Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На нас ставіцца экспэрымэнт». Украінскія інтэлектуалы пра фэномэн Зяленскага


Паводле апытаньняў грамадзкай думкі ва Ўкраіне перад другім турам галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах, падтрымка ўкраінскага электарату для шоўмэна Ўладзіміра Зяленскага больш чым у два разы перавышае падтрымку для дзейнага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі.

Што ж тычыцца ўкраінскіх інтэлектуалаў, яны ў пераважнай большасьці выступаюць супраць суперніка Парашэнкі, недвухсэнсоўна даючы зразумець суродзічам, што магчымы выбар Зяленскага прэзыдэнтам 21 красавіка 2019 году пагражае краіне непрадбачанымі і небясьпечнымі наступствамі.

Прапануем вам пазнаёміцца з рэакцыямі на выбарчыя настроі ва Ўкраіне з боку некаторых прадстаўнікоў украінскай інтэлектуальнай і культурнай эліты.

Юры Андруховіч, пісьменьнік

Юры Андруховіч
Юры Андруховіч

«З часу, калі ў нашай скажонай і пакамечанай палітычнай прасторы нарэшце акрэсьлілася новая і пакуль ня цалкам ясна пэрсаналізаваны істота пад нікам Штаб Зяленскага, зьявілася значна больш яснасьці. За гэта істоце ШЗ варта шчыра падзякаваць. У любым выпадку, асабіста я вельмі ўдзячны ёй за, напрыклад, гэтую заяву. [Штаб Зяленскага: Пытаньні веры, мовы, гісторыі трэба вынесьці за дужкі да заканчэньня вайны], у якой, нягледзячы на неахайнае карыстаньне выразам „выносіць за дужкі“, даволі выразна прарэзаўся сэнс другога туру і майго ў ім галасаваньня.

Цяпер, пасьля эпахальнага вынясеньня за дужкі, стала ясна як Божы дзень: праект З не зьяўляецца нічым іншым, як софт-вэрсіяй старой Партыі рэгіёнаў. (…) Гэта ціхі рэванш старых палітычных профі пад прыкрыцьцём „апалітычнага“ коміка-навічка».

Крыніца тут.

Аксана Забужка, пісьменьніца

Аксана Забужка
Аксана Забужка

«Сёння [7 красавіка — РС] — дзень нараджэньня Васіля Галабародзькі. Аднаго з самых выбітных мастакоў, якога падарыла сьвету луганская зямля. Аднаго з самых таленавітых паэтаў нашага „задушанага Адраджэньня“ 1960-70-х. (…) У 2016-м, каб пра Галабародзьку забыліся зусім, у яго скралі імя [Забужка намякае на тое, што герой сэрыялу „Слуга народу“, ролю якога іграе кандыдат у прэзыдэнты Ўкраіны Ўладзмір Зяленскі, носіць у фільме прозьвішча Галабародзька — РС]». Гэбуха любіць такім чынам закрываць атакаваным народам «гештальт»: падмяняючы цяперашні фэйкам. І калі вы — як вам здаецца, грэбліва — называеце блазна з карпаратываў «Галабародзькам», як пэрсанажа сэрыялу (дарэчы, ці ў прававой дзяржаве такое выкарыстаньне імя жывога паэта не павінна стаць падсудных справай?) — гэта значыць, вас ужо падстрэлілі. Яшчэ не забілі, але ўжо зьлёгку паранілі на гэтай вайне, дзе найбольш трапныя бамбардзіроўкі вядуцца, пакуль, з тэлевізара».

Крыніца тут.

«Гэта тэхналёгія. Па-за ўсякім сумневам, Украіна чарговы раз стала на пярэднім краі гібрыднай вайны, называйце яе гібрыднай. Але на нас ставіцца экспэрымэнт, па вялікім рахунку, беспрэцэдэнтны. (…)

Упершыню менавіта цяпер і менавіта ва Ўкраіне 5,5 мільёна выбарнікаў прагаласавалі за галяграму, за віртуальнага кандыдата зь імем Уладзімір Зяленскі. Але мы ня ведаем, хто такі Уладзімір Зяленскі як палітык. Уладзімір Зяленскі — гэта сума пэўных пазытыўных эмоцый, зьвязаных з шоў-бізнэсам, з гумарам, з усьмешкай, з рэклямай, рэкляма таксама на пазытыве. Гэта віртуал, які непрыкметна і ненадакучліва ўкараняе вельмі агрэсіўную мову нянавісьці вуснамі свайго пэрсанажа… Гэта рэкляма расстрэлу парлямэнту».

Крыніца тут.

Паўло Грод, прэзыдэнт Сусьветнага кангрэсу ўкраінцаў

Паўло Грод
Паўло Грод

«Мяне часта пытаюцца, чаму вынікі галасаваньня былі настолькі рознымі сярод украінскіх грамадзян, якія пражываюць за мяжой, і ўкраінцаў, якія жывуць ва Ўкраіне.

Большасьць украінцаў, якія галасавалі за мяжой, разумеюць, што абавязкі прэзыдэнта Ўкраіны ў першую чаргу сканцэнтраваныя ў сфэрах абароны, бясьпекі і зьнешняй палітыкі. Яны таксама разумеюць, што ўкраінцы незадаволеныя хуткасьцю ўкараненьня рэформаў ва Ўкраіне, за якія адказвае парлямэнт і ўрад Украіны, і ў кастрычніку будзе магчымасьць прагаласаваць за адпаведныя зьмены падчас парлямэнцкіх выбараў.

Замежныя ўкраінцы разумеюць, наколькі важна, каб прэзыдэнт Украіны меў цьвёрдую пазыцыю, што Расея зьяўляецца агрэсарам і што Украіна рухаецца ў Эўропу, а таксама — гэта цяпер крытычна важна — каб міжнародная супольнасьць і далей была аб’яднаная ў падтрымцы Ўкраіны.

Мы ўсе разам на працягу мінулых пяці гадоў ўпарта працавалі над кансалідацыяй міжнароднай падтрымкі Ўкраіны і захаваньнем санкцый супраць Расеі. Усё, што было дасягнута, можа зьнікнуць вельмі хутка.».

Крыніца тут.

Андрэй Любка, пісьменьнік

Андрэй Любка
Андрэй Любка

«Здаецца, перад другім турам выбараў прэзыдэнта хтосьці зноў запускае тэхналёгію дзесяцігадовай даўнасьці, якая дапамагла Януковічу прыйсьці да ўлады: маўляў, абодва кандыдаты аднолькавыя, ні адзін зь іх не заслугоўвае падтрымкі, таму трэба сапсаваць бюлетэнь. Як і тады, сучасная тэхналёгія „я супраць усіх“ на справе азначае — супраць Украіны». (…)

Я не зьбіраюся нікога агітаваць за канкрэтнага кандыдата, заклікаю зразумець толькі, што на самой справе распаўсюджваньне пазыцыі «яны аднолькавыя» ўяўляе сабой тэхналёгію аднаго са штабоў, накіраваную супраць іншага кандыдата.

Хіба яны аднолькавыя? Адзін быў на Майдане, а іншага мы там ня бачылі; адзін выразна выступае за ўкраінскую мову, іншы — супраць так званай «украінізацыі»; адзін хоча весьці нас у ЭЗ і НАТО, іншаму ж здаецца, што там нас ніхто не чакае. Я не кажу, што якая-небудзь з гэтых двух пазыцый правільная або лепшая, проста адзначаю істотныя адрозьненьні ў пазіцыях кандыдатаў».

Крыніца тут.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG