Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СБУ пра справу «беларускага шпіёна»: сьледзтва ўжо ня ўпэўненае, што ён працаваў на Расею


Служба бясьпекі Ўкраіны заяўляе, што завяршае сьледзтва і плянуе перадаць у суд справу затрыманага ў чэрвені ў Чарнігаве грамадзяніна Беларусі. Яго падазраюць у незаконным зборы сакрэтнай інфармацыі.

«Сьледзтва не сьцьвярджае шпіёнства з боку грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на карысьць Расейскай Фэдэрацыі», — адзначаецца ў адказе Службы бясьпекі Ўкраіны на афіцыйны запыт Радыё Свабода.

Кіраўніца ўпраўленьня па ўзаемадзеяньні са СМІ і грамадзкасьцю СБУ Алена Гітлянская таксама дадала, што затрыманы беларус атрымлівае консульскую дапамога з боку беларускай амбасады ва Ўкраіне. Паводле яе, беларускія дыпляматы некалькі разоў сустракаліся з арыштаваным.

«Апошняя такая сустрэча адбылася 10 лістапада», — адзначыла Алена Гітлянская.

Арыштаванага беларуса ў Чарнігаўскім сьледчым ізалятары некалькі разоў наведвала і ягоная маці. Затрыманы прайшоў «усебаковае мэдычнае абсьледаваньне, згодна зь якім ягоны стан здароўя вызначаны здавальняючым».

Раней суд падоўжыў расьсьледаваньне справы грамадзяніна Беларусі да 20 студзеня наступнага года, а яго знаходжаньне пад вартаю — да 18 студзеня. Як адзначалася ў адпаведным рашэньні суда, завяршыць дасудовае расьсьледаваньне справы не дазваляе адсутнасьць вынікаў прызначаных судовых экспэртыз, а таксама выкананьня кампэтэнтнымі органамі Беларусі даручэньня аб міжнароднай прававой дапамозе.

Украінскія экспэрты выказвалі меркаваньні, што справа затрыманага ў Беларусі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі ёсьць адказам менавіта на затрыманьне беларускага грамадзяніна ў Чарнігаве.

У кастрычніку стала вядома, што Ўкраіна зьвярнулася да кампэтэнтных органаў Беларусі па прававую дапамогу ў гэтай справе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG