Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Некаторыя тэмы ў падручніках «да дурасьці даходзяць»


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка ў час сустрэчы зь віцэ-прэм’ерам Васілём Жарко і міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам раскрытыкаваў беларускія падручнікі, калі казаў пра пляны па абнаўленьні навучальных праграмаў, перадае БелТА.

«Ніякай праблемы ў гэтым ня бачу. Нават у тэрмінах, — казаў Лукашэнка. — Мы ж не наноў ствараем падручнікі, навучальныя праграмы. У асноўным гэта нармальныя навучальныя праграмы і падручнікі. Але некаторыя тэмы, як выявілася ня толькі ў гуманітарнай сфэры, але і ў падручніках фізыкі, матэматыкі, да дурасьці даходзяць. Гэтыя тэмы трэба карэктаваць».

Ён прапанаваў стварыць рабочую групу «па кожным падручніку» з прыцягненьнем «больш практыкаў, а не акадэмікаў».

Таксама Лукашэнка патрабаваў на школьных кірмашах рабіць асаблівы акцэнт на малазабясьпечаныя сем’і:

«Формула адна: каб 1 верасьня дзеці былі аднолькавыя, — заявіў Лукашэнка. — Ня ў тым сэнсе, што яны павінны быць адзетыя ў чорна-белыя фартухі, гольфы або сукеначкі. А каб не вылучаліся дзеці зь сем’яў, якія не такія багатыя сёньня. Мы павінны апрануць годна да 1 верасьня ўсіх дзетак».

Раней Лукашэнка шмат наракаў на школьныя падручнікі ў час «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» 3 лютага: маўляў, у іх залішнія веды для такіх малых дзяцей. У прыватнасьці, яму не спадабалася, як у падручніках для 12-гадовых апісваюцца рэлігійныя пытаньні.

Пасьля ён крытыкаваў школьную праграму ў час «Пасланьня да беларускага народу» 21 красавіка: маўляў, «страшна глядзець на падручнік» па матэматыцы ці фізыцы, бо надта складаны. Ён таксама наракаў на высокія нагрузкі ў школе, бо зь дзяцей «інвалідаў рыхтуем», што становіцца праблемай адабраць хлопцаў у спэцназ. Таксама Лукашэнка прызнаў, што ягоны малодшы сын Мікалай засынае на першых уроках, таму трэба пачынаць заняткі а 9-й раніцы, а не а 8-й.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG