Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп: «Не хвалюйцеся, у нас будзе сьцяна!»


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што мае намер зрабіць усё, што ад яго залежыць, каб перашкодзіць пранікненьню ў ЗША ісламскіх тэрарыстаў-радыкалаў.

«Мы не павінны прымаць людзей, якія хочуць прыгнятаць, прычыняць боль ці забіваць нявінных амэрыканцаў. Яны ня змогуць заехаць. Так што дазвольце мне заявіць пра гэта так ясна, як я толькі магу: мы зьбіраемся стрымаць радыкальных ісламскіх тэрарыстаў ад пранікненьня ў нашу краіну» , - падкрэсьліў Трамп.

Ён выступіў у суботу (29 красавіка) на мітынгу ў Гарысбэргу (штат Пэнсільванія), каб адзначыць свае першыя 100 дзён на пасадзе прэзыдэнта.

Па словах Трампа, сьвет ужо бачыў шмат кровапраліцьцяў, пачынаючы ад тэрактаў 11 верасьня 2001 году да Бостана і Сан-Бернардына. «Мы бачылі кровапраліцьце за мяжой», — нагадаў ён.

Паводле яго, існуе дастаткова падстаў для заклапочанасьці ў Злучаных Штатах, якія, як ён выказаўся, «мы так моцна любім».

Трамп паабяцаў забясьпечыць выкананьне законаў, паколькі незаконная іміграцыя ўзрасла, уцекачы, як ён выказаўся, «затапілі краіну, а ненадзейная праверка пагражае бясьпецы сем’яў амэрыканцаў».

«Вашы просьбы, нарэшце, былі пачутыя — о, не хвалюйцеся, у нас будзе сьцяна. Не турбуйцеся пра гэта!» — падкрэсьліў Трамп, нагадаўшы аб сваім перадвыбарным абяцаньні пабудаваць сьцяну паміж ЗША і Мэксыкай.

XS
SM
MD
LG