Амбасада ЗША заклікала асудзіць вандалаў, якія разьбілі «лаву Клінтана»

Пашкоджаная вандаламі «лава Клінтана» ў Курапатах
Пашкоджаная вандаламі «лава Клінтана» ў Курапатах

Амбасада ЗША заклікала беларускія ўлады расьсьледаваць разбурэньне «лавы Клінтана» і «прыцягнуць вінаватых да адказнасьці», піша сайт амбасады.

Пра што яшчэ напісалі ў заяве?

«Мы перакананыя, што гэты ўчынак выклікае агіду ў грамадзян і ўладаў Беларусі. Знішчэньне лаўкі не адаб’ецца на падтрымцы з боку ЗША незалежнасьці і сувэрэнітэт Беларусі, а таксама той канструктыўнай ролі, якую Беларусь адыгрывае ў рэгіёне.

Вандалы могуць зьнішчыць лаўку, але не тое, што яна сабой увасабляе. Месца роздуму для наведвальнікаў Курапат, лаўка сымбалізуе такія агульныя каштоўнасьці, як рашучае процістаяньне тыраніі і тэрору, і надзею, што падзеі, якія адбыліся тут восемдзесят год таму, болей нідзе і ніколі не паўторацца».

​Гісторыя «лавы Клінтана»

15 студзеня 1994 году прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан наведаў Беларусь з афіцыйным візытам. Гэта пакуль адзіны ў гісторыі незалежнай Беларусі візыт кіраўніка ЗША.

Візыт Клінтана быў кароткі, усяго дзень, але прэзыдэнт знайшоў час пабываць у Курапатах, дзе ўсклаў кветкі да крыжа пакутаў, усталяванага ў памяць дзясяткаў тысяч ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Тут жа Біл Клінтан урачыста адкрыў мэмарыяльны знак з надпісам «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці». Гэты знак — каменную лаву — прывезьлі з Штатаў літаральна за дзень да візыту Клінтана і ўсталявалі ў Курапатах у ноч на 15 студзеня.

Біл Клінтан і Станіслаў Шушкевіч у Менску, 15 студзеня 1994 году
Біл Клінтан і Станіслаў Шушкевіч у Менску, 15 студзеня 1994 году

1 лютага невядомыя разьбілі «лаву Клінтана» ва Ўрочышчы Курапаты. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле арт. 344 КК Беларусі, паводле якога пашкоджаньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў або аб’ектаў, якім можа быць прысвоены такі статус караецца:

  • грамадзкімі працамі;
  • штрафам або арыштам;
  • да 3 гадоў абмежаваньнем волі ці пазбаўленьня волі.

​
XS
SM
MD
LG