Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камісіі яшчэ не падлічылі, хто з «дармаедаў» будзе аплачваць ЖКП па поўным тарыфе


«Адно вакно» ў Адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менска
«Адно вакно» ў Адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менска

У Беларусі пакуль ня складзены канчатковы сьпіс грамадзянаў, якія будуць аплачваць пэўныя жыльлёва-камунальныя паслугі па поўным тарыфе.

Пра гэта паведаміў 31 студзеня падчас онлайн-канфэрэнцыі першы намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч.

«Такім чынам, паведаміць дакладна пра колькасьць такіх грамадзянаў цяпер немагчыма».

Раней Лабовіч казаў, што каля 15% ад усіх платнікаў ЖКП, якія трапілі ў базу, могуць быць уключаныя ў сьпіс на аплату гарачай вады і цяпла з поўным пакрыцьцём выдаткаў.

Паводле Лабовіча, мясцовыя органы ўлады актывізавалі дзейнасьць «па садзейнічаньні ў пошуку працы грамадзянам, якія зь нейкай прычыны нідзе не працуюць, але хацелі б працаўладкавацца».

З 1 студзеня 2019 году працаздольныя грамадзяне, якiя зьяўляюцца платнікамi ЖКП і трапілі ў базу «дармаедаў», будуць аплачваць паслугі па поўным тарыфе.

Катэгорыі грамадзян, якіх адносяць да незанятых у эканоміцы, вызначаныя пастановай ураду ад 31 сакавіка 2018 году № 239.

Ці будзе пераразьлік, калі чалавека ўключылі ў базу памылкова?

Грамадзяне, якія атрымаюць такія жыроўкі, павінны зьвярнуцца ў камісію па месцы жыхарства і падаць неабходныя дакумэнты, якія пацьвярджаюць занятасьць. Аплату ЖКП пералічаць.

​«База адпрацоўваецца камісіямі»

Тое, што ў «дармаедзкую» базу трапляюць людзі, якіх там не павінна быць, Валеры Кавалькоў патлумачыў тым, што «база фармуецца аўтаматычна».

«Бяруцца зьвесткі пра ўсіх працаздольных грамадзян у працаздольным узросьце, і з гэтага масіву дадзеных выключаюцца катэгорыі грамадзян, якія вызначаныя пастановай Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 сакавіка 2018 году № 239. Сфармаваная база цяпер адпрацоўваецца камісіямі».

Ці будуць новыя паслугі, якія «дармаеды» павінны аплачваць па поўнай?

Паводле Андрэя Лабовіча, «у цяперашні час пытаньне аб увядзеньні новых паслуг (апроч жыльлёва-камунальных. — РС) не разглядаецца».

Ці трэба штоквартальна пацьвярджаць занятасьць?

Пэрыяд, на які грамадзяне прызнаюцца занятымі ў эканоміцы, вызначаецца камісіяй на падставе прадстаўленых дакумэнтаў, сказаў Лабовіч.

Гэта можа быць тэрмін дзеяньня прадстаўленага дакумэнту. Калі яго няма, то максымальны пэрыяд, на які грамадзяне ня будуць уключацца ў сьпіс, складае адзін год.

Калі дакумэнты не пацьвярджаюць занятасьць больш як на адзін квартал, то грамадзянін мусіць прадстаўляць іх у камісію штоквартальна.

Ці пагражаюць прагулы сябрам «дармаедзкіх» камісій?

Пасяджэньні камісій па каардынацыі работы па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва праводзяцца ў працоўны час. Сярод сяброў камісій ёсьць прадстаўнікі аховы здароўя, міліцыі, адукацыі і іншых сфэр.

Паводле намесьніка міністра працы і сацыяльнай абароны Валерыя Кавалькова, іх удзел у пасяджэньнях камісіі — не прагул.

Гэта абавязак, які прадугледжаны працоўнай дамовай (службовай інструкцыяй), лякальнымі нарматыўнымі прававымі актамі або заканадаўствам. Таму ён «падлягае выкананьню ў працоўны час і за заработную плату па займанай пасадзе».

Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт

Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

  • У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
  • Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.

Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.

Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі

Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.

ТЭСТ: Даведайцеся, ці вы «дармаед»?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG