Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Румас паскардзіўся на надвор’е і яшчэ 5 праблемаў беларускай эканомікі


Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас, архіўнае фота

На паседжаньні Савету міністраў 30 кастрычніка кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Румас пералічыў пазытыўныя і нэгатыўныя моманты ў беларускай эканоміцы, а таксама назваў дзьве вобласьці, у якіх статыстыка выдае праблемы.

  • Прэм’ер адзначыў, што інфляцыя ў Беларусі трымаецца ў «зададзеных парамэтрах», на ўзроўні 3,7% да сьнежня летась (Нацыянальны банк і МВФ чакаюць, што за 2018 год інфляцыя не перавысіць 5,5%). Але Румас таксама заўважыў усплёск інфляцыі ў верасьні — і папрасіў міністра гандлю і «ўсіх кіраўнікоў» «узяць пад узмоцнены кантроль сытуацыю з цэнамі».
  • У экспарце тавараў і паслуг назіраецца рост (сёлета ў студзені-жніўні плюс 18,3% да таго ж пэрыяду летась), і гэты рост адбываецца па ўсіх групах тавараў. Але аб’ёмы імпарту пачынаюць даганяць аб’ёмы экспарту. Сальда замежнага гандлю застаецца дадатным, плюс 580 млн даляраў, але меншым за леташняе ў той жа пэрыяд на 210 млн.
  • Рост валавога ўнутранага прадукту лепшы за прагноз: чакалі плюс 3,3% за студзень-верасень, а выйшла 3,7%. Дзяржава зарабіла больш, чым патраціла: прафіцыт бюджэту склаў 3,38 млрд рублёў, або 3,8% да ВУП. За запазычанасьці ўдаецца разьлічвацца. Але тэмпы росту ВУП запавольваюцца.
  • Гомельская і Магілёўская вобласьці ня выканалі ключавых паказьнікаў эфэктыўнасьці па ВУП. Яны церпяць ад зьніжэньня аб’ёмаў сельскагаспадарчай вытворчасьці, абганяюць іншыя вобласьці паводле росту выдаткаў, але адстаюць паводле росту экспарту тавараў.
  • Празь «няпростыя ўмовы надвор’я» зьнізіўся ўраджай збожжавых і бабовых культураў. У расьлінаводзтве, казаў Румас, «праселі на 4,1%», але ў чым менавіта адбылося падзеньне, прэм’ер не ўдакладніў.
  • У будаўнічай галіне агулам расьце аб’ём вытворчасьці, але аб’ёмы будаўніцтва жытла скараціліся на 8,9%, «ёсьць праблемы з выкананьнем заданьняў у экспарце паслугаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG