Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прастытуцыя і заплюшчаныя вочы дзяржавы


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Некалькі гадоў таму я даслала электронны зварот у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны з нагоды адной вакансіі, разьмешчанай на буйным беларускім партале. Прыватная кампанія шукала сакратарку з мадэльнай зьнешнасьцю, не старэйшую за 27 гадоў. Абяцалі 5000 даляраў заробку ў месяц.

Абяцалі 5000 даляраў заробку ў месяц.

Фактычна гэта відавочная прапанова займацца прастытуцыяй, але ў Міністэрстве працы палічылі інакш. Мне адказалі, што дзяржава не абмяжоўвае кампаніі ў тым, наколькі вялікі заробак яны могуць прапаноўваць. І ўвогуле, калі вакансія ня зьмешчана ў так званым дзяржаўным банку вакансій, lдык гэта ня сфэра кампэтэнцыі Міністэрства.

У 2013 годзе Беларусь далучылася да Канвэнцыі Рады Эўропы аб супрацьдзеяньні гандлю людзьмі. Але рэальнай штодзённай дапамогай людзям, якія ўжо аказаліся, альбо вось-вось могуць аказацца ў небясьпечнай сытуацыі, займаецца не дзяржава. Паказальна тое, што праграму «Ла Страда», якая скіраваная на папярэджаньне гандлю людзьмі і на дапамогу бясьпечнай міграцыі, робіць няўрадавая арганізацыя «Гендэрныя пэрспэктывы».

Складанасьці гэтай праблеме надае «шматслойнасьць», — гандаль людзьмі ўключае ў сябе ня толькі продаж жанчын у замежныя бардэлі. Некаторыя формы гандлю відавочныя, але зь іншымі разабрацца куды цяжэй.

Праблема міжнароднага гандлю людзьмі ў Беларусі нібыта на слыху, і тых суайчыньніц, якіх хлусьнёй і запужваньнямі вымусілі займацца прастытуцыяй за мяжой, мы збольшага шкадуем. Мы кажам пра недапушчальнасьць эксплюатацыі чалавека чалавекам, але толькі ў тых выпадках, калі ахвяра мае правільны вобраз: яна старалася праверыць працадаўцаў перад выездам за мяжу, а калі ўсё ж выехала зь Беларусі, дык на новым месцы яе прадалі ў бардэль, адабралі пашпарт і празь дзень жорстка зьбівалі.

Рэакцыя выразна мяняецца, калі ў ролі злачынцаў выступаюць топ-мэнэджэры мясцовых кампаній.

У такіх сытуацыях мы прызнаем, што жанчына стала ахвярай злачынцаў, і што яе сэксуальна эксплюатавалі. Але і дзяржаўная, і агульнаграмадзкая рэакцыя выразна мяняецца, калі ў ролі злачынцаў выступаюць прыстойныя на першы погляд топ-мэнэджэры мясцовых кампаній.

Больш за тое, кіраўніцтва, якое сэксуальна эксплюатуе падначаленых, часта ўвогуле не асуджаюць. У выпадку чаго, непрыязнае стаўленьне атрымлівае сакратарка, якая ня здолела адмовіць босу, бо баялася застацца без працы. Пра яе скажуць, што яна з дапамогай сэксу выбівае сабе лепшую працоўную пазыцыю, бо дабіцца яе інакш ніяк не можа. Такімі гісторыямі поўніцца нашая масавая культура, і нямала такіх аповедаў было ў межах флэшмобу «Я не баюся сказаць».

Крыніца праблемы хаваецца ў нявызначанасьці таго, дзе знаходзіцца мяжа сэксуальнай эксплюатацыі. Дзе мяжа паміж ветлівасьцю і заляцаньнямі? Дзе мяжа паміж заляцаньнямі і эксплюатацыяй? Пакуль адказы на гэтыя пытаньні ня будуць прапісаны ў заканадаўстве, дзяржаўная барацьба з гандлем людзьмі ўвогуле і сэксуальнай эксплюатацыяй у прыватнасьці будзе фрагмэнтарнай.

Але ёсьць і іншыя важныя пытаньні. Ці можна лічыць, што спэцыялістка па падборы пэрсаналу, якая адбірае кандыдатак мадэльнай зьнешнасьці на вакансію сакратаркі намесьніка дырэктара і выстаўляе заробак 5000 даляраў, удзельнічае ў арганізацыі сэксуальнай эксплюатацыі? Ці яна сама — ахвяра сытуацыі, бо да яе намесьнік дырэктара таксама заляцаецца?

У раённых газэтах ў разьдзеле «Знаёмствы» сустракаецца нямала аб’яў, якія фактычна тычацца прастытуцыі.

У мяне асабіста пытаньняў значна больш, чым адказаў. Але я таксама маю ўражаньне, што на дзяржаўным узроўні гэтыя пытаньні нават не спрабуюць уздымаць. У раённых газэтах ў разьдзеле «Знаёмствы» сустракаецца нямала аб’яў, якія фактычна тычацца прастытуцыі, але ўсе ўпарта робяць выгляд, што гэта проста аб’явы пра звычайныя знаёмствы. Беларускае заканадаўства прадугледжвае крымінальную адказнасьць за арганізацыю прастытуцыі, але ніяк не карае кліентаў, якія непасрэдна эксплюатуюць прастытуяваных жанчын.

А кліенты карыстаюцца прыгожымі эўфэмізмамі, называюць прастытуцыю найстарадаўнейшай прафэсіяй і, плацячы за аргазм, набываюць поўную ўладу над іншым чалавекам. Яны адчуваюць агіду і нават нянавісьць да гэтых «брудных і сапсаваных» жанчын, але ўсё адно ідуць і плацяць. Бо прастытуцыя — гэта не пра сэкс. Прастытуцыя — гэта пра ўладу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG