Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што дасьць пастанова ўраду № 69 народнаму мэмарыялу ў Курапатах?


Курапаты
Курапаты

Беларускі ўрад ухваліў пастанову № 69, паводле якой «месцы масавых пахаваньняў цывільнага насельніцтва» прыраўнаныя да вайсковых пахаваньняў і пахаваньняў ахвяр вайны. Прэсавы сакратар прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзіслаў Сычэвіч пацьвердзіў Свабодзе, што пастанова тычыцца і Курапатаў.

30 студзеня прэм’ер-міністар Сяргей Румас унёс зьмены ў пастанову ўраду № 675 (PDF) «Аб зацьвярджэньні правілаў добраўпарадкаваньня мэмарыялаў, помнікаў баявой славы, вайсковых пахаваньняў і пахаваньняў ахвяраў войнаў», прынятую 17 верасьня 2018 году.

Зьмены апублікаваныя 5 лютага на сайце Нацыянальнага прававога інтэрнэт-парталу.

Свабода сабрала першыя рэакцыі на пастанову ўраду ад зацікаўленых бакоў.

У сельсавеце пастанову пакуль не чыталі

Выкананьне пастановы Саўміну ўскладзена на мясцовыя органы ўлады. Жанна Варабей, старшыня Бараўлянскага сельсавету, сказала Свабодзе, што яшчэ ня бачыла гэтай пастановы.

«Па-другое, Курапаты знаходзяцца на землях ляснога фонду, землекарыстальнікам зьяўляецца Бараўлянскі спэцлясгас. І яшчэ тое, што тэрытарыяльна Курапаты знаходзяцца часткова на тэрыторыі Бараўлянскага сельсавету Менскага раёну, а часткова — на тэрыторыі гораду, гэта ўжо іншае пытаньне. Таму прабачце, але ніякіх камэнтароў даваць ня буду».

Шапуцька: «Пастанова ўраду дапаможа закрыць рэстарацыю „Поедем поедим“»

Ганна Шапуцька
Ганна Шапуцька

Ганна Шапуцька, старшыня грамадзянскай ініцыятывы «Абаронім Курапаты», лічыць, што пастанова ўраду № 69 — крок наперад у справе абароны памяці аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій.

«У прыватнасьці, паводле гэтай пастановы нельга аказваць забаўляльныя паслугі ў ахоўнай зоне вакол Курапат. А яна там складаецца з зоны аховы і зоны рэгуляванай забудовы, дзе якраз апынуўся сумнавядомы рэстаран „Поедем поедим“. Там у іх танцпол, там праводзяць фаервэркі ды іншыя забаўляльныя мерапрыемствы. То бок гэта вельмі своечасовае і важнае дапаўненьне ў пастанову Саўміну ад 17 верасьня 2018 году, якое дапаможа зачыніць гэты „Бульбаш-хол“ ці хаця б перавесьці ў нейкую іншую функцыянальную дзейнасьць».

Астаповіч: «Пастанова можа стаць праблемнай для Курапатаў»

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч

Антон Астаповіч, старшыня «Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры», не падзяляе аптымізму Ганны Шапуцькі адносна таго, што пастанова ўраду нечым паспрыяе захаваньню народнага мэмарыялу ў Курапатах.

«Вось у верасьнёўскай пастанове Саўміну напісана ў пункце 6: „Ахоўныя зоны мэмарыялаў, помнікаў вайсковай славы, вайсковых пахаваньняў і пахаваньняў ахвяр войнаў, якія ўключаныя ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, вызначаюцца ў адпаведнасьці з заканадаўствам аб культуры“. Цяпер па-ранейшаму ўсё вызначаецца заканадаўствам аб культуры, калі гаворка пра пахаваньні са статусам культурна-гістарычнай каштоўнасьці. Калі ж гаворка пра іншыя масавыя пахаваньні, дык вызначаецца заканадаўствам аб пахаваньні.

Што тычыцца адказнасьці мясцовых уладаў, дык гэта раней ужо прапісана адносна гісторыка-культурных каштоўнасьцяў у Кодэксе аб культуры, што адказнасьць нясуць тыя, на чыім балянсе ўтрымліваецца каштоўнасьць.

Што тычыцца рэгулярнага патруляваньня міліцыі. У Беларусі тысячы вайсковых пахаваньняў, і мне цяжка ўявіць, што гэтае патруляваньне ўдасца сапраўды арганізаваць. Дый што гэта дасьць? У Курапаты нарады міліцыі прыяжджаюць, але вандалізму гэта не спыняе, а разьлічваць на тое, што там зьявіцца стацыянарны пост міліцыі, не даводзіцца».

Антон Астаповіч таксама зьвярнуў увагу на 15-ы пункт пастановы ўраду, які, на ягоную думку, можа стаць праблемным для Курапат.

«Паводле гэтага пункту надпісы на крыжах маюць адпавядаць афіцыйным зьвесткам пра пахаваньне. Гэта азначае, скажам, што літоўскі ці іншыя імянныя крыжы гэтая пастанова дае права ўвогуле зносіць. Таму галоўнае — не пастановы, а тое, што, на жаль, Курапаты пакуль ня маюць статусу мэмарыялу, і калі мы хочам, каб яны захаваліся, трэба ўзаконьваць тое, што там зроблена, і дамагацца гэтага статусу».

Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. ​Што важна ведаць

Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.

З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.

Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ

​1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.

З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.

Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.

За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.

Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.

20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.

Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў

Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.

​7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG