Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальны экзыт-пол: Уладзімір Зяленскі абраны шостым прэзыдэнтам Украіны. ВІДЭА


Уладзімір Зяленскі

Паводле вынікаў Нацыянальнага экзыт-полу, які супольна праводзілі Фонд «Дэмакратычныя ініцыятывы», Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялёгіі і Ўкраінскі цэнтар эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, шостым прэзыдэнтам Украіны абраны актор і бінэсовец Уладзімір Зяленскі, за якога прагаласавалі 73 % выбарнікаў.

Зяленскі падзякаваў бацькам, жонцы, усім, хто яго падтрымаў, праваахоўным органам. «Я зараз хачу зьвярнуцца да ўсіх постсавецкіх краін. Паглядзіце на нас — усё магчыма», — сказаў Зяленскі


Нягледзячы на вельмі актыўную агітацыйную кампанію, якую праводзіў дзейны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка перад другім турам галасаваньня, яму не ўдалося пераадолець вялікі адрыў ад свайго апанэнта — за яго, паводле вынікаў Нацыянальнага экзыт-полу аддалі свае галасы 25,5 % выбарнікаў.

Пятро Парашэнка фактычна прызнаў сваю паразу і паабяцаў патэлефанаваць Уладзіміру Зяленскаму, каб яго павіншаваць: «Зараз, калі я бачу вынікі экзыт-полу, а яны відавочныя, і даюць падставу патэлефанаваць зараз майму апанэнту і павіншаваць яго». Разам з тым ён падкрэсьліў, што ягоная каманда будзе абараняць дасягненьні, атрыманыя за апошнія пяць гадоў, і найперш — эўрапейскі выбар і паўночнаатлянтычную інтэграцыю.

​​Як паведаміла ЦВК, у другім туры галасаваньня, паводле стану на момант закрыцьця выбарчых участкаў, узялі ўдзел 61,56 % грамадзян, уключаных у сьпіс выбарнікаў.

Першым прэзыдэнтам Украіны быў Леанід Краўчук, другім два тэрміны запар быў Леанід Кучма, пасьля Аранжавай рэвалюцыі трэцім прэзыдэнтам стаў Віктар Юшчанка, чацьвётым быў зрынуты пад час Рэвалюцыі Годнасьці Віктар Янукоувіч, пятым прэзыдэнтам пакуль яшчэ зьяўляецца Пятро Парашэнка. Такім чынам Уладзімер Зяленскі становіцца шостым прэзыдэнтам за гісторыю незалежнай Украіны.

Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне

  • Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
  • Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
  • У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
  • Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
  • Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
  • Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
  • Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
  • Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
  • Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG