Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка памыліўся ў прагнозах вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне


Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка, 2015 год
Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка, 2015 год

Сьцісла

  • Выбары ва Ўкраіне моцна зацікавілі беларускае грамадзтва.
  • Лукашэнка вельмі ўважліва сачыў за ўкраінскай кампаніяй.
  • Кіраўнік Беларусі рабіў стаўку на Парашэнку, бо лічыў, што той мусіць выкарыстаць уладны рэсурс.
  • Зважаючы на фэномэн Зяленскага, Лукашэнка ў сваім стылі параўноўвае яго з сабою.

Прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне ўзбударажылі беларускае грамадзтва. Паводле майго ўласнага назіраньня, нават далёкія ад палітыкі людзі раптам выявілі вялікую цікавасьць да гэтай кампаніі. На гэта нават даводзіцца рэагаваць дзяржаўным мэдыям, каб неяк зьмікшыраваць эфэкт Украіны, нэўтралізаваць непатрэбныя паралелі з выбарамі ў Беларусі. Вось, напрыклад, у праграме «Галоўны эфір» (тэлеканал «Беларусь 1») дэмакратычны выбар украінскага народу назвалі «спэктаклем», «шоў». Маўляў, чым больш такіх спэктакляў, тым горш жывуць украінцы.

Цікавасьць да ўкраінскіх выбараў падагрэў сам Лукашэнка. Падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» 1 сакавіка ён заявіў:

«Новым прэзыдэнтам будзе Парашэнка. Абсалютна. Ён выйдзе ў другі тур, можа зь Зяленскім, можа яшчэ зь некім, але найпраўдападобней зь Зяленскім. І той, хто прагаласаваў за Зяленскага, — тыя за яго і прагаласуюць; а тыя, хто прагаласаваў за іншых, аддадуць галасы Парашэнку».

8 красавіка ў інтэрвію турэцкаму інфармацыйнаму агенцтву Anadolu Лукашэнка пацьвердзіў свой прагноз. Гэта адбылося пасьля першага туру, які паказаў, што грамадзкія сымпатыі ва Ўкраіне выразна схіляюцца на бок Уладзіміра Зяленскага. Тым ня менш кіраўнік Беларусі ўпарта працягваў прагназаваць перамогу Пятра Парашэнкі:

«Ніхто там нічога ня выйграў, пасьля першага туру лідзіруе Зяленскі, Парашэнка ад яго адстае. Як скончыцца другі тур, ніхто не наважыцца прадказаць. Я ўсё ж такі схільны думаць, што гэтыя прэзыдэнцкія выбары выйграе Парашэнка».

Лёгіка Лукашэнкі зразумелая. Каб дзейны прэзыдэнт прайграў прэзыдэнцкія выбары — гэта абсалютна ня ўпісваецца ў ягоныя палітычныя ўяўленьні. У гэтым палягае прырода памылковасьці ягонага прагнозу вынікаў украінскіх выбараў.

Больш за тое, у тым жа інтэрвію турэцкаму агенцтву Лукашэнка трохі расшыфраваў сваю ўпартую стаўку на Парашэнку. Згадваючы драматычны лёс экс-прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі, ён сказаў:

«Каб Парашэнку не давялося залазіць на дах і з даху заклікаць украінцаў абараніць яго, ён зробіць усё для таго, каб украінцы яго падтрымалі».

То бок, калі раскадаваць гэтую палітычную крыптаграму, то яна гучыць так: каб выратаваць сябе, Парашэнка мусіць прымяніць увесь свой уладны рэсурс і атрымаць патрэбныя вынікі выбараў. Так, як гэта робіцца ў Беларусі. І тое, што ўкраінскі прэзыдэнт гэтага ня змог зрабіць, Лукашэнку моцна зьдзівіла. Таму і памыліўся з прагнозам.

Зважаючы на фэномэн Зяленскага, Лукашэнка, зноў жа ў сваім фірмовым стылі, параўнаў яго з сабою. А з кім жа яшчэ параўноўваць? 1 сакавіка ён казаў:

«Гэта падобна да нашай перадвыбарчай кампаніі ў сярэдзіне 90-х. Нават я ня мог уявіць, што мяне абяруць прэзыдэнтам, а вось узялі і абралі. Людзі дрэнна адрэагавалі на тое, што адбывалася: бандытызм, страляніна, раскраданьне, карупцыя».

У суботу 20 красавіка, калі перамога Зяленскага была відавочная, Лукашэнка зноў зьвярнуўся да такога параўнаньня:

«Я таксама быў калісьці яшчэ маладзейшы і больш недасьведчаны, таму ці мне ацэньваць Зяленскага?».

Ня першы раз Лукашэнка імкнецца прымасьціцца да чужога электаральнага посьпеху. У 2008 годзе пасьля рэзананснай перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША Барака Абамы кіраўніку Беларусі захацелася нейкім чынам далучыцца да папулярнага амэрыканскага лідэра. І Лукашэнка прыдумаў:

«Ён (Абама. — Аўт.) — стопрацэнтны Лукашэнка, калі я прыйшоў да ўлады пасьля распаду Савецкага Саюзу».

То бок вы зразумелі: і Абама, і Зяленскі — гэта ўсяго толькі добрая ці дрэнная копія лідэра Беларусі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG