Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачаных у шпіянажы ўкраінца і беларуса могуць абмяняць, — былы намесьнік старшыні СБУ 


Віктар Ягун, намесьнік старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны ў 2014-2015 гадах

Намесьнік старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны ў 2014-2015 гадах Віктар Ягун мяркуе, што «шпіёнская» справа ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі можа быць адказам беларускіх спэцслужбаў на затрыманьне ва Ўкраіне беларускага грамадзяніна, які з чэрвеня знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Чарнігава па абвінавачаньні ў зборы сакрэтнай інфармацыі на карысьць Расеі.

«Проста дагэтуль беларусы ня мелі прыдатнай асобы і выйшлі на тую фігуру, інфармацыя па якой была на паверхні, і ўсё складвалася — чалавек калісьці служыў, прычым гэтага не прыхоўваў, і афіцыйна знаходзіўся ня першы год у Беларусі. Таму і зацягваньне было гэтага працэсу. А не разгалошвалі з 25 кастрычніка па 17 лістапада, бо спрабавалі без агалоскі дамовіцца аб абмене. Мяркую, што абмен не атрымаўся якраз праз разгалошваньне, якое адбылося не зь віны тых ці іншых прадстаўнікоў органаў улады, а працадаўцы, жонкі, родных, калег», — сказаў Свабодзе Віктар Ягун.

У той жа час генэрал-маёр запасу мяркуе, што пытаньне абмену ўсё яшчэ магчыма, але яго давядзецца разьвязваць на найвышэйшым узроўні. «Пытаньне абмену перайшло на іншую стадыю. Пад кантролем прэсы гэта ўжо зусім іншы ўзровень. Не выключаю, што цяпер будзе асабісты кантакт Лукашэнкі з Парашэнкам, і гэта можа быць вырашана. Прынамсі такі варыянт ёсьць», — дадаў ён.

Магчыма, і справа Шаройкі — гэта нейкая сумесная апэрацыя.

Віктар Ягун перакананы, што сытуацыя ідзе не на карысьць Беларусі. «Распальваць нянавісьць паміж намі выгадна Расеі. Хоць тэндэнцыя вельмі дрэнная, калі ўспомніць выкраданьне Паўла Грыба і адсутнасьць рэакцыі з боку беларускіх афіцыйных органаў. Гэта такая непрыемная сытуацыя. Беларусь магла нейкі пратэст выказаць, сказаць, што гэта безь яе ведама, а калі яна проста прамаўчала, то складаецца ўражаньне, што ўсё адбывалася па згодзе. Магчыма, і справа Шаройкі — гэта нейкая сумесная апэрацыя, таму што ёсьць дастаткова падобныя элемэнты, якія кажуць пра тое, што гэта былі ня вельмі самастойныя крокі», — патлумачыў колішні намесьнік старшыні СБУ.

Украінскія вайсковыя экспэрты, да якіх Радыё Свабода зьвярнулася па камэнтар, кажуць, што ў публічнай прасторы недастаткова інфармацыі пра «справу Шаройкі», каб рабіць пэўныя высновы.

Выведныя структуры — гэта структуры, якія працуюць у цішыні, за зачыненымі дзвярыма.

«Гэтае пытаньне па-за маёй экспэртнай кампэтэнцыяй, — сказаў Свабодзе ўкраінскі вайсковы экспэрт Ігар Казій. — Вы сапраўды ведаеце, што яны вайсковыя шпіёны — адзін шпіёніць на карысьць Украіны, а другі — на карысьць Беларусі? Я не выключаю, што можа быць усё, што заўгодна, але пакуль ня будзе рэальных віны і абвінавачваньняў (гэта пракуратура), пакуль ня будзе рэальнага боку праваабаронцаў у працэсе, пакуль ня будзе па іх справах прынята судовае рашэньне, то бок вынесеныя прысуды, сказаць ніхто нічога ня можа. Бо выведныя структуры — гэта структуры, якія працуюць у цішыні, за зачыненымі дзвярыма. Я ня ведаю, чаму адзін або іншы бок вырашыў, што яны шпіёны. Трэба разьбірацца, а так эмацыйна гэтую задачу не вырашыць».

У сваю чаргу палітоляг Аляксандар Салантай мяркуе, што шпіёнскія справы ёсьць сьведчаньнем абвастрэньня канфлікту, які адбываецца «на шпіёнска-дыпляматычным флянгу паміж выведкай Расеі, якая кантралюе Беларусь, і ўкраінскай выведкай».

Калі гэта рэальныя шпіёны, то Беларусь і Ўкраіна будуць спрабаваць дамаўляцца.

«Калі гэта рэальныя шпіёны, то Беларусь і Ўкраіна будуць спрабаваць дамаўляцца. А калі гэта справы грамадзянаў, якія ня маюць дачыненьня да шпіянажу, то іхныя справы будуць у судзе. Але ёсьць яшчэ адзін нюанс. Гаворка ідзе яшчэ і пра грамадзян, якія маглі быць не шпіёнамі, але працавалі ў дыпляматычных прадстаўніцтвах. Усё роўна бакі павінны дамаўляцца, незалежна ад таго, былі яны сапраўднымі шпіёнамі ці не», — перакананы Аляксандар Салантай.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG