Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі каштавала б раздача ўсім сем’ям дзяржаўных сьцягоў — ідэя, падтрыманая Лукашэнкам


Урачыстая цыпымонія прынясеньня Прысягі курсантаў першых курсаў Акадэміі МУС, 30 жніўня. Ілюстрацыйнае фота

Ёсьць варыянты — ад сотні тысячаў даляраў да дзясяткаў мільёнаў. Толькі калі перад раздачай спытаць насельніцтва, каторы сьцяг ім трэба, вынікі могуць быць нечаканыя для Лукашэнкі. Ён перакананы, што бальшыні трэба чырвона-зялёны.

На сустрэчы прадстаўнікоў Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі з Аляксандрам Лукашэнкам, прысьвечанай стагодзьдзю савецкага камсамолу, асьпірантка Інстытуту біяарганічнай хіміі Анастасія Лапко прапанавала раздаць кожнай сям’і ў час перапісу насельніцтва па дзяржаўным сьцягу.

Яна паказала Лукашэнку сьцяг, які ўзьняла над горамі Эльбрус і Кіліманджара, але адзначыла, што гэта цяпер сямейная рэліквія, таму яна ня можа падарыць сьцяг Лукашэнку. Той на гэта адказаў: «Якая сквапная! Калі вы трымалі сьцяг у руках, думаў, ну хоць патрымаць дасі, памацаць».

Ідэю раздаць сьцягі кожнай сям’і ён назваў добрай, паабяцаў ажыцьцявіць і даручыў заняцца ёю кіраўніцы сваёй адміністрацыі Натальлі Качанавай, адзначыўшы, што «ня ўсе сем’і захочуць атрымаць гэты сьцяг — на жаль, ёсьць і іншыя, але ня будзем на іх зацыклівацца, бог ім судзьдзя».

Возьмем калькулятар

Колькі ў Беларусі сем’яў у 2018 годзе, не паведамляецца. Гэта бывае дакладна вядома зь перапісаў насельніцтва, а акурат падчас перапісу ў кастрычніку 2019 году і зьбіраюцца раздаваць сьцягі.

Але перапіс 2009 году ў Беларусі зафікскаваў (PDF) 3,873 млн хатніх гаспадарак — групаў асобаў, якія супольна жывуць у памяшканьні (у тым ліку асобаў, якія жывуць самотна). З таго часу ў Беларусі на 21,7 тысячы чалавек паменела, але з улікам паступовага падзеньня сярэдняга памеру хатніх гаспадарак (2,6 чалавека ў 1999 годзе і 2,4 у 2009-м) можна лічыць, што колькасьць хатніх гаспадарак зьменіцца нязначна.

Пытаньне ў тым, якія сьцягі раздаваць гэтым амаль чатыром мільёнам.

Пасьля масавых дзяржаўных захадаў чырвона-зялёныя сьцяжкі часта аказваюцца ў сьметніцах. Тэарэтычна гэта можна ацаніць як злачынства, «зьдзек зь дзяржаўнай сымболікі». Паводле арт. 370 КК РБ за гэта могуць аштрафаваць ці нават прысудзіць абмежаваньне волі на год. Але за сьцяжкі ў сьметніцах пакуль нікога не судзілі. На фота: сьцяжкі ў сьметніцы пасьля «першамаю» 2014 году
Пасьля масавых дзяржаўных захадаў чырвона-зялёныя сьцяжкі часта аказваюцца ў сьметніцах. Тэарэтычна гэта можна ацаніць як злачынства, «зьдзек зь дзяржаўнай сымболікі». Паводле арт. 370 КК РБ за гэта могуць аштрафаваць ці нават прысудзіць абмежаваньне волі на год. Але за сьцяжкі ў сьметніцах пакуль нікога не судзілі. На фота: сьцяжкі ў сьметніцы пасьля «першамаю» 2014 году

Папяровыя сьцяжкі 21 на 10 см, якія на дзяржаўныя сьвяты раздаюць на вуліцах, прадаюцца прыватнымі кампаніямі мінімум па 44 капейкі пры замове ад 50 асобнікаў. Але пры буйнейшых партыях цэны падаюць — у Расеі можна замовіць партыі сьцяжкоў па 10 тысячаў асобнікаў крыху даражэй за 2 расейскія рублі або 7 беларускіх капеек за сьцяжок.

Калі гэтыя 7 капеек памножыць на колькасьць хатніх гаспадарак, атрымаецца ўсяго 271 тысяча рублёў. Калі ўзяць з запасам 4 млн — з улікам таго, што частка сьцяжкоў можа папсавацца або згубіцца — выйдзе 280 тысячаў рублёў, або 116,2 тысячы даляраў.

Ня толькі Анастасія Лапко падымаліся на Кіліманджара са сьцягам — да яе туды забіраліся і зь бел-чырвона-белым. На фота: Вольга Альфер дэ Фэрнандэс, 2016 год
Ня толькі Анастасія Лапко падымаліся на Кіліманджара са сьцягам — да яе туды забіраліся і зь бел-чырвона-белым. На фота: Вольга Альфер дэ Фэрнандэс, 2016 год

Але аўтарка ідэі раздачы сьцяжкоў Анастасія Лапко падымалася на Кіліманджара і Эльбрус не з папяровым сьцяжком, а зь вялікім сьцягам з тканіны. Дакладныя памеры таго сьцяга невядомыя, але вядома, напрыклад, што ў прыватных крамах найбольшы попыт на поліэстэравыя сьцягі памерам 75 на 150 см.

Такія сьцягі ўжо даражэйшыя. Партыі ад 1000 асобнікаў каштуюць у Расеі каля 400-500 расейскіх рублёў (у Беларусі не ўдалося знайсьці прапановы, таньнейшыя за расейскія). Найтаньнейшыя, што ўдалося знайсьці, гэта 318,6 расейскага рубля за асобнік пры замове ад тысячы, або 10,24 беларускага рубля. Калі браць чатыры мільёны, каб на кожную хатнюю гаспадарку, то выйдзе амаль 41 млн рублёў, або 19,37 млн даляраў. Можна знайсьці таньнейшыя з Кітаю, але дастаўка ў такім разе можа кампэнсаваць розьніцу ў цане.

Пры гэтым на органы дзяржаўнай статыстыкі ў праекце бюджэту на 2019 год прапаноўвалі даць 53,44 млн рублёў — на сьцягі можа пайсьці з тры чвэрці гэтага бюджэту.

«Пераважная большасьць захоча атрымаць гэты сьцяг»? Папраўдзе невідавочна

Калі Лукашэнка згадваў «і іншыя» сем’і, якія не захочуць браць чырвона-зялёны сьцяг («і бог ім судзьдзя»), ён упэўнена заявіў, што на гэтым ня трэба «зацыклівацца», бо «пераважная большасьць людзей з радасьцю возьмуць гэты сьцяг».

Выглядае, што гэта ня так. У Беларусі даволі шмат прыхільнікаў бел-чырвона-белага сьцяга, пад якім абвяшчалася незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе і Рэспублікі Беларусі ў 1991-м, а таксама герба «Пагоня», які быў дзяржаўным у БНР, Рэспубліцы Беларусі, а таксама ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Нават паводле афіцыйных вынікаў рэфэрэндуму 1995 году, толькі 75% падтрымалі прапанаваную Лукашэнкам крыху змадыфікаваную савецкую сымболіку.

Але той рэфэрэндум арганізоўваўся і праводзіўся з шматлікімі парушэньнямі заканадаўства і Канстытуцыі, парушэньні зафіксаваныя ці не на ўсіх выбарчых участках, дзе былі незалежныя назіральнікі, вынікі не зацьверджаныя Вярхоўным Саветам… І тое было 23 гады таму.

Як цяпер беларусы ставяццада дзяржаўнай сымболікі, невядома: такіх апытаньняў даўно не праводзілі незалежныя сацыёлягі. Але пасьля заявы Лукашэнкі пра раздачу сьцягоў самы чытаны інтэрнэт-партал Беларусі Tut.by правёў «УКантакце», самай папулярнай сацыяльнай сетцы Беларусі, апытаньне: «Які сьцяг вы былі б радыя атрымаць».

Долі галасоў у апытаньні Tut.by амаль не зьмяняюцца зь цягам часу
Долі галасоў у апытаньні Tut.by амаль не зьмяняюцца зь цягам часу

Калі выключыць жыхароў іншых краінаў, людзі зь Беларусі галасавалі так: на момант публікацыі 37,34% былі бы радыя атрымаць чырвона-зялёны сьцяг, а 62,66%бел-чырвона-белы.

Сетку «ЎКантакце» часта называюць хутчэй моладзевай — маўляў, старэйшых там мала. Але сярод старэйшых за 35 гадоў у тым апытаньні толькі 26,58% за чырвона-зялёны сьцяг і 73,42% — за бел-чырвона-белы.

Праўда, ёсьць вялікая розьніца ў адказах залежна ад полу: за бел-чырвона-белы сьцяг роўна дзьве траціны мужчынаў і толькі палова жанчын.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG