Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адну рэзыдэнцыю Лукашэнкі зробяць гісторыка-культурнай каштоўнасьцю? БРСМ прапанаваў, Лукашэнка згадзіўся


Палац Незалежнасьці, 2017 год

На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 29 кастрычніка прадстаўнікі БРСМ прапанавалі надаць палацу Незалежнасьці статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, піша БелТА.

Аляксандар Лукашэнка ня выключыў, што гэта адбудзецца:

«Пройдзем гэты шлях спакойна, — сказаў Лукашэнка пра статус каштоўнасьці для палацу Незалежнасьці. — Ёсьць пэўныя працэдуры, і калі гэтая ідэя будзе падтрыманая да прэзыдэнта, я пагаджуся».

А так можна?

Тэарэтычна так.

Статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці ў Беларусі маюць тысячы аб’ектаў, у тым ліку будынкаў. Сярод іх нямала не старажытных, а адносна сучасных, ад жылых дамоў 1950–1980-х гадоў да параўнальна нядаўніх помнікаў (у Менску — помнік Калініну 1978 году, мэмарыял «Яма» ў памяць ахвяраў Галакосту 2000 году). Звычайна такія помнікі атрымліваюць «нізкую» трэцюю катэгорыю як помнікі рэгіянальнага (не рэспубліканскага ці міжнароднага) значэньня.

Пытаньне аб наданьні статусу разглядае навукова-мэтадычная рада пры міністэрстве культуры, на фармаваньне і склад рады грамадзтва ня мае простага ўплыву. Напрыклад, герб «Пагоня» ў Беларусі прызнаны нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, а надаць аналягічны статус бел-чырвона-беламу сьцягу адмаўляюцца, нягледзячы на больш як 10 тысячаў подпісаў.

Прызнаць будынак гісторыка-культурнай каштоўнасьцю можна, калі камісія вырашыць, што ён, напрыклад, ёсьць «адным з фактараў фармаваньня нацыянальнага мэнталітэту», «эпічным творам, створаным або істотна пераасэнсаваным і відазьмененым народам Беларусі», «выдатным мастацкім творам, шэдэўрам, створанымі і (або) прызнанымі за межамі Рэспублікі Беларусь», «выдатным ці арыгінальным вынікам творчага або навукова-тэхнічнага экспэрымэнту», «рэдкім або выдатным узорам створанага чалавекам асяродзьдзя», «непасрэдна зьвязаныя з жыцьцём і дзейнасьцю выдатных асобаў сьвету і Рэспублікі Беларусь» і гэтак далей.

Статус помніка (разам з усім кварталам) ужо мае рэзыдэнцыя, якая да нядаўняга часу лічылася асноўнай, — будынак на Карла Маркса, 38, ля Аляксандраўскага сквэру. Яго будаўніцтва пачатае ў 1939 годзе, у розныя пэрыяды пакручастае гісторыі ў ім месьціліся ЦК КПБ, нямецкі генэральны камісарыят, а ў пачатку 1990-х Вярхоўны Савет незалежнай Беларусі.

Старая рэзыдэнцыя Лукашэнкі на вуліцы Карла Маркса
Старая рэзыдэнцыя Лукашэнкі на вуліцы Карла Маркса

Навошта гэты статус

Сам статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці фармальна бароніць будынак ці помнік ад пашкоджаньня. На кожнай матэрыяльнай каштоўнасьці мае вісець шыльда з папярэджаньнем: «пашкоджаньне караецца…».

Але нярэдка бывае, што гісторыка-культурным каштоўнасьцям шкодзіць сама дзяржава — як тое было з Вайсковымі могілкамі ў Менску. Гісторыка-культурная каштоўнасьць можа трэснуць або проста разваліцца, можа быць зьнесеная праз давядзеньне да занядбанага стану.

Статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці не абараніў капліцу ў Сынкавічах ад частковага «эўрарамонту» і «маскоўскай цыбуліны»
Статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці не абараніў капліцу ў Сынкавічах ад частковага «эўрарамонту» і «маскоўскай цыбуліны»

Нават калі нейкая арганізацыя сыстэматычна перабудоўвае архітэктурныя помнікі, нейкіх надзвычайных захадаў не прымаюць. Так, летам Міністэрства культуры заўважыла незаконную дабудову пазалочаных «маскоўскіх цыбулінаў» на беларускіх храмах, напісала ў Беларускі экзархат РПЦ ліст з распараджэньнем «прыняць неабходныя захады» для прыцягненьня вінаватых да адказнасьці і прывядзеньня помнікаў у адпаведнасьць з гістарычным абліччам. Але вяртаньне гістарычнага выгляду цэрквам пакуль не пачалося.

Што такое палац Незалежнасьці

Будынак на менскім праспэкце Пераможцаў будаваўся сакрэтна і пад аховай міліцыі зь лета 2011 году па кастрычнік 2013-га. Прызначэньне будынку не абвяшчалася падчас будаўніцтва — яно стала вядомае толькі тады, калі на будынку зьявіўся надпіс «Рэзідэнцыя прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Цяпер Аляксандар Лукашэнка працуе і прымае гасьцей там. Таксама там праводзяць выставы, якія наведвае Лукашэнка. Трапіць туды на экскурсію нельга.

Колькі каштавала пабудова, невядома. Лукашэнка сьцьвярджаў, што палац збудаваны «не за бюджэтныя грошы», але афіцыйна 50% фінансаваньня выдаткоўвалася з агульнадзяржаўнага бюджэту і 50% — зь менскага гарадзкога.

Гэтай восеньню Лукашэнка прапанаваў Узбэкістану збудаваць амбасаду насупраць палацу Незалежнасьці, але з агаворкай: «калі рызыкняце».

Былы прэзыдэнт Францыі называў залі палацу Незалежнасьці «бяздушнымі», але міністар замежных справаў Беларусі заступіўся за будынак: маўляў, кожны афіцыйны будынак «наўрад ці мае нейкую душу». Ён, казаў міністар, мо і горшы за францускі Элізэйскі палац, але, «ну выбачайце», Францыю ў Другой усясьветнай вайне «фашысты пратапталі менш як за месяц», таму там захаваліся старадаўнія палацы, а Беларусь пасьля вайны ляжала ў руінах. Таму палац Незалежнасьці трэба паважаць, «як бы хто да яго ні ставіўся».

На сайце belarus.by будынак называецца «адным з самых статусных і ўзрушальных збудаваньняў сучаснага Менску, сымбалем дзяржаўнага сувэрэнітэту і дасягненьняў беларускіх прафэсіяналаў». Тэарэтычна закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» не забараняе прызнаць будынак гісторыка-культурнай каштоўнасьцю за такія якасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG