Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расеец багацейшы за беларуса на 47 бігмакаў, але жыве горш. Чаму так


Міліцэйскі рэйд у менскі «МакДональдз», 2016 год

У штогадовым пасланьні да Фэдэральнага сходу прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін згадаў Беларусь толькі парай словаў. Затое актыўна апэляваў да лічбаў, якія сьведчаць пра эканамічны стан Расеі.

Мы супаставілі расейскія дадзеныя з афіцыйнымі беларускімі, каб разабрацца, каму лепей жыць.

Дзе болей людзей за мяжой беднасьці

«Нагадаю, у 2000 годзе за яе [беднасьці] мяжой знаходзілася больш за 40 мільёнаў чалавек, — казаў Пуцін. — Цяпер — каля 19 мільёнаў, але і гэта занадта шмат, занадта шмат. А ў нас была сытуацыя, калі гэтая колькасьць пайшла да 15 мільёнаў, цяпер трошкі зноў узьнялася».

Калі верыць лічбам, названым Пуціным, выходзіць, што ў Расеі за мяжой беднасьці цяпер каля 12,9% насельніцтва. Яшчэ ў чэрвені 2017 году гаворка ішла пра 15% — 22 мільёны.

У Беларусі ж, паводле зьвестак Белстату, за мяжой беднасьці 5,6%. Пры тым, што заробкі ў сярэднім па Расеі вышэйшыя за беларускія.

Заробкі ў Расеі большыя за «па пяцьсот»?

Атрымаць актуальную статыстыку пра эканоміку Расеі няпроста. Калі Белстат публікуе сярэднія заробкі штомесяц, то ў Расстату апошнія лічбы па сярэдніх заробках — за жнівень мінулага году.

Калі ўзяць беларускія і расейскія сярэднія заробкі за той жнівень і перавесьці іх у даляры па сярэдняжнівеньскім курсе нацыянальных банкаў, выходзіць 484,12 даляра ў Беларусі і 667,05 даляра ў Расеі.

Але статыстыка па сярэдніх заробках скажае карціну за кошт вельмі багатых людзей. Тое, колькі атрымлівае сярэднестатыстычны чалавек, лепей паказвае мэдыянны заробак (колькі атрымлівае чалавек, адносна якога палова людзей у краіне зарабляе менш, а палова — больш).

У Расеі такая статыстыка афіцыйна не публікуецца, але на пачатку сьнежня 2018 году РИА Рейтинг (частка дзяржаўнага холдынгу «Россия сегодня») ацэньвала мэдыянны заробак расейцаў (калі перавесьці ў даляры па курсе на лістапад) у 399,49 даляра. Белстат сьцьвярджаў у лістападзе, што мэдыянны заробак быў роўны 353,86 даляра.

Мінімальны заробак у Расеі на пачатак 2019 году — 169,59 даляра, у Беларусі толькі крыху меншы — 159,96 даляра. А бюджэт пражытковага мінімуму ў Расеі значна большы: 157,13 даляра супраць беларускіх 100,54 даляра.

«Рэйтынг бігмака» — перамагаюць расейцы, але ня ўсе

Часопіс The Economist у 1986 годзе прыдумаў параўноўваць парытэт пакупніцкай здольнасьці па знаёмым усім прадукце — бургеры Big Mac з рэстарацыяў McDonalds.

Ідэя такая: гэты бургер прадаюць амаль у кожнай краіне сьвету, інгрэдыенты паўсюль амаль аднолькавыя, а ў цану бігмаку, якая аднолькавая па ўсёй краіне, уваходзяць і кошт інгрэдыентаў, і заробкі працаўнікоў, і лягістыка, і шмат чаго яшчэ.

Пераправерым рэйтынг па актуальных зьвестках. Што ў мінулым жніўні, што цяпер бігмак у Расеі каштуе 130 расейскіх рублёў (1,95 даляра), у Беларусі — 4,70 рубля (2,18 даляра). Гэта значыць, на сярэдні заробак у Расеі можна купіць 339 бігмакаў, у Беларусі — толькі 210. На мэдыянны заробак — 206 у Расеі і 159 у Беларусі.

Ды трэба памятаць: наўрад ці хоць адзін бігмак сабе могуць дазволіць 5,6% беларусаў і 12,9% расейцаў.

Дык хто жыве лепей?

Якасьць жыцьця вызначаецца ня толькі высокімі заробкамі або добрымі суадносінамі заробкаў ды цэнаў. Тэарэтычна, людзі могуць зарабляць шмат, але быць хворымі і неадукаванымі. Таму існуе нямала міжнародных рэйтынгаў, якія ўлічваюць ня толькі фінансы.

Адзін з самых папулярных «шырэйшых» рэйтынгаў — «Індэкс чалавечага разьвіцьця» (да нядаўняга часу зваўся «Індэксам разьвіцьця чалавечага патэнцыялу»). Яго ад 1990 году публікуе Праграма разьвіцьця ААН. Рэйтынг улічвае валавы нацыянальны даход на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці, чаканую працягласьць жыцьця і колькасьць гадоў, аддадзеных на навучаньне.

Тут Беларусь і Расея маюць прыблізна роўную колькасьць балаў, але Расея крыху абганяе: займае ў сьвеце 49-е месца, а Беларусь — 53-е. Паміж Беларусьсю і Расеяй у рэйтынгу — Чарнагорыя, Баўгарыя і Румынія.

Але ёсьць і рэйтынгі, якія ўлічваюць значна больш парамэтраў. У іх ліку нядаўна абноўлены «Рэйтынг якасьці жыцьця», які складаюць незалежныя дасьледчыкі кампаніі Numbeo на аснове іншых рэйтынгаў.

У гэтым рэйтынгу Беларусь займае даволі высокае 37-е месца ў сьвеце — якасьць жыцьця па суме паказьнікаў амаль як у Румыніі і нязначна горшая за Італію і Польшчу. Расея ж заўважна адстае: яна на 59-м месцы з амаль тымі ж баламі, што Пакістан.

Калі паглядзець у разгорнутыя табліцы, можна пабачыць: у Расеі амаль тыя самыя, што ў Беларусі, пакупніцкая здольнасьць, цана жыцьця і цана на жытло, а таксама якасьць аховы здароўя. Але пры тым у Расеі адчувальна горш, чым у Беларусі, стаяць справы з кліматам і забруджанасьцю, транспартам і бясьпекай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG