Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэркель: ЭЗ не зацікаўлены ў поўным разрыве сувязей з Масквой


Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што Бэрлін па-ранейшаму падтрымлівае санкцыі супраць Расеі, уведзеныя ў сувязі з анэксіяй Крыма і канфліктам на ўсходзе Ўкраіны, і заклікала павялічыць захады ў справе дасягненьня мірнага ўрэгуляваньня на Данбасе.

Пры гэтым у сваім выступе на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы ў суботу Мэркель падкрэсьліла, што выступае супраць разрыву Эўразьвязам эканамічных і палітычных сувязяў з Масквой. Мэркель, у прыватнасьці, назвала «палітычна няслушнымі» заклікі пазбавіць Расею доступу да эўрапейскага рынку прыроднага газу. Яна адзначыла, што ЭЗ было б нявыгадна, калі б Расея цалкам пераарыентавалася ў сваіх кантактах на Кітай.

Мэркель нагадала, што нават у гады халоднай вайны Эўропа атрымлівала газ з Савецкага Саюзу. Яна выступіла за працяг транзыту расейскага газу праз Украіну, але пры гэтым нагадала, што газ, які паступае праз Украіну, застаецца па сваім паходжаньні расейскім. Гэтая частка яе выступу па сутнасьці была палемікай з пазыцыяй Злучаных Штатаў, якія рэзка крытыкуюць збудаваньне газаправоду «Паўночны паток — 2» па дне Балтыйскага мора. Мэркель таксама асудзіла ЗША за пратэкцыянісцкія меры, заявіўшы, што нямецкія аўтамабілі не ўяўляюць пагрозы для амэрыканскіх рынкаў.

Кажучы пра NATO, канцлерка Нямеччыны заявіла, што сучасны сьвет мае патрэбу ў падобных абарончых саюзах для забесьпячэньня бясьпекі. Яна таксама назвала непазьбежным выхад ЗША з Дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасьці з прычыны дзеяньняў Расеі, але заклікала да перамоваў аб новым раззбраеньні, якое павінна распаўсюджвацца і на Кітай.

У канфэрэнцыі па бясьпецы ў Мюнхэне ўдзельнічаюць каля 30 кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў, у тым ліку, у прыватнасьці, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. ЗША прадстаўляе віцэ-прэзыдэнт Майкл Пэнс, а Расею — кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG