Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты зь «сельскай» нарады Лукашэнкі: гаспадаркам — вымова ад КДК, райвыканкамам — неабмежаваныя паўнамоцтвы


Аляксандар Лукашэнка распачаў зранку 2 жніўня рэспубліканскую сэлектарную (тэлефонную) нараду ў пытаньнях уборкі ўраджаю.

Абнаўленьне: Лукашэнка даручыў міліцыі і КДК дакладаць яму, калі ламаюцца гарантыйныя камбайны

З ураджаем праблемы праз надвор’е: масавая ўборка збожжавых у Беларусі яшчэ не пачалася, хоць ужо пара была, і можа зацягнуцца. Зьбіраць ураджай накіравалі і вайскоўцаў.

Але Лукашэнка даручыў скончыць уборку збожжавых каласавых максымум да 20 жніўня, перадае БЕЛТА.

Праз надвор’е, кажа Лукашэнка, «на 8–10 дзён ужо позьнімся». Але забараняе сьпісваць усё на надвор’е, бо «дай божа, каб штогод у нас было такое надвор’е, ідэальны год для сельскай гаспадаркі». Акрамя хлеба, кажа ён, можна «другім укосам» сабраць «цудоўныя травы, добрыя яравыя, ідэальная бульба вырасла, лён някепскі, буракі, гародніна». Ён параіў не чакаць, што «гасподзь нам пашле лепшае надвор’е», і не расьцягваць уборку ўраджаю.

Вінаватая не дзяржава, адказныя райвыканкамы

«Адразу адзначу, што ўсё, што залежыць ад дзяржавы для пасьпяховай уборачнай кампаніі, зроблена, — сказаў Лукашэнка. — Фінансавыя рэсурсы ёсьць, гаспадаркі забясьпечаныя тэхнікай — прынамсі, ніхто ня ставіць пытаньняў па тэхніцы, па паліве на мінулым тыдні падпісана маё адпаведнае распараджэньне».

Лукашэнка падкрэсьліў, што райвыканкамам даюцца «найшырэйшыя паўнамоцтвы» на час уборкі ўраджаю, рашэньні старшыняў райвыканкамаў нельга абмяркоўваць, яны «канчатковыя і абскарджаньню не падлягаюць», а «паправіць» старшыню райвыканкаму можа толькі старшыня аблвыканкаму.

«Я гэта кажу для таго, каб потым не было спасылак, што ў некага не хапіла паўнамоцтваў, каб сабраць збожжа», — растлумачыў Лукашэнка.

Ён загадаў займацца толькі тымі гаспадаркамі, у якіх вызначаныя праблемы. Такіх гаспадарак, кажа Лукашэнка, тры-чатыры на раён:

«Ня трэба бадзяцца па раёне і рабіць выгляд, што вы нешта кантралюеце... Дзейнічайце! Улада ў вашых руках».

«Ня трэба бадзяцца па раёне і рабіць выгляд, што вы нешта кантралюеце, — зьвярнуўся Лукашэнка да старшыняў райвыканкамаў. — Едзьце туды, дзе вы патрэбныя. Вось за гэтыя тры гаспадаркі пэрсанальную адказнасьць нясе старшыня райвыканкаму. Таму яму дадзеныя ўсе паўнамоцтвы. Дзейнічайце! Улада ў вашых руках».

Таксама Лукашэнка загадаў зусім не дапусьціць стратаў насеньня: хоць адмыслоўцы кажуць пра норму ў 8–10% стратаў, «мы ня можам угнойваць зернем глебу».

За тое, каб «накарміць, напаіць і гэтак далей» занятых ва ўборачнай кампаніі, Лукашэнка прызначыў «адказнымі галавой» прафсаюзы.

У чвэрці гаспадарак камбайны былі негатовыя да збору ўраджаю — Дзяржкантроль

Паводле Камітэту дзяржаўнага кантролю, праблемы могуць быць шырэйшымі, чым «тры-чатыры гаспадаркі на раён» і 7–8% няспраўнай тэхнікі:

«Цягам другой паловы ліпеня КДК правёў масавыя маніторынгі, якія паказалі, што ня ўсе сельгасарганізацыі рэспублікі належным чынам падрыхтаваліся да правядзеньня ўборачнай кампаніі, — сказаў на нарадзе старшыня КДК Леанід Анфімаў. — У шэрагу зь іх да гэтага часу не гатовыя да працы збожжаўборачная тэхніка, сушыльная гаспадарка, ня вырашаныя праблемы з забесьпячэньнем мэханізатарскімі кадрамі, востра адчуваецца дэфіцыт гаруча-змазачных матэрыялаў.

За кошт прыпісак у апэратыўнай справаздачнасьці некаторыя спрабуюць выканаць патрабаваньні ўраду аб гатоўнасьці да 20 чэрвеня матэрыяльна-тэхнічнай базы да правядзеньня ўборкі ўраджаю ня менш як на 95%. Факты нізкай гатоўнасьці збожжаўборачных камбайнаў выяўленыя ў 41 з 158 правераных сельгасарганізацый».

XS
SM
MD
LG