Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абзываўся „жы...мі“ і зрываў бел-чырвона-белы сьцяг» — Чарговая бойка ля Курапатаў


Увечары 6 лютага каля рэстарацыі «Поедем поедим», што ўстыч да Курапатаў, адбыўся напад на пікетоўцаў. Паводле абаронцы Курапат Паўла Севярынца, нападнік адмыслова прыехаў дзеля гэтага да рэстарацыі.

«Мужчына 50-55 гадоў прыехаў на шэрай „Мазьдзе“, нумар нам вядомы. Пачаў абражаць нас рознымі брыдкімі словамі, у тым ліку называў „жы...мі“, казаў, што ў Курапатах „ж...оў“ стралялі і нас „трэба страляць“. Накінуўся на пікетоўца Юрася Палейку, ударыў яго ў твар, а потым накінуўся на мяне, пачаў зрываць зь мяне бел-чырвона-белы сьцяг. Мы яго не чапалі, заклікалі супакоіцца. То бок з нашага боку бойкі не было. Таму і лічу, што гэта была правакацыя. Ён яўна спрабаваў справакаваць нас на нейкую агрэсію, але не ўдалося, і таму зьехаў», — сказаў Севярынец.

Актывіст БХД Юрась Палейка, які пацярпеў ад нападніка, распавёў пра інцыдэнт каля рэстарацыі:

«Гэты чалавек фактычна наехаў на мяне, я паваліўся на капот, але ніякіх пашкоджаньняў аўто не было. Тут ён выскачыў і кінуўся біцца, ударыў мяне ў твар. Потым накінуўся на іншых пікетоўцаў. Але самае дзіўнае, як павялі сябе міліцыянты. Тыя, якія здымаюць нашы пікеты на відэа, ані слова яму не сказалі. Пасьля інцыдэнту прыяжджаў яшчэ нарад міліцыі, але іх таксама гэты хуліган не зацікавіў, нават не запісалі нумар ягонага аўто».

Юры Палейка яшчэ ня вырашыў, ці будзе падаваць у міліцыю заяву на чалавека, які яго ўдарыў.

«Калі мы выклікаем міліцыю, гэта сканчаецца тым, што на нас жа і складаюць пратаколы. Таму яшчэ падумаю, што рабіць», — сказаў актывіст.

Паводле Паўла Севярынца, да інцыдэнту сёньняшняе пікетаваньне рэстарацыі праходзіла бесканфліктна.

«Мы не замінаем аўтамабілям, толькі папярэджваем кіроўцаў і наведнікаў, што рэстаран пабудаваны незаконна. Кіроўцы бяруць улёткі і едуць далей. Гэтаму трэба было іншае. І правакацыя, якую ён учыніў, яўна сьведчыць пра тое, што ў некага здаюць нэрвы. Маю на ўвазе тых, каго злуе праўда пра Курапаты, у тым ліку нашы патрабаваньні раскрыць архівы і назваць імёны расстраляных. Адсюль гэтыя пагрозы і абразы», — мяркуе Павал Севярынец.

Пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим» каля Курапатаў працягваецца дзявяты месяц. Пікетоўцы патрабуюць закрыцьця рэстарацыі, бо лічаць, што яна пабудаваная з парушэньнямі заканадаўства і сваёй дзейнасьцю парушае прынятыя ў грамадзтве нормы маралі. Уласьнікі рэстарацыі сьцьвярджаюць, што яна пабудаваная ў адпаведнасьці з законам.

Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. ​Што важна ведаць

Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.

З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.

Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ

​1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.

З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.

Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.

За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.

Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.

20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.

Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў

Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.

​7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG