Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей: «Мяккай беларусізацыі» няма, гэта проста норма. Што ён сказаў у інтэрвію Tut.by — максымальна сьцісла


Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей летам 2017 году запрасіў кіраўнікоў акрэдытаваных у Беларусі дыпляматычных місіяў і чальцоў іхных сем’яў на «Дзень беларускай вышыванкі»
Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей летам 2017 году запрасіў кіраўнікоў акрэдытаваных у Беларусі дыпляматычных місіяў і чальцоў іхных сем’яў на «Дзень беларускай вышыванкі»

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей даў вялікае інтэрвію парталу Tut.by, у якім пракамэнтаваў стасункі з Расеяй і Ўкраінай, кнігу экс-прэзыдэнта Францыі і ўнутраныя справы Беларусі.

Свабода каротка пераказвае інтэрвію (дакладныя цытаты — у двукосьсях), цалкам яго можна пачытаць тут.

Пра кнігу экс-прэзыдэнта Францыі Алянда, дзе ён пісаў аб менскіх перамовах пра Данбас у 2015 годзе

У Алянда невялікія праблемы з прыстойнасьцю, шчырасьцю і аб’ектыўнасьцю, «некаторыя рэчы не адпавядаюць рэчаіснасьці». У кнізе ён «не падкрэсьлівае сваю ролю [у перамовах па Данбасе], бо і падкрэсьліваць асабліва няма чаго».

Пра «нясмачныя бутэрброды» і «нязручныя сталы» з той кнігі

Перамовы 11 лютага 2015 году ў Менску
Перамовы 11 лютага 2015 году ў Менску

Столік для вячэры быў нізкі і нязручны, бо Ангела Мэркель адмовілася ісьці ў залю афіцыйных перамоваў з пакою, які мусіў быць «заляй чаканьня». Былі «жахлівыя» бутэрброды, бо Мэркель сказала, што няма часу на вячэру, і былі яны «і зь беларускім салам, і з рознымі каўбаскамі, вяндлінай, сырам, чырвонай рыбай, асятрынай». Сумарна на ежу выдаткавалі «каля 50 тысяч даляраў».

Пра асобную спальню для Пуціна і крэслы для Алянда, Мэркель і Парашэнкі

Што Пуцін пайшоў паспаць на дзьве гадзіны ў асобны пакой, сказаўшы, што ідзе кансультавацца з сэпаратыстамі і пакінуўшы Алянда, Мэркель і Парашэнку ў перамоўнай залі, дзе тыя заснулі на крэслах, дык «усім былі адведзеныя асобныя памяшканьні — проста камусьці ў Заслаўі, камусьці ў гатэлі, камусьці ў іншым месцы». Лідэрам прапаноўвалі паехаць адпачыць, яны адмовіліся і вырашылі працягнуць перамовы.

Пра «бяздушны» Палац Незалежнасьці

Палац Незалежнасьці не бяздушны, любы афіцыйны будынак «наўрад ці мае нейкую душу».

Палац Незалежнасьці ў Менску
Палац Незалежнасьці ў Менску

Ён мо і горшы за францускі Елісейскі палац, але «ну выбачайце», Францыю ў Другой усясьветнай вайне «фашысты пратапталі менш як за месяц», таму там захаваліся старадаўнія палацы, а Беларусь пасьля вайны ляжала ў руінах. Таму Палац Незалежнасьці трэба паважаць, «як бы хто да яго ня ставіўся».

Ці Пуцін сапраўды пагражаў «канчаткова разьбіць» украінскую армію?

Беларускі бок ня ведае, на ўдзел у перамовах «не напрошваўся», Лукашэнка толькі «некалькі разоў заходзіў, цікавіўся працэсам», але ня ўдзельнічаў у перамовах.

Ці правальныя тыя перамовы, калі на Данбасе ўсё яшчэ няма міру?

Мы заўсёды казалі нашым эўрапейскім партнэрам, што мы ня ёсьць крыніцай нейкага зла або крыніцай нестабільнасьці ў рэгіёне
Уладзімер Макей

Не, бо да іх былі актыўныя баявыя дзеяньні. А пасьля «пагадненьні ў той час выканалі сваю ролю, і гэта прызнавалі ўсе», «іншая справа, як бакі ставяцца да гэтых пагадненьняў» (але «ня хочацца судзіць, хто вінаваты»).

Пра менскія пагадненьні казалі па ўсёй плянэце, «нават у Лацінскай Амэрыцы казалі, што Беларусь выканала вялізную ролю ў заключэньні гэтых пагадненьняў», і пагадненьні «выканалі пэўную ролю ў кантэксьце нармалізацыі нашых стасункаў з Захадам».

Беларусь не прызнала Крым расейскім, што кажа на гэта Расея?

З Расеяй пра гэта няма спрэчак, Беларусь як перамоўная пляцоўка мусіць прытрымлівацца нэўтральнай пазыцыі.

Ці будзе з Украінай «абмен шпіёнамі»?

Гэта трэба пытаць у спэцслужбаў. Але грамадзянін Беларусі Юры Палітыка «ня мае ніякага дачыненьня да спэцслужбаў».

Якія высновы Беларусь зрабіла з канфлікту ва Ўкраіне?

«Сам Бог вызначыў нам праводзіць шматвэктарную палітыку»
Уладзімер Макей

«Мэта Беларусі, у прынцыпе, засталася нязьменнай: разьвіцьцё добрых стасункаў з усімі дзяржавамі, якія гатовыя разьвіваць супрацу зь Беларусьсю». У гэты бок Беларусь будзе рухацца «на ўсіх кантынэнтах».

Адназначна, што Беларусь не наступная ў сьпісе краінаў, якім пагражае Расея. «Мы абсалютна ня бачым ніякіх асьцярог наконт ператварэньня ў гэтую, як назваў гэта бэлетрыст Алянд, «ледзяную паласу заваяваных земляў» Расеі».

«Мяккая беларусізацыя» — гэта адказ беларускіх уладаў на канфлікт ва Ўкраіне?

Гэта ня варта называць «мяккай беларусізацыяй». Варта казаць пра тое, што фармуецца нацыянальная самасьвядомасьць, нацыянальная ідэя, ідэнтычнасьць. «А чаму мы павінны адмаўляцца ад сваёй гістарычнай мінуўшчыны? Чаму ня мусім казаць пра тое, каго лічым нацыянальным героем? Чаму ня можам насіць сваё нацыянальнае адзеньне, ня мусім размаўляць на беларускай мове? Гэта нармальныя рэчы, і я ня бачу ў гэтым нічога заганнага».

Аб прызначэньні Бабіча расейскім амбасадарам у Беларусі і заявах, што Крэмль «ня бачыць Беларусь самастойнай краінай, а паўночна-заходняй акругай, куды пасылае губэрнатара»

Мы ня бачым тут нейкіх закулісных гульняў ці нейкіх іншых манэўраў
Уладзімер Макей

У Беларусі Бабіча ўспрымаюць як амбасадара. Ну і добра, што ён таксама «адмысловы прадстаўнік па гандлёва-эканамічнай супрацы»: гэта значыць «прамы выхад праз амбасадара на Адміністрацыю прэзыдэнта ці самога прэзыдэнта Расеі», гэта можа дапамагчы хутчэй вырашаць спрэчкі. Ва Ўкраіне ў свой час таксама быў «спэцпрадстаўнік» — Чарнамырдзін.

Хто будзе новым амбасадарам Беларусі ў Расеі?

«Ёсьць некалькі кандыдатур», якія прапануюць Лукашэнку, — «людзі з розных сфэраў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG