Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не ўтрымалі. Сярэдні заробак у Беларусі ўпаў прыкметна ніжэй за «па пяцьсот»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Падзеньне нават большае, чым прагназавала Свабода. Хаця бывала і горш.

Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас агучыў на паседжаньні Савету міністраў статыстыку па заробках за студзень 2019 году: сярэдні налічаны заробак склаў 982 рублі.

Як заявіў Румас, гэта, «у прынцыпе, знаходзіцца ў межах прагнозу ўраду». Але гэта ніжэй за прагноз, які рабіла Свабода на падставе падзеньня заробкаў у мінулых гадах.

Студзеньскія 982 рублі — гэта 455,18 даляра паводле сярэдняга курсу Нацбанку за студзень.

У сьнежні ж было 1115,3 рубля — на сьнежань гэта было 523,17 даляра.

Студзеньскія заробкі ў беларускай статыстыцы звычайна ніжэйшыя за сьнежаньскія — магчыма, таму, што ў сьнежні ўлічваюць гадавыя прэміі, якія даюць некаторым работнікам.

Цяпер сярэдні заробак упаў у рублях на 13,57%, у даляравым эквіваленце на 13,0%. У сярэднім за папярэднія пяць гадоў заробак падаў у далярах са сьнежня да студзеня на 16,84%, але калі адкінуць «крызісныя» гады (2014/15 і 2015/16), то сярэдняе падзеньне ў «звычайных» умовах складала каля 10%.

​Заробкі «па пяцьсот» даляраў або па 1000 рублёў Аляксандар Лукашэнка абяцае ужо больш за 12 гадоў, але ўтрымаць іх на такім узроўні працяглы час не ўдаецца. «Па пяцьсот», што былі ў сьнежні, былі дасягнутыя ўпершыню за чатыры гады.

Пры тым сярэдні налічаны заробак — ня той, што атрымлівае на рукі сярэднестатыстычны беларус. Звычайны беларус, адносна якога палова краіны атрымлівае больш, а палова менш, мае «па трыста пяцьдзясят».

Аб выніках 2018 году Румас таксама расказваў: рэальныя даходы насельніцтва вырасьлі на 8%, што ў 2,5 раза вышэй за прагноз ураду, а рэальны заробак вырас аж на 11,6% (у бюджэтнай сфэры — на амаль 14%).

Менавіта сярэдні налічаны заробак за год, са студзеня 2018 году па студзень 2019-га, вырас на 123 рублі або 14,32% — калі пералічыць у даляры, то вырас на 23,24 даляра або 5,38% у даляравым эквіваленце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG