Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2018-ы абвешчаны ў Беларусі годам малой радзімы. Аляксандар Лукашэнка наказаў чыноўнікам і бізнэсоўцам успомніць пра свае карані, пра тыя месцы, дзе «засталася часьцінка душы, і аддаць доўг гэтаму кавалачку зямлі». Свабода вырашыла спраўдзіць, як і чым жыве родная вёска віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага.

Міхаіл Русы, архіўнае фота
Міхаіл Русы, архіўнае фота

Школа, клюб, разваліна

Паўзь невялікую вёсачку Вароніна, што ў Жыткавіцкім раёне, імчаць машыны. Адны сьпяшаюцца па шашы ў Тураў, іншыя ў адваротны бок — у Альшаны, Давыд-Гарадок.

Вароніна — малая радзіма віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага, які да гэтага быў двойчы міністрам сельскай гаспадаркі, міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, а таксама старшынём пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў па аграрных пытаньнях і чарнобыльскіх праблемах.

У вёсцы каля паўсотні сядзібаў на дзьвюх вуліцах: Беларускай і Сялянскай.

Ніна Бобрык
Ніна Бобрык

77-гадовая былая загадчыца фэрмы і школьная буфэтчыца Ніна Бобрык, з чыёй хаты і пачынаецца вёска, добра памятае Русага.

«Міхаіл быў такі высокі кучаравы хлопец, ціхі, негаваркі. Яны ж усе, хлопцы і дзяўчаткі, хадзілі паўз маю хату вучыцца ў суседнюю Верасьніцу. У нас была толькі пачатковая школа, але яе закрылі. Зрабілі са школы клюб, і клюба ня стала — разваліўся, бяз даху стаіць».

Тут быў вясковы клюб
Тут быў вясковы клюб

Кабета часьцяком бачыць свайго знанага земляка па тэлевізары і дзіву даецца: «Ён, калі Лукашэнка зьбірае начальнікаў, усё галавою махае. Свайго не прыклаў, а ўсё махае».

Люстэрка непэрспэктыўных паселішчаў

У вёсцы дагэтуль захавалася бацькоўская хата віцэ-прэм’ера Русага. Яна на вуліцы Сялянскай, па правы бок ад Беларускай.

Сялянская вуліца
Сялянская вуліца

Напярэдадні ў Вароніне прайшоў доўгачаканы дождж, і машына плюхаецца ў лужыну, выграбаючы коламі на тупчэйшы кавалак вуліцы.

Тутэйшыя кіроўцы тлумачаць, што вясною і восеньню на Сялянскую вуліцу наагул складана заехаць — настолькі яна моцна раскісае. Зрэшты, правы рог Сялянскай — як добрая ілюстрацыя таго, што адбываецца зь беларускімі вёскамі, калі яны выпалі з сыстэмы дзяржаўных аграпрамысловых каардынат і аднесеныя да непэрспэктыўных. Стаўленьне да іх — як да нечага другаснага, пабочнага.

Кінутыя хаты
Кінутыя хаты

Каля паловы хатаў у «віцэ-прэм’ерскім» канцы вуліцы гібеюць без гаспадароў. Дзікі хмель і пустазельле апанавалі вясковыя двары. Нешта падобнае даводзілася бачыць хіба ў чарнобыльскай зоне.

Бацькоўскую хату Русага выкупіў Нацыянальны парк

Бацькоўская хата Міхаіла Русага чацьвёртая ад канца. Некалі дыхтоўная пяцісьценка з ладнага бярвеньня спакваля парахнее. На вэрандачцы некаторыя шыбы выбітыя. Куча сьмецьця перад хатаю, нароcьцеж расчыненая дашчаная будка пры сьцяне, што служыла некалі сховішчам для газавага балёна.

Бацькоўская хата Міхаіла Русага
Бацькоўская хата Міхаіла Русага

«От, калі хочаце купіць хату, то трэба ў Нацыянальны парк „Прыпяцкі“ зьвяртацца. Выкупіў запаведнік гэтую хату ў Русага», — абмалёўвае сытуацыю суседка бацькоў віцэ-прэм’ера, якая назвалася Валянцінай.

Яна паведаміла, што Міхаіл Русы даўно вывез сваіх бацькоў некуды на Стаўпеччыну. А ў хаце, якую выкупіў Нацыянальны парк, жыла нейкі час маладая сям’я, потым пасяліўся ненадоўга халасьцяк, а цяпер яна наагул пустуе.

«Тут во і дошкі ляжаць у хлеўчуку на перасьціл падлогі, але цяпер яны ўжо нікому не патрэбныя», — дадае суседка.

Побач і насупраць праз вуліцу таксама гібеюць кінутыя хаты.

Спадарыня Валянціна згадвае, што яна і ўсе тутэйшыя вяскоўцы прасілі Міхаіла Русага, калі ён прыяжджаў, паправіць хоць бы сваю вуліцу Сялянскую.

«Ужо й Аляксандар Лукашэнка сказаў: кожнаму міністру, дзе ён нарадзіўся і жыў, трэба хоць што-небудзь зрабіць для роднага паселішча. Русы абяцаў, што дарогу гэтую падсыпле. Але ніхто тое зрабіць не парупіўся», — скрушна распавядае суседка цяперашняга віцэ-прэм’ера.

Цэляфанавыя шаты

У канцавым доме па Сялянскай маладая сям’я набудавала парнікоў.

Шаты для агуркоў
Шаты для агуркоў

Гаспадар «цэляфанавых шатаў» 36-гадовы вясковец Віталь узімку працуе качагарам у суседняй Верасьніцы. Вясною і ўлетку вырошчвае з жонкаю на продаж агуркі і памідоры. Іначай ня выжыць.

«Вёска наша нікому не патрэбная, яна памірае, — падрахоўвае Віталь. — Ні працы, ні добрай вуліцы, ні клюба, ні школы, ні пошты ў вёсцы няма».

На дадатак расказвае, як тэлефанаваў у Жыткавіцкі раён электрычных сетак, калі заўважыў, што каля хаты нахілілася драўляная частка апоры лініі электраперадачы.

«Мяне „супакоілі“, — узгадвае Віталь. — Сказалі: „Упадзе — прыедзем“».

Гады тры таму вяскоўцы згуртаваліся ў каапэратыў, каб правесьці ў Вароніна прыродны газ. Магістральная газавая труба з спэцыяльным адводам праходзіць за самымі гародамі.

Мужчынская «плянэрка»
Мужчынская «плянэрка»

«Паехалі мы ў Жыткавічы ў міжрайгаз, у райвыканкам, — апавядае Аляксандар, якога вяскоўцы абралі старшынём каапэратыву па газыфікацыі. — Нам адказваюць: няма газаразьмеркавальнай станцыі дзеля паніжэньня ціску ў трубе. Дый ня ўсе аграгарадкі яшчэ газыфікаваныя, а тут яшчэ Вароніна. Так і засталася вёска ні з чым».

Безь зямлі няма працоўнага месца

Эканамічна актыўных жыхароў у Вароніне можна пералічыць на пальцах. 37-гадовы вясковец Іван лічыць, што з дэпрэсіўнага стану вёска можа выйсьці хіба праз добраўпарадкаваньне ды стварэньне працоўных месцаў. Але пра гэта ніхто ня дбае.

Сам Іван, як і большасьць вяскоўцаў, разьбіў на прысядзібным участку ладны парнік і вырошчвае гуркі. Таксама возіць іх да «заходнікаў» — у мястэчка Альшаны Столінскага раёну, агурковую сталіцу палескага краю, дзе іх скупляюць расейскія дылеры.

«Каб мець большы абарот прадукцыі, я б узяў яшчэ гектараў пяць зямлі», — разважае Іван.

Тэхніка ёсьць, зямлі бракуе
Тэхніка ёсьць, зямлі бракуе

У вяскоўца свой невялікі колавы трактар. А вось дзе ўзяць кавалак зямлі, калі яна спрэс перададзена дзяржаўным сельгаспрадпрыемствам, ніхто ў дзяржаве ня кажа.

Парнікі «заходнікаў»
Парнікі «заходнікаў»

Апусьцелыя сядзібы ў цэнтры Вароніна пачалі набываць усё тыя ж «заходнікі» са Століншчыны. Лядашчыя хаты ім, вядома, не патрэбныя. Прывабліваюць пры хатах 30 сотак зямлі. Яны мігам ладзяць на іх парнікі, накрываюць цэляфанавай плёнкаю і засяваюць гуркамі. Гэтую асаблівую беларускую ініцыятыву ўлады, праўдападобна, заўважаць не жадаюць.

Пра акцыі і 500-рублёвую пэнсію

Звыклая сялянская гаспадарка зь яе традыцыйным наборам свойскай жывёлы і птушкі ў Вароніне, на сутнасьці, зьнікла.

«Яшчэ ня так даўно ў вёсцы на прыватных падворках было звыш сямідзесяці кароў. Цяпер засталося толькі дзьве — у дзьвюх удоваў», — кажуць вяскоўцы.

Былая калгасная эканамістка Галіна Санец зжылася са сваёй рагатай карміцелькай за сямнаццаць гадоў. Малаком забясьпечвае сваіх жа аднавяскоўцаў — прадае літар за 80 капеек. Малако мігам разьбіраюць, бо ў краме яно каштуе больш за рубель.

Дом Галіны Санец
Дом Галіны Санец

Жыць удаве на адну пэнсію, нават калі гэта 400 рублёў, і ўтрымліваць дыхтоўны дом зусім ня проста.

«Быў раней муж жывы, мы мелі разам дзьве пэнсіі. Было лацьвей, хоць і не шыкавалі. Цяпер толькі за дровы на зіму трэба паўтары пэнсіі аддаць. Я прыкінула: каб пачуваць сябе вальней, пэнсія ў вяскоўца павінна быць сама меней 500 рублёў», — кажа Галіна Кузьмінічна.

Жанчына дзівіцца, якое цяпер дарагое ўсё тое, што патрэбна вяскоўцу дзеля падсобнай гаспадаркі: сена, камбікорм, угнаеньні, электраэнэргія, дровы.

«Мне прывозіць прыватнік шыкоўнае сена з Лунінецкага раёну, дык яно таньнейшае, чым я купляла ў нашым ААТ „Тураўшчына“».

Асабліва засмучае Галіну Санец праведзенае акцыянаваньне былых пяці сельгаспрадпрыемстваў тураўскай зоны, у тым ліку і СПК «Перамога», дзе яна была галоўным эканамістам і да якога належала й Вароніна.

«Згрэблі ў сьпешцы ўсе навакольныя гаспадаркі ў акцыянэрнае таварыства, а хто ў ім акцыянэры — невядома. Я сорак гадоў у сельскай гаспадарцы адпрацавала, а ў мяне ніводнай акцыі. Ні ў кога тут няма», — кажа эканамістка.

На пачатку 2000-х Галіна сама займалася дзяльбою на паі асноўных сродкаў вытворчасьці калгаса «Перамога». 70 адсоткаў паю прыпадала на працоўных, 30 — на калгасных пэнсіянэраў. Але рэфармаваньне тады хутка згарнулі, калгасы пераназвалі ў СПК, саўгасы — у КСУПы. На дадатак сталі «прывязваць» адсталыя гаспадаркі да прадпрыемстваў або крыху мацнейшых КСУПаў. На тым рэфармаваньне беларускага аграрнага сэктару і скончылася.

Манумэнтальны ўказальнік «МТК „Вароніна“»
Манумэнтальны ўказальнік «МТК „Вароніна“»

Вясковая спэцыялістка з жалем дадае, што ў Вароніне на жывёлагадоўчым комплексе зачынілі фінскую лазьню і пакой для адпачынку жывёлаводаў. А колішні калгасны лазьнева-пральны камбінат у суседнім Запясоччы, адзіны на ўсю акругу, перарабілі ў царкву.

Вясковец Міхаіл заўважае, што цяперашняе акцыянэрнае таварыства нават да надзяленьня мясцовых жыхароў соткамі ставіцца абыякава.

«Адмяраюць людзям соткі ў полі толькі на сэзон, раней давалі на тры гады. Прапаў сэнс іх угнойваць. Кінуў бульбу ў зямлю, пасеяў пшаніцу — і ладна. Усё адно на наступны год соткі на новым месцы адмераюць», — кажа вясковец.

Вуліца, якой хадзіў у юнацтве Міхаіл Русы
Вуліца, якой хадзіў у юнацтве Міхаіл Русы

«Укласьціся ў малую радзіму»

Абвешчаны ў лютым год малой радзімы сам Аляксандар Лукашэнка нядаўна прапанаваў павялічыць да трохгодкі. Зазначыў пры гэтым, што «адразу людзей не павернеш, каб у сваю малую радзіму ўкласьціся».

Адна раніца з жыцьця Ўладзя, які за сэзон вырошчвае 50 тон элітнай гародніны на Браслаўшчыне

Маліны на Маскву. За некалькі ягадных сэзонаў вяскоўцы будуюць дамы і набываюць аўтамабілі

«Людзі сэзон чакаюць як бога». Як палешукі выжываюць на чарніцах і лісічках

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG