Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і ягоныя «фэшн-мадэлі» выбралі бульбу ў Драздах. Рэкордны ўраджай для Беларусі

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка зьбірае кавуны і бульбу зь дзяўчынамі са «службы пратаколу»

Увечары 5 верасьня Аляксандар Лукашэнка пасьля «асноўнай працы» займаўся зборам ураджаю ў сваёй жылой рэзыдэнцыі ў Драздах. Талакой капалі бульбу і зьбіралі кавуны.

Як падае прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі, нягледзячы на засушлівае лета, ураджай гаспадара парадаваў: з паўтара гектара сабралі 60 тон бульбы. Іншымі словамі, ураджайнасьць склала 400 цэнтнэраў з гектара.​

Бізнэсовец, лекар, мадэль. Каго эксплюатавалі ў рэзыдэнцыі

Для параўнаньня: у дзяржаўным сэктары самы высокі паказьнік па бульбе па выніках мінулага сэзону быў на Гарадзеншчыне — 362 цэнтнэры з гектара. А вось Магілёўская і Гомельская вобласьці недацягнулі і да 300 — адпаведна 271 і 230. Нават Берасьцейшчына, дзе кліматычныя ўмовы ўжо параўнальныя з цэнтральнай Украінай, мела 317. Чым апрацоўвае свае надзелы Лукашэнка, што ўраджай ледзь не ў паўтара раза большы, чым на ягонай радзіме?

«Думаю, тут падвоху ніякага няма, такая ўраджайнасьць цалкам можа быць, гляджу нават па сваёй бульбе, — адзначае Свабодзе фэрмэр зь Меншчыны Ўладзімер Матусевіч. — Іншая справа, што асабістай заслугі Лукашэнкі ў гэтым ніякай: ён жа сам тыя культуры не саджае, не апрацоўвае. Працуе цэлая брыгада сэлекцыянэраў, аграномаў, даглядчыкаў. Пры такім падыходзе як мінімум 500 цэнтнэраў мусяць быць!»

Як вынікае зь відэа, апублікаванага на прэзыдэнцкім сайце, у бітве за ўраджай была задзейнічана сучасная тэхніка — бульбаўборачныя камбайны і самазвалы. А вось сартавалі элітную бульбу ўручную. Асабліва шчыравалі дзяўчаты мадэльнай зьнешнасьці. Сярод дзясятка працаўніц можна пазнаць прэсавую сакратарку прэзыдэнта Натальлю Эйсмант, ягоную лекарку Сьвятлану Канашэнку, былую гімнастку Ксенію Санковіч, а таксама маладзіц са службы дзелавога пратаколу на чале зь пераможцай конкурсаў прыгажосьці і грацыі Дар’яй Шманай.

Уладзімер Матусевіч не выключае, што добрая частка работніц упершыню сутыкнуліся з «жывой бульбай», пра што сьведчаць і іх «спэцвопратка» — дарагія трэнавальныя касьцюмы і красоўкі. Зрэшты, не адставаў і сам Лукашэнка, які насыпаў мяхі ў брэндавай майцы Lacoste.

«Пра маральны бок не хачу нават гаварыць — для каго ўся гэтая карцінка… Вось калі яго ня стане, тады будзем абсмоктваць костачкі — з кім спаў, што еў, які быў лянівы. Як любога дыктатара, што заседзеўся на сваім месцы. Ён жа не сьвяты! Таму чым забаўляцца, хай бы лепш падумаў пра дзяцей і ўнукаў, якім яшчэ жыць і цярпець людзкія кпіны…»

Каровы, козы, авечкі. Каго трэба накарміць на прэзыдэнцкай фэрме

Таксама ўбіралі на прэзыдэнцкай бахчы: Аляксандар Лукашэнка асабіста камандаваў, які кавун сьпелы, а які яшчэ мусіць набрацца водару. Раней ён пераконваў, што кавуны зь ягонага гароду «смачнейшыя за астраханскія».

Традыцыйна гаспадару плянтацыі дапамагалі «валянтэры». Гэтым разам яўна бракавала мужчынскі рук: не дапамагалі бацьку ягоныя сыны, адсутнічаў адзін са сталых удзельнікаў драздоўскага агра-шоў бізнэсовец Аляксандар Шакуцін. Затое ў кадры заўважаны Юры Чыж, які нейкі час адсутнічаў пры публічных зьяўленьнях блізкага кола Лукашэнкі.

У кузаў грузавіка паласатыя ягады шпурлялі загартаваныя людзі спорту: галоўны трэнэр хакейнага клюбу «Юнацтва» Міхаіл Захараў і старшыня Беларускай тэніснай фэдэрацыі Сяргей Цяцерын. З аналягічных 1,5 га сабралі больш за 40 тон кавуноў. І гэта толькі з аднаго поля, а іх некалькі. Таму давядзецца яшчэ вярнуцца.

Пасадка, касьба, дажынкі. Навошта Лукашэнку вясковыя клопаты

Таксама цягам лета Лукашэнка мабілізуе ў сваю рэзыдэнцыю касцоў-аматараў: апроч прадуктаў, трэба нарыхтаваць на зіму сена. У адным з інтэрвію Міхаіл Захараў расказваў, што ў Драздах пяць палёў, якія ў сэзон даводзіцца касіць ледзь не штодня: пакуль дойдзеш да апошняга, на першым зноў трава па пояс.

Навошта кіраўніку краіны вясковыя клопаты? Лукашэнка неаднаразова прызнаваўся, што ў яго немалая гаспадарка: на фэрме гадуюцца некалькі кароў, дзясятак авечак, статак козаў, таксама вядома пра коней, якіх ён атрымліваў у падарунак. Усю гэтую скаціну трэба забясьпечыць кармамі, вось ён і завіхаецца.

«У мяне карова ёсьць, гэта для душы, — прызнаваўся ў свой час Аляксандар Лукашэнка. — Зямля робіць чалавека высакародным, а жывёла — тым больш. Гэта і выхаваньне. Калі дзіця зь дзяцінства круціцца там, дзе ёсьць скаціна, — гэта зусім іншы чалавек. Карова ў маім жыцьці — гэта душа сям'і…»

Галіна Радзівонаўна і Мілка
Галіна Радзівонаўна і Мілка

Да ўлады Аляксандар Лукашэнка таксама прыйшоў у «суправаджэньні» каровы: у 1994-м «душа сям'і» Мілка была амаль такім жа папулярным газэтным пэрсанажам, як і новаабраны прэзыдэнт. Аднак найвышэйшы дзяржаўны статус ня даў магчымасьці ўтрымліваць карміліцу надалей: неўзабаве дом Лукашэнак у Рыжкавічах быў узяты пад узмоцненую варту, а жонцы Галіне Радзівонаўне ў статусе першай лэдзі было не з рукі сядзець пад каровай. Урэшце Лукашэнка быў вымушаны прадаць «душу».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG