Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядомая дата наступнай сустрэчы Лукашэнкі і Парашэнкі


Архіўнае фота. Аляксандар Лукашэнка (зьлева) і Пятро Парашэнка

Сустрэча заплянаваная 24–25 кастрычніка на форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны ў Гомлі.

На Першым форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, які адбудзецца 24–25 кастрычніка ў Гомлі, будуць выпрацаваныя новыя ініцыятывы і формы эканамічнага, інвэстыцыйнага, навукова-тэхнічнага і культурнага супрацоўніцтва краін на міжрэгіянальным узроўні.

Як паведамілі Свабодзе ў Чарнігаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі, форум адбудзецца пад патранатам Кабінэту міністраў Украіны і Савету міністраў Беларусі.

«Чакаецца ўдзел прэзыдэнтаў абедзьвюх краін», — дадалі ў адміністрацыі.

З пачатку гэтага году правядзеньне форуму было асноўнай тэмай дзьвюх тэлефонных размоў Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі. Яны адбываліся ў тыя дні, калі чарнігаўскі суд разглядаў справу затрыманага ва Ўкраіне грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі паводле абвінавачаньня ў зьбіраньні сакрэтнай інфармацыі на карысьць іншай дзяржавы.

Украінскія экспэрты выказвалі меркаваньні, што ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі менавіта ў адказ на затрыманьне Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Паўло Шаройка ўжо асуджаны беларускім судом на 8 год турмы за шпіянаж, у той час як украінскі суд зь лютага ня можа вынесьці вэрдыкт аб адпаведнасьці абвінавачаньня заканадаўству, каб пачаць разгляд справы па сутнасьці.

Цяпер улады Беларусі і Ўкраіны абмяркоўваюць абмен Шаройкі на Палітыку: прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Украіны Ўладзімір Шкуроў назваў гэтую тэму «далікатным пытаньнем». Пазьней і старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Валер Вакульчык ня выключыў, што Менск і Кіеў могуць абмяняцца грамадзянамі, абвінавачанымі ў шпіянажы.

Папярэдняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі прайшла 2 лістапада 2017 году ў Абу-Дабі. Тады, згодна з афіцыйнымі паведамленьнямі абодвух бакоў, Лукашэнка з Парашэнкам размаўлялі пра эканоміку — беларускі кіраўнік выказаў спадзеў на рост таваразвароту і пашырэньне супрацы рэгіёнаў.

Праз два з паловай тыдні пасьля гэтай сустрэчы прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка сваім указам звольніў Уладзімера Сінькевіча з пасады намесьніка старшыні Службы замежнай выведкі Ўкраіны. Хоць абгрунтаваньня такога кадравага рашэньня ва ўказе не было, большасьць экспэртаў зьвязалі яго якраз са «шпіёнскім скандалам»: КДБ Беларусі 20 лістапада 2017 году заявіў пра выкрыцьцё «ўкраінскай шпіёнскай сеткі», працу якой нібыта каардынаваў супрацоўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ігар Скварцоў, які дзейнічаў як супрацоўнік амбасады.

Скварцова абвясьцілі «пэрсонай нон-грата». І па гэтай жа справе быў арыштаваны карэспандэнт Украінскага радыё Паўло Шаройка.

Аляксандар Лукашэнка ў канцы лістапада 2017 году падчас рабочай паездкі ў Гомельскую вобласьць пацьвердзіў журналістам, што на ягонай сустрэчы зь Пятром Парашэнкам у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах абмяркоўвалася і «шпіёнская» справа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG