Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі касьцёл Сьвятога Роха даў трэшчыны. Абвясьцілі тэрміновы збор грошай


Замена даху касьцёлу Сьвятога Роха ў 2015 годзе
Замена даху касьцёлу Сьвятога Роха ў 2015 годзе

Сьцены касьцёла Сьвятой Тройцы (таксама вядомага як касьцёл Сьвятога Роха) на менскай Залатой горцы далі трэшчыны, патрэбен тэрміновы рамонт. На яго пачалі зьбіраць грошы на сайце Talaka.by.

На сродкі вернікаў раней быў заменены дах, але гэтага недастаткова. Апошні капітальны рамонт касьцёла адбыўся ў 1986 годзе. Цяпер трэба сабраць 21 тысячу рублёў.

За ахвярадаўцаў будуць цягам пяці месяцаў служыць імшу, пры ахвяраваньні ад 10 рублёў абяцаюць памятныя паштоўкі, ад 50 рублёў — альбом пра сьвятыню на беларускай мове. Збор сродкаў падтрымаў журналіст Глеб Лабадзенка.

Як кажа Свабодзе пробашч касьцёла Юры Санько, будынак яшчэ не ў катастрафічным стане, пакуль не развальваецца, але рамонт патрэбен:

Юры Санько на будаўнічай пляцоўцы каля касьцёлу, 2015 год
Юры Санько на будаўнічай пляцоўцы каля касьцёлу, 2015 год

«Першы этап захаваньня будынка быў зроблены, калі мы пачалі зьмяняць дах, — расказвае Санько. — Раней была зробленая няправільна ўся сыстэма даху, ціснула не на тыя калёны, што існуюць, а на саму столь. Ад гэтага касьцёл пачало „разрываць“. У 2015-м мы замянілі дах і ўзмацнілі сьцены.

Цяпер ужо апошні этап, менавіта каб давяршыць справу, зашыць трэшчыны знутры. Гэта не пагражае будынку аж так, што заўтра-пасьлязаўтра вываліцца цагліна. Але хочацца зрабіць, каб было па-боску».

Трэшчыны ў сьценах касьлёла
Трэшчыны ў сьценах касьлёла

Касьцёл, узьведзены ў 1861-1864 гадах, мае афіцыйны статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, ахоўваецца дзяржавай. Але, як кажа пробашч, уласьнікі будынка ня хочуць «хадзіць шукаць нешта» ад дзяржавы, а «як гэта было ва ўсе часы, сабраць талакой вернікаў», бо гэта будзе нашмат прасьцей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG