Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ўрад зьмяніў у рэалізацыі «дэкрэту аб дармаедах». Сьцісла


«Марш абураных беларусаў» у Гомлі, 19 лютага 2017 году, ілюстрацыйнае фота
«Марш абураных беларусаў» у Гомлі, 19 лютага 2017 году, ілюстрацыйнае фота

Савет Міністраў Беларусі прыняў пастанову (PDF), якая карэктуе ранейшыя дакумэнты, зьвязаныя з так званым «дармаедзкім дэкрэтам» Аляксандра Лукашэнкі.

Збор не скасоўваюць, але са сьпісу дармаедаў выкрэсьліваюць некаторыя катэгорыі грамадзянаў.

У лік дармаедаў ня будуць уключаць:

  • непаўналетніх на момант складаньня базы (цяпер зьявілася ўдакладненьне, што ў сьпісы «дармаедаў» ад МУС уключаюцца толькі людзі, якім ужо споўнілася 18 гадоў, але ў сьпісы за першае паўгодзьдзе трапляюць тыя, каму споўнілася 18 на 1 ліпеня бягучага году, а за другое паўгодзьдзе — каму споўніцца 19 на 1 студзеня наступнага году пасьля таго, за які бяруць «дармаедзкі падатак»);
  • уласьнікаў маёмасьці камэрцыйных арганізацыяў і заснавальнікаў гэтых арганізацыяў (але будуць уносіць у базу ўласьнікаў маёмасьці акцыянэрных таварыстваў);
  • жонак ці мужоў тых, хто працуе па разьмеркаваньні пасьля навучаньня ў месцах, дзе немагчыма знайсьці ім працу — да фразы пра «маладых спэцыялістаў» дадалі «маладых рабочых (службоўцаў)» (сужэнцаў вайскоўцаў-кантрактнікаў і афіцэраў і раней ня ўносілі ў базу);
  • сужэнцаў дыпляматаў і работнікаў дыпляматычнага пэрсаналу за мяжой;
  • людзі, якія знаходзяцца пад дыспансэрным назіраньнем праз хранічныя або зацяжныя псыхічныя хваробы (наркаманаў, таксыкаманаў і алькаголікаў пры гэтым будуць лічыць дармаедамі);
  • людзей перадпэнсійнага ўзросту, якія на 1 студзеня наступнага году (у базы за першае паўгодзьдзе бягучага году) або на 1 ліпеня наступнага году (калі база складаецца на другое паўгодзьдзе) дасягнуць пэнсійнага ўзросту (або будуць ужо старэйшымі);
  • бацькоў дзяцей узростам да 7 гадоў, а таксама бацькоў траіх і больш дзяцей да 18 гадоў, калі дзіця дасягнула 7-гадовага або, адпаведна, 18-гадовага ўзросту ў паўгодзьдзі, за якое фармуецца «база дармаедаў».

Камісія судзеяньня занятасьці цяпер можа прымаць рашэньне аб накіраваньні беспрацоўных, «якія вядуць асацыяльны лад жыцьця», у «лячэбна-працоўныя прафілякторыі» (гэтыя «прафілякторыі» прадугледжваюць прымусовую працу насуперак беларускім законам, Канстытуцыі і міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, але фактычна не прадугледжваюць лячэньня).

МУС цяпер будзе падаваць у Міністэрства працы зьвесткі ня толькі пра дату нараджэньня, нумар пасьведчаньня асобы, грамадзянства, зьвесткі пра рэгістрацыю па месцы жыхарства (гэтыя пункты былі і раней), але і пра дату сьмерці або дату прызнаньня асобы зьніклай ці непрацаздольнай; даты скасаваньня прызнаньня памерлым, зьніклым ці непрацаздольным; даты нараджэньня дзяцей і ідэнтыфікацыйныя нумары дзяцей; даты пазбаўленьня або аднаўленьня бацькоўскіх правоў.

Міністэрства адукацыі мае да 1 красавіка 2019 году стварыць адзіную базу навучэнцаў — тых, хто вучыцца на дзённай форме, не павінны лічыць дармаедамі.

Міністэрства працы мусіць актуалізаваць штомесяц зьвесткі аб вызваленых ад «падатку на дармаедзтва», у тым ліку зьвесткі ад Міністэрства падаткаў і збораў і Мінздароўя, а таксама зьвесткі аб сьмерці ад МУС.

Новая пастанова не мяняе ранейшых фармулёвак, празь якія ў базы «дармаедаў» могуць уключыць тых, хто сплаціў падаходны падатак зь фізычных асобаў.

Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт

Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

  • У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
  • Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.

Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.

Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі

Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.

ТЭСТ: Даведайцеся, ці вы «дармаед»?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG