Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтым — па-за працоўным часам. Эскорт-паслугі ў Беларусі не забароненыя


© Shutterstock
© Shutterstock

Прызнаньні бабруйчанкі Настасьсі Вашукевіч, вядомай у адным з маскоўскіх эскорт-агенцтваў пад псэўданімам Наста Рыбка, выклікалі вялікі розгалас у расейскіх і беларускіх сацыяльных сетках.

Вашукевіч-Рыбка шантажавала расейскага мільярдэра Алегу Дзерыпаску, які нібыта «мусіць зь ёй ажаніцца», іначай набыткам галоснасьці могуць стаць сцэны оргій на яхце алігарха, а ў праваахоўныя органы пойдзе заява пра групавое згвалтаваньне. Праўда, пазьней яна напісала, што гэта быў жарт.

Што вядома пра Насту Рыбку — бабруйскую «сэкс-паляўнічую», якая здала расейскіх алігархаў

Беларускі інтарэс Дзерыпаскі

Алег Дзерыпаска, архіўнае фота
Алег Дзерыпаска, архіўнае фота

Алег Дзерыпаска раней прэтэндаваў на актывы Менскага аўтазаводу. Але Аляксандар Лукашэнка забараніў прадаваць стратэгічнае прадпрыемства, бо не атрымаў гарантый, што яго потым не перапрафілююць, а людзей ня выкінуць на вуліцу.

У той жа час на беларускім рынку даўно працуе страхавая кампанія Дзерыпаскі «Ингосстрах».

Эскорт для пасьпяховых і самотных

Ці магла 27-гадовая дзяўчына з Бабруйску гэтак жа гучна «выстраліць» у беларускіх рэаліях? На постсавецкай прасторы VIP-прапановы падобнага кшталту зьявіліся ня так даўно і арыентаваныя найперш на тых, каго прынята называць «элітай» — людзьмі пасьпяховымі і забясьпечанымі.

Кампаніі пазыцыянуюць сябе канкурэнтамі мадэльных агенцтваў: маўляў, калі школы прыгажосьці рэпрэзэнтуюць выключна дзявочы вобраз, дык галоўнае крэда эскорт-агенцтва — камунікатыўны і інтэлектуальны ўзровень пэрсаналу. Пры гэтым мадэльная зьнешнасьць і дагледжаны выгляд — умова абавязковая.

Падобная практыка ў Беларусі не рэглямэнтаваная, гэта значыць не ўпісаная ў пералік дазволеных відаў. Паколькі падаткам такая дзейнасьць не абкладаецца, то лічыць яе незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю нельга. Адпаведна, калі не парушаюцца грамадзкі парадак і нормы агульнапрынятай маралі, ні ў чалавека, які наймае іншага для эскорту, ні ў таго, хто дае на гэта згоду, з праваахоўнымі органамі праблемаў быць не павінна.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Менску працуе некалькі фірмаў, якія аказваюць эскорт-паслугі — суправаджэньне дзелавых людзей на перамовах, сьвецкіх раўтах ды забаўляльных імпрэзах. Іх супрацоўнікі неахвотна ідуць на кантакт, але на ўмовах ананімнасьці мэнэджэр адной зь іх патлумачыў сутнасьць місіі.

«Як правіла, гэта дзяўчаты, якія маюць вышэйшую адукацыю, — гаворыць ён. — Перш, чым дзяўчына трапіць у агентства, зь ёй абавязкова праводзіцца гутарка. Кандыдаткі павінны быць абаяльнымі, падкаванымі ў розных пытаньнях, таму часта гэта выпускніцы інстытуту замежных моў, журфаку або псыхолягі. Асноўны кантынгент нашых кліентаў — дзелавыя людзі. У іх асяродку нармальныя, чалавечыя зносіны часам становіцца раскошай: чым большы бізнэс — тым большая адзінота. І такі просты рытуал, як абед ці паход на вечарыну, хочацца правесьці з разумным, інтэлігентным суразмоўцам. Людзі гатовыя за гэта плаціць».

Пытаньне наконт працягу адносінаў да інтымных, як пераконвае суразмоўца, справа асабістай дамоўленасьці паміж бакамі. Паводле яго, па-за рамкамі замовы «кантрактніцы» вольныя ў сваім выбары. Аднак усе падазрэньні пра замаскаванае «гняздо распусты» ён рашуча адкідае.

Афіцыйнае заканадаўства Беларусі не прапісвае аказаньня эскорт-паслуг. Разам з тым існуе пакараньне за прастытуцыю — калі высьветліцца, што пад відам псыхалягічнай разгрузкі адбываецца звычайны «гандаль целам». Артыкулы 171 і 171–1 Крымінальнага кодэксу прадугледжваюць ад 1 да 10 гадоў пазбаўленьня волі у залежнасьці ад сытуацыі.

Асыстэнткі для высокіх асобаў

Некалькі гадоў таму набыткам галоснасьці стала тое, што досьвед расейскіх эскорт-фірмаў у Беларусі запазычаны на найвышэйшым узроўні. На распараджэньне Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта пры Палацы рэспублікі створана служба дзелавога пратаколу, куды працаўладкаваныя выпускніцы мадэльных агенцтваў, фіналісткі і ўдзельніцы беларускіх і замежных конкурсаў прыгажосьці.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У «дзелавых прапановах», разасланых на прадпрыемствы і замежныя прадстаўніцтвы, гаварылася пра магчымасьць суправаджэньня «асыстэнткамі» падчас афіцыйных мерапрыемстваў, выставаў, прэзэнтацый, урачыстых прыёмаў. Прапановы пра супрацоўніцтва публікаваў сайт «Беларускага партызану»​.

Прыгажуні ля Лукашэнкі. Караткевіч, Саламаціна і Тарайкевіч пра тое, як рыхтуюць эскорт для ўлады

Некалькі гадоў таму Аляксандар Лукашэнка фактычна прызнаўся ў інтэрвію Ксеніі Сабчак, цяперашняй кандыдатцы ў прэзыдэнты Расеі, што карыстаецца паслугамі эскорту:

«Я ніколі ні на адным мерапрыемстве не сяджу з намыленай мордай сярод чыноўнікаў. Гэта мой прынцып. Заўсёды дзяўчаткі. З аднаго боку — сын маленькі, з другога — дзяўчо… Адна брунэтка, адна бляндынка, працуюць са мной два гады. Два гады асыстуюць мне, узнагароджаньні, кветкі, іншае».

Лукашэнка патлумачыў у інтэрвію, што размова ідзе пра службу дзелавога пратаколу.

КДБ Беларусі пра Насту Рыбку, замяшаную ў палітычным сэкс-скандале: «Гэтая прыдумае што заўгодна»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG