Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СБУ пра «беларускага шпіёна»: ніякіх псыхатропаў і фізычнага ціску пры затрыманьні не было


Юры Палітыка і ягоны ліст з турмы

Упраўленьне ўнутранай бясьпекі Службы бясьпекі Ўкраіны пад час праверкі не пацьвердзіла фактаў катаваньня, выкладзеных у заяве затрыманага летась у чэрвені ў Чарнігаве грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, які падазраецца ў шпіянажы.

«Падчас затрыманьня, правядзеньня сьледчых дзеяньняў ды канваяваньня згаданай асобы ніякага псыхалягічнага, фізычнага ды іншага ўзьдзеяньня на яго не ажыцьцяўлялася. Недазволеныя мэтады ў яго дачыненьні супрацоўнікамі Ўпраўленьня СБУ ў Чарнігаўскай вобласьці не выкарыстоўваліся. Пацьвярджае гэта ягоная заява ад 20 чэрвеня 2017 году», — паведамілі ў СБУ ў адказе на афіцыйны запыт Радыё Свабода.

У той жа час, у СБУ ўдакладнілі, што праверка абставінаў затрыманьня і правядзеньня сьледчых дзеяньняў адбывалася на падставе заявы Юрыя Палітыкі ад 10 ліпеня 2017 году. «Упраўленьне ўнутранай бясьпекі СБУ праверыла інфармацыю і дало адказ заяўніку пра непацьвярджэньне выкладзенай ім інфармацыі», — адзначаецца ў адказе.

«Інфармацыя не падлягае разгалашэньню»

Служба бясьпекі Ўкраіны таксама адмовілася абнародаваць апэратыўны відэазапіс працэсу затрыманьня Юрыя Палітыкі. «Згодна з патрабаваньнямі Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Ўкраіны зьвесткі дасудовага расьсьледаваньня можна абнародаваць толькі з дазволу сьледчага або пракурора, і толькі ў тым аб’ёме, які яны прызнаюць магчымым. Таму іншая інфармацыя не падлягае разгалашэньню», — падкрэсьлілі ў СБУ.

Служба бясьпекі Ўкраіны таксама ня мае інфармацыі наконт перамоў беларускага і ўкраінскага бакоў пра магчымы абмен Юрыя Палітыкі, затрыманага ва Ўкраіне, і ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі, затрыманага ў Менску летась у кастрычніку паводле аналягічнага абвінавачаньня.

Сёньня консул амбасады Беларусі ва Ўкраіне Сяргей Бобаў паведаміў, што Чарнігаўская вайсковая пракуратура пачала расьсьледаваньне агучаных Юрыям Палітыкам заяваў пра катаваньне.

XS
SM
MD
LG