Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці трохдзённы судовы канвэер за акцыі супраць акумулятарнага заводу


Мітынг супраць пабудовы акумулятарнага заводу «АйПаўэр» у Берасьці, архіўнае фота
Мітынг супраць пабудовы акумулятарнага заводу «АйПаўэр» у Берасьці, архіўнае фота

Цягам 24–26 красавіка ў Берасьці адбудзецца 14 судоў у адміністрацыйных справах удзельнікаў акцый супраць пабудовы акумулятарнага заводу паблізу гораду.

24 красавіка ў Ленінскім раённым судзе Берасьця чакаецца 5 паседжаньняў — у справах актывістаў Віталя Казака, Кацярыны Басаргіной, Дзьмітрыя Андрасюка, Алега Вялава, Віктара Сендара.

25 красавіка будуць судзіць Тацьцяну Фесікаву, Алеся Абляка, Уладзіслава Абрамовіча, Ягора Кандрацюка.

26 красавіка плянуюцца суды над Дзянісам Малашэнкам, Уладзімерам Казлоўскім, Сяргеем Сьвірскім, праваабаронцам «Вясны» Ўладзімерам Вялічкіным і адным зь лідэраў пратэстоўцаў Дзям’янам Лепясевічам.

Пратаколы складзеныя за ўдзел у апошніх акцыях пратэсту супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Падчас мінулага пратэсту 21 красавіка нікога не затрымлівалі, аднак да пачатку акцыі і пасьля некаторыя актывісты атрымлівалі позвы зьявіцца ў міліцыю.

Многія актывісты маюць пратаколы за ранейшыя акцыі. 15 красавіка таксама меліся судзіць 14 чалавек, аднак большасьць судоў перанесьлі праз хадайніцтвы аб азнаямленьні са справай і аб неабходнасьці пошуку абаронцы.

Апошні раз суды праходзілі ў будынку Ленінскага РАУС Берасьця, дзе знаходзіліся затрыманыя актывісты і куды прыбыў судзьдзя Аляксандар Семянчук на выязное паседжаньне.​

На тыя паседжаньні не змаглі трапіць ні прадстаўнікі грамадзкасьці, ні сваякі затрыманых. Праваабаронцы напісалі скаргі старшыні Берасьцейскага абласнога суду на нядопуск грамадзкасьці на адкрытыя судовыя паседжаньні.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG