Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонцы, якія маюць менш за «па пяцьсот», прызнаныя беднымі


Эстонцы, ілюстрацыйнае фота

У Эстоніі праблема з ростам беднасьці, паведамляе Delfi: у мінулым годзе ў «параўнальнай беднасьці» жылі 22,6% насельніцтва, паказьнік вырас на 1,6 адсоткавых пункты да 2016 году.

Справа ў тым, што даходы насельніцтва расьлі павольней за ўмоўную эстонскую «мяжу адноснай беднасьці». Калі ў 2016 годзе гэтая мяжа была выстаўленая на 469 эўра, то ў 2017-м яе пасунулі да 523 эўра. Гэтая мяжа вызначаецца як 60% мэдыяннага чыстага даходу за год (не сярэдняга даходу па краіне, а даходу сярэднестатыстычнага чалавека, адносна якога палова краіны мае больш, а палова менш).

Абсалютна беднымі эстонцамі лічыліся тыя, хто на 2017 год меў чысты даход, меншы за 207 эўра (у 2016 годзе — 200 эўра). Такіх на 2017 год было 3,4% насельніцтва (плюс 0,2 адсоткавыя пункты да 2016-га). Безь дзяржаўных выплатаў у «параўнальнай беднасьці» на 2017 год аказаліся бы 38,5% насельніцтва, у абсалютнай — 22,8%.

Сярэдні налічаны заробак у Эстоніі у III квартале 2018 году складаў 1291 эўра — 7,51 эўра на гадзіну.

Сярэдні заробак у Беларусі ў кастрычніку (гэта пачатак IV кварталу) склаў, паводле Белстату, 999,7 рублёў або 409,38 эўра паводле афіцыйнага курсу на кастрычнік. Аляксандар Лукашэнка ўжо больш за 10 гадоў абяцае беларусам заробкі «па пяцьсот» даляраў (апошнім часам кажа «па тысячы рублёў»).

Рэальныя даходы амаль 90% беларусаў трымаюцца ніжэй за 800 рублёў або 336 эўра. Меней за 207 эўра (каля 500 рублёў) даходаў мае 61,4% беларусаў.

Мяжой беднасьці ў Беларусі лічыцца бюджэт пражытачнага мінімуму — цяпер 214,21 рубля або 88,77 эўра (у III квартале было 213,67 рубля або 89,78 эўра). За мяжой беднасьці ў III квартале жылі 5,6% беларусаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG