Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская пракуратура расьсьледуе заявы пра катаваньне «беларускага шпіёна»


Юры Палітыка, затрыманы ва Ўкраіне па падазрэньні ў шпіянажы

Чарнігаўская вайсковая пракуратура пачала расьсьледаваньне агучаных ім заяваў пра катаваньне беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыкі, які ўтрымліваецца ў сьледчым ізалятары Чарнігава праз падазрэньне ў шпіянажы.

«Ёсьць інфармацыя пра тое, што Чарнігаўская вайсковая пракуратура працягвае расьсьледаваньне справы, адкрытай з прычыны фактаў катаваньня. Грамадзянін Беларусі таксама мае намер зьвярнуцца яшчэ з асобнаю заяваю, каб яго афіцыйна паінфармавалі пра ход расьсьледаваньня гэтай справы», — паведаміў Свабодзе консул амбасады Беларусі ва Ўкраіне Сяргей Бобаў.

Дыплямат таксама паведаміў, што сьледзтва ўжо завяршыла расьсьледаваньне справы Юрыя Палітыкі і вызначыла для яго тэрміны азнаямленьня зь яе матэрыяламі — да 18 студзеня. «Мы наведваем беларускага грамадзяніна і працуем з адвакатам, які прысутнічае на ўсіх судовых паседжаньнях. Учора я якраз зь ім сустракаўся і бачыў адпаведную пастанову. Прадугледжваецца, што да 25 студзеня яму выставяць афіцыйнае абвінавачаньне», — дадаў ён.

Згодна з папярэднім рашэньнем суду, 18 студзеня завяршаецца тэрмін арышту Юрыя Палітыкі. «Але да гэтай даты сьледзтва будзе працягваць ягоны арышт», — паведаміў Сяргей Бобаў.

Расьсьледаваньне справы грамадзяніна Беларусі, затрыманага летась у чэрвені ў Чарнігаве праз падазрэньне ў зборы сакрэтнай інфармацыі на карысьць Расеі, падоўжана да 20 студзеня, а яго знаходжаньне пад вартаю — да 18 студзеня. Пазьней у Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі, што сьледзтва «не сьцьвярджае шпіёнства з боку грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на карысьць Расейскай Фэдэрацыі».

Беларусу пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці.

Летась у кастрычніку стала вядома, што Ўкраіна зьвярнулася да кампэтэнтных органаў Беларусі па прававую дапамогу ў гэтай справе, але беларускі бок адмовіў у прадастаўленьні такой дапамогі.

У студзені стала вядома пра заяву Юрыя Палітыкі, у якой ён абвінаваціў СБУ ў катаваньні і выкарыстаньні псыхатропаў падчас ягонага затрыманьня ў Чарнігаве. Але Служба бясьпекі Ўкраіны дагэтуль сытуацыю не камэнтуе.

Маці «беларускага шпіёна», арыштаванага ў Чарнігаве: «Ня веру, што сын працаваў на КДБ»

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG