Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Указ Трампа аб надзвычайным становішчы: абурэньне дэмакратаў і пазоў тэхаскіх землеўладальнікаў


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. 15 лютага 2019 году.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. 15 лютага 2019 году.

Юрыдычны камітэт Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША пачаў праверку пасьля падпісаньня прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам указу аб надзвычайным становішчы на мяжы з Мэксыкай.

Кангрэсмэны патрабуюць правесьці слуханьні з удзелам Пэта Чыпалонэ, юрысконсульта Белага дому, і прадстаўнікоў Мінюсту ЗША, каб тыя далі юрыдычнае і фінансавае абгрунтаваньне рашэньня Трампа ўвесьці рэжым надзвычайнага становішча, паведамляе Настоящее время.

Указ, які дае яму дадатковыя паўнамоцтвы для атрыманьня фінансаваньня ў абыход Кангрэсу, лідэр Злучаных Штатаў падпісаў напярэдадні.

«Парушэньні прынцыпу падзелу ўладаў»

«Абвяшчэньне надзвычайнага становішча — сьведчаньне парушэньня прынцыпу падзелу ўладаў, аднаго з ключавых прынцыпаў Канстытуцыі. Гэтыя дзеяньні будуць мець рэальныя наступствы», — гаворыцца ў лісьце старшыні Джэральда Надлера і іншых членаў юрыдычнага камітэту.

Яны нагадваюць Трампу, што фінансамі распараджаецца Кангрэс, і Канстытуцыя наўпрост паказвае, што «грошы ня могуць быць узятыя з казны ні ў якіх выпадках, акрамя прадугледжаных законам». Надзвычайнае становішча ж можа быць уведзена ў выпадку рэальнага крызісу: ваеннага канфлікту, стыхійнага бедзтва і іншых падобных сытуацый. «Прыдумляючы надзвычайнае становішча, каб абыйсьці існуючы парадак фармаваньня бюджэту, вы злоўжывае даверам», — гаворыцца ў лісьце.

Копіі запатрабаваных кангрэсмэнамі дакумэнтаў і адказы ад Белага дома і Мінюста павінны быць прадастаўленыя не пазьней за 22 лютага.

У перавышэньні паўнамоцтваў кіраўніка выканаўчай улады і ўварваньні ў зону адказнасьці Кангрэсу Трампа абвінавацілі таксама спікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі і лідэр дэмакратычнай меншасьці ў Сэнаце Чак Шумер.

Тры тэхаскіх землеўладальніка

Першы пазоў, зьвязаны з указам Трампа, ужо пададзены ў суд акругі Вашынгтон. Група адвакатаў Public Citizen запатрабавала заблякаваць рашэньне прэзыдэнта аб увядзеньні рэжыму надзвычайнага становішча на паўднёвай мяжы. Юрысты дзейнічаюць ад імя эколягаў з Frontera Audubon Society і трох тэхаскіх землеўладальнікаў, чые ўладаньні непасрэдна закране заплянаванае Трампам будаўніцтва сьцяны.

Пазоўнікі просяць суд усталяваць той факт, што прэзыдэнт парушае прынцып падзелу ўладаў і заканадаўства аб надзвычайных становішчах, а таксама не дазволіць яму марнаваць бюджэтныя сродкі, прызначаныя для будаўніцтва ваенных аб’ектаў, на ўзьвядзеньне сьцяны.

Плот на мяжы, які Дональд Трамп прапануе замяніць сьцяной.
Плот на мяжы, які Дональд Трамп прапануе замяніць сьцяной.

Плот на мяжы, які Дональд Трамп прапануе замяніць сьцяной

Адзіная рэальная прычына, па якой Трамп парушае вышэйпералічаныя законы, гаворыцца ў пазове, — гэта не выдуманае «надзвычайнае становішча» з прычыны адсутнасьці сьцяны на мяжы з Мэксыкай, а яго жаданьне хутчэй выканаць перадвыбарчае абяцаньне, дадзенае ў 2016 годзе.

Сэнат і Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША зацьвердзілі праект бюджэту ўраду, згодна зь якім на ўстаноўку агароджы на мяжы выдзелена $ 1,5 млрд. Дональд Трамп прасіў на сьцяну $ 5,7 млрд.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG