Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачала працу новая кіраўніца амэрыканскай амбасады ў Менску


Павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэнiфэр Мур сустрэлася зь міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем

29 жніўня часовую павераную ў справах Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Рэспубліцы Беларусь Джэніфэр Мур прыняў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, сказалі Свабодзе ў прэсавай службе МЗС.

Падставай для сустрэчы стаў пачатак яе дыпляматычнай місіі ў Беларусі.

Падчас размовы бакі абмеркавалі «стан і пэрспэктывы разьвіцьця беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў», падкрэсьлілі ў МЗС.

Паводле дыпляматычных працэдур амбасадар спачатку ўручае копіі сваіх даверчых лістоў міністру замежных спраў, каб пачаць працу на новым месцы. Затым працэдура прадугледжвае ўручэньне арыгіналаў даверчых лістоў кіраўніку дзяржавы. Але гэтыя правілы тычацца толькі амбасадараў, а для часовых павераных такія працэдуры не прадугледжаныя.

Чаму ў Беларусі няма амбасадара ЗША, а ў ЗША — амбасадара Беларусі

У сакавіку 2008 году пад ціскам беларускіх уладаў дыпляматычны штат амбасады ЗША ў Менску быў скарочаны — з 35 да 5 чалавек. Так афіцыйны Менск адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Вашынгтону, уведзеныя за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі. Крыху пазьней кіраўніцтва дыпляматычных прадстаўніцтваў абедзьвюх краін было зьніжанае з узроўню амбасадара да ўзроўню часовага паверанага. Апошнім амбасадарам ЗША ў Менску была Карэн Ст’юарт, апошнім амбасадарам Беларусі ў ЗША — Міхаіл Хвастоў.

У чэрвені 2016 году МЗС Беларусі не запярэчыў супраць пашырэньня штату амэрыканскай амбасады да сямі чалавек.

4 траўня 2018 году папярэдні часовы павераны Робэрт Райлі выказаў спадзеў, што амэрыканская амбасада ў Беларусі зноў будзе мець поўны штат, як да 2008 году, але адзначыў, што «працэс яе аднаўленьня вымагае часу, бо ёсьць амэрыканскія патрабаваньні і працэдуры». Акрамя таго, дадаў ён, "у выпадку зь Беларусьсю ёсьць некаторыя працэдуры, якія павінны быць узгодненыя зь беларускім бокам, і гэта таксама залежыць ад пазыцыі беларускага боку«.«Мы працуем над тым, каб амбасадары некалі вярнуліся (беларускі — у ЗША, амэрыканскі — у Беларусь. — РС), але я не магу сказаць дакладна, калі гэта можа адбыцца», — сказаў павераны ў справах ЗША ў Беларусі.

Джэніфэр Мур — кар’ерная дыпляматка

Джэніфэр Мур
Джэніфэр Мур

Перад прыездам у Менск займала пасаду намесьніка дырэктара ўпраўленьня па справах Паўднёвай Эўропы Дзярждэпартамэнту ЗША, якое адказвае за адносіны з Турэччынай, Грэцыяй і Кіпрам, паведамляецца на сайце амбасады ЗША ў Беларусі.

У яе багаты вопыт работы па эўрапейскай тэматыцы, і на працягу большай часткі сваёй кар’еры Мур спэцыялізавалася ў пытаньнях міжнароднага супрацоўніцтва і рэформаў у сфэры бясьпекі. Яна таксама працавала намесьніцай дырэктара ўпраўленьня Дзяржаўнага дэпартамэнту па міратворчай дзейнасьці, санкцыях і барацьбе з тэрарызмам, дарадцай у палітычных і эканамічных пытаньнях амбасады ЗША ў Тыране (Альбанія), на розных пасадах у палітычным, вайскова-палітычным і эканамічным аддзелах амбасадаў ЗША ў Анкары, Сараеве, Багдадзе і Джакарце.

Акрамя гэтага, Мур была дзяжурным супрацоўнікам апэратыўнага цэнтру Дзярждэпартамэнту і асыстэнтам памочніка дзяржсакратара ЗША ў вайскова-палітычных пытаньнях.

Дыпляматка ня раз атрымлівала найвышэйшыя ганаровыя ўзнагароды Дзярждэпартамэнту. Вывучала расейскую, турэцкую, сэрбскахарвацкую, альбанскую і інданэзійскую мовы.

Джэніфэр Мур нарадзілася ў штаце Джорджыя і скончыла Тэхналягічны інстытут штату, атрымаўшы ступень бакаляўра і магістра міжнародных адносін, а таксама магістра публічнай палітыкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG