Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зьменяцца беларуска-ўкраінскія адносіны пасьля перамогі Зяленскага


Уладзімір Зяленскі, архіўнае фота
Уладзімір Зяленскі, архіўнае фота

Ва Ўкраіне завяршыўся другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. Ідзе падлік галасоў, але экзыт-полы паказваюць, што перамогу з істотным адрывам здабывае шоўмэн Уладзімір Зяленскі.

Свабода распытала беларускіх і ўкраінскіх палітолягаў аб прагнозах адносна беларуска-ўкраінскіх адносінаў пры новым прэзыдэнце Ўкраіны.

Сівіцкі: «Украіна можа стаць недружалюбнай адносна Беларусі»

Арсень Сівіцкі
Арсень Сівіцкі

Кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі выказаў засьцярогу: пры перамозе Ўладзімера Зяленскага існуюць сур’ёзныя рызыкі, што адносіны паміж Беларусьсю і Ўкраінай будуць перагледжаныя.

«Перш за ўсё гэта зьвязана з тым, што за Зяленскім стаіць алігарх Ігар Каламойскі, і відавочна, што пры Зяленскім будзе перафарматаваньне эканамічнага і палітычнага ляндшафту Ўкраіны. Гэта будзе зьвязана зь пераразьмеркаваньнем уплыву на эканоміку і палітыку сярод фінансава-прамысловых групаў. З улікам таго, што Парашэнка — асабісты вораг для Каламойскага, можна чакаць крокаў, накіраваных на пералом унутраных і зьнешніх дамоўленасьцяў, якія былі дасягнутыя пры Парашэнку за апошнія 5 гадоў.

Пры прыходзе да ўлады Зяленскага варта чакаць, што Беларусь пачнуць вышчамляць з рынку нафтапрадуктаў, дзяржзакупак, бо ў алігарха Каламойскага існуюць свае эканамічныя інтарэсы, якія, відавочна, будуць канфліктаваць зь беларускімі.

Існуе таксама рызыка пераўтварэньня Ўкраіны ў недружалюбную краіну для Беларусі, бо мы бачым, што Зяленскі перш за ўсё арыентуецца на расейскамоўны электарат, і ён як бы жадае сесьці за стол перамоваў з Масквой. Ёсьць рызыка, што ён пойдзе на значныя саступкі, у адрозьненьне ад Парашэнкі», — разважае Арсень Сівіцкі.

Вусаў: «Усё застанецца як ёсьць»

Павал Вусаў
Павал Вусаў

Палітоляг Павал Вусаў выказаў меркаваньне, што, на яго погляд, ніякіх радыкальных зьменаў не адбудзецца незалежна ад таго, хто стане прэзыдэнтам — Пятро Парашэнка ці Ўладзімер Зяленскі.

«Я мяркую, канфігурацыя адносін будзе залежаць ад таго, якую далейшую палітыку будзе праводзіць Лукашэнка — паглыбленьне нейкіх інтэграцыйных адносінаў з Расеяй, ці Расея ў выніку разрыву палітычных дамоўленасьцяў і выхаду з усіх праектаў з НАТО будзе імкнуцца ўключыць Беларусь у свой стратэгічны пояс, разьмясьціць нейкія адзінкі, базы і гэтак далей.

Так што двухбаковыя беларуска-ўкраінскія адносіны будуць залежаць ад таго, як будзе разгортвацца сытуацыя ў Беларусі.

Мы бачым, што для Ўкраіны вельмі важна захаваць прынамсі пэўную нэўтральнасьць Беларусі, калі мы кажам пра канфлікт унутры Ўкраіны, калі мы кажам агульна пра адносіны Ўкраіны з Расеяй.

На сёньняшні дзень адносіны паміж Беларусьсю і Ўкраінай дасягнулі максымуму пазытыву, які толькі можа быць дасягнуты ў сёньняшніх умовах. Таму ня будзе ні радыкальнага пагаршэньня, ні паляпшэньня. Усё застанецца як ёсьць», — дае прагноз палітоляг Павал Вусаў.

Магда: «Для Зяленскага беларуска-ўкраінскія адносіны ня будуць прыярытэтам»

Яўген Магда
Яўген Магда

Украінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту ўсясьветнай палітыкі Яўген Магда мяркуе, што ў Зяленскага няма дакладнай зьнешнепалітычнай праграмы.

«Зыходзячы з таго, што зьнешнепалітычная канцэпцыя Ўладзіміра Зяленскага — гэта terra incognita на сёньняшні момант, яна зусім незразумелая, я магу меркаваць, што ў сілу існуючых стэрэатыпаў беларуска-ўкраінскія адносіны для яго ня будуць прыярытэтам.

Проста калі ў чалавека на сёньняшні момант наагул няма ўцямнай, дакладнай зьнешнепалітычнай праграмы, то чакаць, што Беларусь, суседняя дзяржава з тысячакілямэтровай агульнай мяжой, стане прыярытэтам — гэта крыху наіўна. Мне, да прыкладу, хацелася б гэтага, але я ня думаю, што гэта магчыма.

Аляксандар Лукашэнка заяўляў: ён прагназуе, што прэзыдэнтам стане Пятро Парашэнка. Але зразумела, што калі ягоны прагноз не апраўдаецца, яму давядзецца працаваць і са спадаром Зяленскім, і яму будзе няпроста», — кажа Яўген Магда.

Прэйгерман: Праграма Зяленскага па зьнешняй палітыцы невядомая

Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман

Кіраўнік экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» Яўген Прэйгерман прагназуе, што прынцыпова адносіны ня зьменяцца ні пры перамозе Зяленскага, ні пры перамозе Парашэнкі, бо галоўнае ў адносінах паміж Беларусьсю і Ўкраінай — гэта тое, што навукоўцы называюць «структурнымі фактарамі»: аб’ектыўныя рэчы, абумоўленыя і геаграфіяй, і пэўнай неабходнасьцю для краінаў мець добрыя стасункі ў і гандлі, і ў больш шчыльным эканамічным супрацоўніцтве, і ў пляне бясьпекі.

«Падзеі апошніх гадоў паказалі, што Ўкраіна зацікаўленая, каб на яе паўночнай мяжы не было нейкіх прынцыповых праблем з пункту гледжаньня бясьпекі, абароны, нейкіх сур’ёзных рызыкаў, якія б паходзілі зь Беларусі.

Нават нягледзячы на тое, што Ўладзімір Зяленскі — зусім невядомы чалавек з палітычнага пункту гледжаньня, нягледзячы на камэнтары, якія рабіліся зь беларускага боку, я ня думаю, што гэта можа быць нейкай праблемай для таго, каб адносіны надалей разьвіваліся.

Натуральна, спачатку спатрэбяцца пэўныя намаганьні, каб прэзыдэнты змаглі ўсталяваць пэўны асабісты кантакт.

Адна з істотных рэчаў, пра якую Зяленскі больш-менш канкрэтна казаў (бо па большасьці праграмных пунктаў ён увогуле нічога не казаў) — Зяленскі хоча, каб перамовы ў менскім фармаце ня толькі працягваліся, але і напоўніліся новым сэнсам, энэргетыкай.

А што тычыцца Расеі, то Зяленскі ня кажа, што зьбіраецца ісьці на нейкія прынцыповыя саступкі, якія былі немагчымыя пры Парашэнку. Ён проста кажа, што гатовы размаўляць і што ня хоча абвастраць сытуацыю празь нейкія дадатковыя, можа, не зусім патрэбныя дыскусіі.

Але, зразумела, усё гэта мы можам пабачыць на практыцы, толькі калі ён пачне рэалізоўваць гэтыя абяцаньні. Таму што пакуль сапраўды паўнавартаснай праграмы па зьнешняй палітыцы ад яго не было», — кажа Яўген Прэйгерман.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG