіне ім не патрэбныя». (…)

Цалкам чытаць матэрыял Марка Крутава з расейскай службы Радыё Свабода тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG