Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка распавёў пра сваё цяжкае дзяцінства і пакатаўся на камбайне з сынам Мікалаем


Аляксандар Лукашэнка і яго сын Мікалай едуць на камбайне ў ААТ «Александрыя»

Аляксандар Лукашэнка 18 жніўня наведаў гаспадаркі ў Шклоўскім і Аршанскім раёнах, а таксама расказаў пра поле на мяжы Магілёўскай і Віцебскай абласьцей, на якім ён працаваў «з малых гадоў», перадае БелТА.

«Першы [яскравы ўспамін], калі я сам вадзіў каня, абганяючы бульбу. Поле было падзеленае на тры часткі. Было 12 гадзінаў дня, сьпякота неймаверная, авадні, мухі… — распавядаў Лукашэнка. — А потым ужо я сам абганяў бульбу (гэта другое ўражаньне), а малодшы стрыечны брат вадзіў каня. Ён быў крыху меншы за мяне ростам, і яму ўвесь час трэба было ісьці, трымаючы рукі ўгору, каня весьці».

Свае ўражаньні ён назваў «ня вельмі добрымі па тых часах, але вельмі карыснымі для цяперашняга часу». Пра поле ж ён казаў, што «гэта поле прэзыдэнта», бо «некалі нехта так зь лёгкай рукі сказаў». Але, паводле Лукашэнкі, у яго часы зьбіралі 13-17 цэнтнэраў з гектара гэтага поля, а цяпер зьбіраюць 91 ц/га.

Лукашэнка сёлета надае асаблівую ўвагу ўборачнай кампаніі — празь неспрыяльнае надвор’е ўборка збожжавых пачалася пазьней, а ўраджай можа быць меншым. Да таго ж Дзяржкантроль выявіў, што вялікая частка камбайнаў аказалася не гатовай да ўборачнай кампаніі, нават нягледзячы на «спазьненьне».

Таксама 18 жніўня Лукашэнка пракаціўся на квадрацыкле (паводле зьвестак «Нашай Нівы», квадрацыкл канадзка-амэрыканскай вытворчасьці) і праехаўся па полі ААТ «Александрыя» з сынам Мікалем на камбайне з сэрыі «Палесьсе».

«Я хачу праверыць, які гэты камбайн у эксплюатацыі, — казаў Лукашэнка. — Таму што ў прамыслоўцаў ёсьць звычка шчокі надзімаць, што ў нас добрыя камбайны, ня горшыя [за замежныя]. Праверым, як ён будзе на фоне іншых працаваць, каб людзі бачылі».

Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі езьдзілі на камбайне ў якасьці пасажыраў. Але Аляксандар Лукашэнка даручыў канструктарам дапрацаваць прадстаўленую яму мадэль да наступнага году і ліквідаваць выяўленыя ім недахопы, а таксама заявіў, што на гэтым камбайне можна даваць ня горшыя вынікі, чым на замежным, бо «шмат што залежыць ад мэханізатара».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG