Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея назвала Беларусь у лідэрах паводле колькасьці антырасейскіх санкцыяў


© Shutterstock
© Shutterstock

Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі падлічыла зьнятыя і лібэралізаваныя за 2018 год гандлёвыя абмежаваньні з боку іншых краінаў: адмененыя 32 абмежаваньні або пагрозы абмежаваньня, якія маглі б пашкодзіць на 330 млн даляраў за год.

Пра Беларусь у дакумэнце пішуць: за 2018 год зраўнялася стаўка падатку на даданую вартасьць на тавары зь Беларусі і Эўразійскага гандлёвага саюзу, адмянілі працэдуру дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспэртызы (акрамя прадукцыі, якая належыць дзяржаўнай рэгістрацыі).

Антырасейскія гандлёвыя санкцыі па краінах у 2018 годзе
Антырасейскія гандлёвыя санкцыі па краінах у 2018 годзе

Паводле колькасьці абмежавальных захадаў да Расеі Беларусь апынулася (з 13 санкцыямі) на 4-м месцы пасьля краінаў Эўразьвязу (якія праводзяць супольную гандлёвую і мытную палітыку, у іх 25 захадаў), Украіны (22) і Індыі (16), абагнала Турэччыну (12) і ЗША (9).

Але беларускія санкцыі ня надта шкодзяць расейскай эканоміцы, сьцьвярджае расейскае міністэрства. Шкоду ад захадаў Эўразьвязу ацанілі ў 2,4 млрд даляраў, ад ЗША — на 1,2 млрд, ад Украіны — на 775 млн, а ад Беларусі — на 42 млн. Паводле ацэненай шкоды Беларусь толькі на 10-м месцы, між Тайляндам і Бразыліяй.

Што за захады, не ўдакладняецца

Расейскае Мінэканомікі не ўдакладняе, якія менавіта захады ўводзяцца іншымі краінамі (і ці ёсьць сярод іх санітарныя, антыдэмпінгавыя або абгрунтаваныя іншым непалітычным чынам).​

У Беларусі, паводле прэзэнтацыі, выяўлена сярод іншага нетарыфная мера — «дазваляльная сыстэма» імпарту ў Беларусь расейскага мяса, рыбы або малочнай прадукцыі.

Якія захады, у якой колькасьці і ў якіх «аб’ёмах шкоды» сама Расея ўвяла ў дачыненьні Беларусі, таксама не паведамляецца.

Пры тым між Беларусьсю і Расеяй рэгулярна адбываюцца «малочныя войны», «мясныя войны» ды іншыя гандлёвыя спрэчкі. Часам яны тычацца сумневаў у якасьці беларускай прадукцыі, часам — падазрэньняў у пастаўках у Расею «санкцыйных» прадуктаў пад выглядам беларускіх (напрыклад, беларускіх крэвэтак або папаі).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG