Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заявіў пра абвяшчэньне надзвычайнага становішча


Дональд Трамп
Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што падпіша сёньня пастанову аб увядзеньні ў краіне надзвычайнага становішча, каб у абыход Кангрэсу атрымаць сродкі на будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай.

Раніцай у пятніцу прэзыдэнт выступіў у Ружавым садзе Белага дому з сэрыяй «камэнтароў з нагоды нацыянальнай бясьпекі і крызісу на паўднёвай мяжы».

У чацьвер увечары Сэнат і Палата прадстаўнікоў прынялі законапраект аб памежнай бясьпецы, які забясьпечвае фэдэральныя ўстановы фінансаваньнем і закліканы прадухіліць чарговае частковае закрыцьцё ўраду.

Трамп мае падпісаць законапраект да поўначы ў пятніцу, і, як заявілі ў чацьвер у Белым доме, ён мае намер гэта зрабіць.

У законапраекце закладзена толькі 1,3 мільярда даляраў на будаўніцтва ўсяго 90 км новых памежных загародаў, тым часам як прэзыдэнт патрабаваў вылучыць 5,7 мільярда.

Аднак абвяшчэньне надзвычайнага становішча дазволіць Трампу задзейнічаць для будаўніцтва сьцяны сродкі з фэдэральнага бюджэту, выдзеленыя на іншыя патрэбы.

Рашэньне аб абвяшчэньні надзвычайнага становішча напэўна будзе аспрэчанае ў судзе дэмакратамі, што можа адцягнуць будаўніцтва на гады.

«Абвяшчэньне надзвычайнага становішча было б беззаконным учынкам, сур’ёзным злоўжываньнем прэзыдэнцкімі паўнамоцтвамі і адчайнай спробай адцягнуць увагу ад таго факту, што прэзыдэнт Трамп парушыў сваё абяцаньне прымусіць Мэксыку заплаціць за сьцяну», — гаворыцца ў супольнай заяве сьпікера Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі і лідэра сэнацкай дэмакратычнай меншасьці Чака Шумэра.

Паводле іх, сьцяна будзе неэфэктыўная ў барацьбе зь нелегальнай іміграцыяй і абыдзецца краіне занадта дорага. Дэмакраты лічаць, што ніякай надзвычайнай сытуацыі на мяжы няма, а Трамп яе выдумляе.

Некаторыя рэспубліканцы таксама з сумневам ставяцца да ідэі абвяшчэньня надзвычайнага становішча.

Паводле крыніцы ў Кангрэсе, прэзыдэнт можа ўзяць грошы зь нявыкарыстаных сродкаў на вайсковае будаўніцтва, дзе ёсьць 21 мільярд даляраў. Аднак гэтыя сродкі павінны быць выкарыстаныя на падтрымку ўзброеных сілаў, і незразумела, ці задавальняе будаўніцтва сьцяны гэтаму патрабаваньню.

Прэзыдэнт настойвае, што на мяжы з Мэксыкай паўстаў крызіс, а спыніць прыток у краіну нелегальнай іміграцыі, злачыннасьці, наркотыкаў і злачынных груповак можна толькі з дапамогай сьцяны.

Трамп паабяцаў пабудаваць сьцяну яшчэ падчас перадвыбарчай кампаніі, запэўніўшы, што выдаткі на будаўніцтва возьме на сябе Мэксыка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG