Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 вострых пытаньняў да стваральнікаў «базы дармаедаў»


Гарадзкая скульптура, Гомель

З 1 сьнежня стала даступнай так званая «база дармаедаў» — онлайн-база працаздольных грамадзянаў, не занятых у эканоміцы, якім з 1 студзеня давядзецца аплачваць камунальныя паслугі па павышаных тарыфах.

Свабода сабрала вострыя пытаньні да Саўміну і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, адказных за зьяўленьне і рэалізацыю гэтай неадназначнай ініцыятывы.

1. Колькі давядзецца плаціць за камунальныя паслугі «дармаедам»?

Згодна з пастановай Савету Міністраў № 314 ад 24 красавіка 2018 году, грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы краіны, аплачваюць па цэнах (тарыфах), якія забясьпечваюць поўную кампэнсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат, гарачае водазабесьпячэньне (з 1 студзеня 2019), газ і цяпло (з 1 кастрычніка 2019).

Калі б «камуналку» налічвалі па-новаму ўжо цяпер, «дармаеды»-ўласьнікі мусілі б заплаціць за гарачае водазабесьпячэньне ў пяць разоў больш, чым «недармаеды». Колькі яны заплацяць празь месяц?

2. Хто насамрэч трапіў у базу «дармаедаў» і па якім прынцыпе?

Міністарка працы Ірына Касьцевіч назвала лічбу 500 тысяч не занятых у эканоміцы. Аднак, паводле падлікаў Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у трэцім квартале 2018 году ў Беларусі было 240,5 тысячы беспрацоўных (падлікі згодна са стандартамі Міжнароднай арганізацыі працы). Чаму лічбы адрозьніваюцца амаль у два разы?

Колькі сярод 500 тысяч «дармаедаў» ёсьць уласьнікамі жытла і, адпаведна, атрымаюць падвышаныя лічбы ў жыроўках за студзень?

3. Чаму ў базу «дармаедаў» уключылі тых, хто плаціць падаходны падатак?

У ранейшым «дармаедзкім» дэкрэце № 3 тыя, хто плаціў падаходны падатак, не траплялі ў лік «дармаедаў» разам з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, рамесьнікамі і інш. У цяперашняй жа пастанове ўраду платнікаў падаходнага падатку выкрасьлілі з выключэньняў.

На якой падставе ўрад далучыў людзей, якія маюць даход і плацяць зь яго падатак, да ліку тых, хто «не заняты ў эканоміцы»?

4. Чаму беларусы, якія жывуць за мяжой, павінны плаціць «камуналку» ў Беларусі па падвышаных тарыфах?

Тыя беларусы, хто афіцыйна працуе за мяжой і мае нерухомасьць у Беларусі, з 1 студзеня будуць плаціць па падвышаных тарыфах за гарачую ваду — калі не дакажуць афіцыйнага працаўладкаваньня.

Каб зрабіць гэта, яны павінны прад’явіць у Беларусі пакет дакумэнтаў: перакладзеныя на расейскую ці беларускую мову дамову (кантракт) з замежным наймальнікам, даведку аб пэрыядзе працы, іншыя дакумэнты, якія пацьвярджаюць факт занятасьці, каб пераканаць, што яны не «дармаеды».

Але наколькі лягічна тое, што людзі, якія жывуць за мяжой, будуць плаціць па падвышаным тарыфе за маёмасьць у Беларусі?

5. Чаму для праверкі «дармаедзкага» статусу створаны мудрагелісты альгарытм на Адзіным партале электронных паслугаў?

«База незанятых у эканоміцы» стала даступнай онлайн з 1 сьнежня — на Адзіным партале электронных паслугаў. Для таго, каб увайсьці ў асабісты кабінэт, неабходныя лагін і пароль, прычым атрымаць іх можна толькі асабіста — у службе «Адно вакно» па месцы жыхарства альбо ў Нацыянальным цэнтры электронных паслуг у Менску.

Аднак нават калі вам удалося ўвайсьці ў асабісты кабінэт на portal.gov.by, разабрацца з базай і спраўдзіць, ці значыцеся вы ў ёй, вельмі няпроста. Нават для тых, хто добра знаёмы з самымі разнастайнымі вэб-інтэрфэйсамі. Паслугу цяжка адшукаць у сьпісе, а для таго, каб замовіць непасрэдна пошук вашага імя ў базе, трэба зрабіць каля дзясятка дадатковых клікаў, некаторыя зь якіх зусім не лягічныя і не інтуітыўныя.

6. Ці вернуць грошы, калі чалавек даведаецца пра «дармаедзкі» статус у лютым 2019-га?

Даведацца пра тое, ці ёсьць вы ў базе «незанятых у эканоміцы», можна альбо на Адзіным партале электронных паслугаў (гл. вышэй), альбо прыйшоўшы ў камісію па садзейнічаньні занятасьці па месцы жыхарства. У абодвух выпадках неабходна асабістая прысутнасьць. Што рабіць, калі чалавек даведаецца, што залічаны ў «дармаеды», толькі з жыроўкі, якую атрымае ў лютым 2019-га? Ці вернуць яму пераплачаныя грошы, калі ён зьбярэ даведкі, што ўсё ж «заняты ў эканоміцы»?

Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

  • Паводле пастановы Савету міністраў, у «базу дармаедаў» занесьлі каля 500 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
  • Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.

Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.

Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі

Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG