Саюз беларускіх пісьменьнікаў паведаміў у фэйсбуку, што памёр перакладчык беларускай літаратуры на ўкраінскую мову і ўкраінскай на беларускую Валер Стралкп. Яму было 80 гадоў.
Валер Стралко вядомы шматлікімі перакладамі беларускай літаратуры на ўкраінскую мову і наадварот. Сярод перакладзеных ім беларускіх аўтараў — Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч ды іншыя.
У 2003 годзе ўзнагароджаны Міжнароднай літаратурнай прэміяй імя Івана Франко за пераклады на беларускую мову твораў Тараса Шаўчэнкі, Лэсі Ўкраінкі, Івана Франко і сучасных украінскіх аўтараў, а таксама літаратурнай прэміяй імя Кандрата Крапівы за пераклад паэмы «Тарас на Парнасе» на ўкраінскую мову.
У 2006 годзе ўзнагароджаны Нацыянальным саюзам пісьменьнікаў Украіны мэдалём «Ганаровая адзнака» за істотны ўнёсак у адраджэньне духоўнасьці і асабістыя дасягненьні ў літаратурнай творчасьці.
У 2013 годзе ляўрэат Міжнароднай літаратурна-мастацкай прэміі імя Рыгора Скаварады за вялікую падзьвіжніцкую працу з мэтай збліжэньня ўкраінскай і беларускай літаратураў.