Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус, абвінавачаны Ўкраінай у шпіянажы, спадзяецца на абмен з асуджаным у Беларусі журналістам Шаройкам


Грамадзянін Беларусі Юры Палітыка, абвінавачаны ў шпіянажы, на судзе ў Чарнігаве, 27 жніўня

«Вельмі спадзяюся на абмен», — сказаў карэспандэнтцы Свабоды беларускі «шпіён» Юры Палітыка, якога судзяць у Чарнігаве. Сёньня яму падоўжылі арышт на 2 месяцы.

Суд у Чарнігаве над беларускім грамадзянінам Юрыем Палітыкам, якога абвінавацілі ў шпіянажы, адкладзены больш як на месяц. Падсудны патрабуе перакладчыка на беларускую мову, але кваліфікаванага спэцыяліста ня могуць знайсьці.

Юрыя Палітыку абвінавачваюць у зьбіраньні на ўкраінскай тэрыторыі сакрэтнай інфармацыі на карысьць іншай дзяржавы.

Напярэдадні суд адмовіўся прызначыць судова-мэдычную экспэртызу, каб высьветліць акалічнасьці атрыманьня Юрыем Палітыкам траўмаў у сьледчым ізалятары.

Калегія судзьдзяў таксама палічыла немэтазгодным выклікаць у залю судовага паседжаньня хуткую мэдычную дапамогу, хоць грамадзянін Беларусі сьцьвярджаў, што нічога не разумее і кепска сябе адчувае. У перапынку судовага паседжаньня Юрыя Палітыку накіравалі ў мэдычную частку ізалятара — там зафіксавалі падвышэньне ціску. Ад іншай дапамогі абвінавачаны адмовіўся — патрабаваў прысутнасьці адвакатаў.

Наступнае паседжаньне суду прызначана на 3 кастрычніка.

Адкуль у падсуднага сінякі пад вачыма

Юры Палітыка
Юры Палітыка

​Юры Палітыка сьцьвярджае, што траўмы — пералом косткі левай скроні і сіняк пад вокам — атрымаў 7 жніўня, а 10 жніўня яму зрабілі апэрацыю. Даты ён памятае, але акалічнасьці здарэньня — не. Адвакаты таксама ня ведаюць, што адбылося. Яны нагадваюць, што катаваньні да іхнага падабароннага прымяняліся і падчас затрыманьня год таму.

«Але суд чарговым разам ігнаруе гэтыя факты», — заявіў на судзе адвакат беларуса Тарас Герэлюк.

Абвінавачаньне пераконвае, што адразу ж пасьля здарэньня пачалося службовае расьсьледаваньне. Менавіта гэтым суд матываваў сваю адмову ў правядзеньні судова-мэдычнай экспэртызы — яна адбудзецца, але ў рамках крымінальнай справы, адкрытай паводле гэтага факту.

Абвінавачаньне сьцьвярджае, што беларус атрымаў траўмы ў выніку падзеньня ў санвузьле з прычыны «асабістай неасьцярожнасьці».

На судовым паседжаньні Юры Палітыка сказаў, што пасьля вяртаньня з Чарнігаўскай гарадзкой лякарні ён трапіў у іншую камэру сьледчага ізалятара:

«Цяпер у камэры пяць чалавек. Зь імі ў мяне нармальныя дачыненьні, і заўваг да іх у мяне няма».

Кваліфікаванага перакладчыка на беларускую мову не знайшлі

Падчас суду над Юрыем Палітыкам
Падчас суду над Юрыем Палітыкам

​За ўвесь час судовага працэсу, які пачаўся сёлета ў лютым, але так і не прасунуўся далей за падрыхтоўчы этап, зьмянілася шмат перакладчыкаў. Падсудны і ягоная абарона настойваюць на далучэньні да працэсу беларускамоўнага спэцыяліста, але перакладчыка з такой кваліфікацыяй пакуль знайсьці не змаглі.

Старшыня калегіі судзьдзяў у гэтай справе Сьвятлана Чанцова папракнула і адвакатаў, і беларускіх дыпляматаў, якіх суд прасіў дапамагчы знайсьці перакладчыка на беларускую мову:

«Амбасада Беларусі ва Ўкраіне, прадстаўнік якой прысутнічае на паседжаньні, таксама мусіла б дапамагчы, бо гэта ў інтарэсах абароны грамадзяніна Беларусі, але такой дапамогі мы не атрымалі».

Перакладае маці салдата, які загінуў на Данбасе

Да працэсу ў якасьці перакладчыцы часова далучылі Алену Беляванцаву. Яна родам з Гарадзенскай вобласьці, там жа атрымала адукацыю, доўгі час жыве ў Чарнігаве, працуе ў мясцовай філярмоніі артысткай. Сэртыфікату перакладчыка ня мае, таму наўрад ці застанецца ў працэсе.

У 2014 годзе яе сын Уладзімер Блізьнюк, удзельнік Эўрамайдану, добраахвотнікам пайшоў ваяваць на Данбас. Загінуў у верасьні таго ж году ў Станіцы Луганскай падчас «рэжыму спыненьня агню» — на баявым дзяжурстве ў падваконьне будынка, дзе былі вайскоўцы, трапіла міна.

Перакладчыца на беларускую мову на працэсе ў Палітыкі, артыстка размоўнага жанру Чарнігаўскай філярмоніі Алена Беляванцава
Перакладчыца на беларускую мову на працэсе ў Палітыкі, артыстка размоўнага жанру Чарнігаўскай філярмоніі Алена Беляванцава

«Мяне месяц умаўлялі дапамагчы зь перакладам. Цяпер шкадую, што пагадзілася. Ведаю, паводле якога артыкула абвінавачваюць беларуса. Але на яго злосьці ў мяне няма. Як маці спачуваю бацькам, што іхны сын так, па дурасьці, трапіў у такую сытуацыю», — сказала Свабодзе Алена Беляванцава.

Яна кажа, што ў Чарнігаве няма агрэсіўнага стаўленьня да беларусаў:

«У нас вельмі любяць беларускую мову. Я шмат праводжу творчых вечароў. А пасьля гібелі сына ўсё часьцей ежджу на ўсход з канцэртамі для вайскоўцаў».

Палітыка спадзяецца абмяняцца на Шаройку

На пачатку судовага працэсу журналісты мелі магчымасьць вольна размаўляць з абвінавачаным у перапынках судовых паседжаньняў. Цяпер жа ўсе кантакты забараняе канвой. Беларуса ў залі суду ахоўваюць пяць канваіраў, а сам Юры Палітыка ўвесь час у шкляной клетцы. Суд не дазволіў яму сядзець поруч з адвакатамі, улічваючы цяжкі артыкул, які яму інкрымінуюць.

Юры Палітыка спадзяецца неўзабаве выйсьці на волю і вярнуцца дадому.

«Я чуў пра магчымы абмен. Гаворка нібыта ідзе пра ўкраінскага журналіста. Вельмі на гэта спадзяюся», — адзінае, што пасьпеў ён сказаць Свабодзе, калі канвой загадаў усім прысутным пакінуць залю судовага паседжаньня.

Адвакаты мяркуюць, што сьледзтва не змагло сабраць доказаў вінаватасьці, а ўсе сьведкі ў працэсе — альбо супрацоўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны, альбо яе агенты. Абаронцы таксама маюць сваіх сьведак, але пакуль адмаўляюцца іх называць.

Падчас суду над Юрыем Палітыкам. 27 жніўня
Падчас суду над Юрыем Палітыкам. 27 жніўня

«Сьведкі ёсьць. Усё ў свой час пабачыце. Будзе вельмі цікавы працэс», — кажа карэспандэнту Свабоды адвакат Тарас Герэлюк.

Юрыя Палітыку абараняюць чацьвёра адвакатаў, адзін зь іх — на бясплатнай аснове. Усіх іншых наняла сям’я абвінавачанага. Але самі ягоныя родныя ніводнага разу на суд не прыяжджалі.

Якраз у той час, калі беларус атрымаў траўмы ў ізалятары, у Кіеў прыяжджала дэлегацыя Генэральнай пракуратуры Беларусі на чале з намесьнікам генэральнага пракурора Аляксеем Стукам. Стук афіцыйна заявіў, што абвінавачаны грамадзянін Беларусі ня мае і ніколі ня меў ніякага дачыненьня да дзейнасьці органаў бясьпекі Беларусі, і адзначыў, што яго магчымае асуджэньне за шпіянаж супраць Украіны будзе незаконным.

Аляксей Стук таксама выказаў занепакоенасьць захаваньнем правоў Юрыя Палітыкі падчас расьсьледаваньня справы, а таксама заявіў пра недапушчальнасьць выкарыстаньня недазволеных мэтадаў допыту ў дачыненьні да Палітыкі.

Сьледзтва напачатку падазравала, што Юры Палітыка зьбіраў сакрэтную інфармацыю ва Ўкраіне на карысьць КДБ Беларусі. У далейшым ад гэтай вэрсіі адмовіліся, падчас далейшага расьсьледаваньня не змаглі вызначыць, на якую краіну нібыта працаваў беларус. Цяпер у справе фігуруе фармулёўка — «на карысьць іншай краіны».

Гісторыя шпіёнскага скандалу

Экспэрты мяркуюць, што Ўкраіна і Беларусь могуць абмяняцца «шпіёнамі» да наступнай сустрэчы прэзыдэнтаў Пятра Парашэнкі і Аляксандра Лукашэнкі, якая мае прайсьці 24–25 кастрычніка ў Гомлі ў рамках форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны.

Юрыю Палітыку паводле 114 артыкула Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (шпіянаж) пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй ці без канфіскацыі маёмасьці. Затрымалі яго летась у чэрвені на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы зь Беларусьсю. Падчас затрыманьня ў ягоным тэлефоне знайшлі зашыфраваны файл з мапай разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм». Паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве.

Украінскія экспэрты выказвалі думкі, што ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ на затрыманьне Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Паўло Шаройка ўжо асуджаны беларускім судом на 8 гадоў турмы за шпіянаж.

Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Украіны Ўладзімір Шкуроў казаў Свабодзе, што ўлады Беларусі і Ўкраіны абмяркоўваюць абмен Шаройкі на Палітыку, але гэта «далікатнае пытаньне».

Пазьней і старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Валер Вакульчык заявіў, што «не выключае» ў будучыні абмену грамадзянамі, абвінавачанымі ў Беларусі і Ўкраіне ў шпіянажы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG