Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «базу дармаедаў» занесьлі каля 500 тысяч чалавек


Адна з акцый пратэсту супраць дэкрэту № 3 у лютым 2017 году

Да моманту запуску базы «дармаедаў» у яе ўключылі дадзеныя каля 500 тысяч чалавек, заявіла ў эфіры тэлеканала «Беларусь-1» міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч, паведамляе БелТА.

«База дадзеных на 1 сьнежня сфармаваная, запушчаная ў эксплюатацыю, — канстатавала Касьцевіч. — Яна ўключае зьвесткі каля 500 тысяч чалавек, больш дэталёвую інфармацыю, па абласьцях, мы атрымаем пазьней».

Па стане на 2 сьнежня, нягледзячы на словы Касьцевіч, як праверылі карэспадэнты Свабоды, электронная «база дармаедаў» не працавала.

У базу «дармаедаў», паводле міністаркі, унесеная наступная інфармацыя:

  • прозьвішча, імя і імя па бацьку чалавека;
  • дата і год нараджэньня;
  • ідэнтыфікацыйны нумар;
  • рэгістрацыя па месцы жыхарства.

Зь 1 сьнежня кожны чалавек можа скарыстацца электроннай паслугай, каб даведацца, ці ёсьць ён у базе дадзеных. Для гэтага трэба:

  • атрымаць электронны лічбавы подпіс (гэта платная паслуга) або спэцыяльны ідэнтыфікацыйны інструмэнт — пароль і лагін (гэта можна зрабіць бясплатна ў службе «Адно акно»);
  • на Адзіным партале электронных паслуг зайсьці ў асабісты кабінэт з выкарыстаньнем электроннага лічбавага подпісу альбо лагіну і паролю і выбраць паслугу «адказ на пытаньне пра ўключэньне ў базу дадзеных».

Чалавек можа даведацца інфармацыю толькі пра сябе, падкрэсьліла міністарка. Доступ да базы ёсьць таксама ў сяброў камісіі па каардынацыі працы ў садзейнічаньні занятасьці, а таксама ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Але толькі ў пэўнай катэгорыі работнікаў.

Калі чалавек памылкова ўключаны ў базу:

  • ён можа прыйсьці ў камісію або даслаць ліст (у тым ліку электронны) з дакумэнтамі, якія пацьвярджаюць, што ён працуе;
  • інфармацыю разгледзяць, а чалавек можа потым зноў праверыць, застаўся ён у базе, ці быў зь яе выключаны.

У сярэдзіне лютага ўсе «дармаеды» пачнуць атрымліваць жыроўкі. «Чалавек, які трапіць у сьпісы на поўную кампэнсацыю паслуг, на адваротным баку жыроўкі ўбачыць інфармацыю пра тое, што падагрэў вады на яго распаўсюджваецца па поўным кошце», — патлумачыла Касьцевіч.

Не выключаецца, што камісія таксама будзе інфармаваць «дармаедаў» — як па тэлефоне, так і ў пісьмовай форме, і нават асабіста — зь візытам на дом.

Каго залічылі ў «дармаеды» і чым гэта пагражае. Сьцісла

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

  • Паводле пастановы Савету міністраў, у «базу дармаедаў» занесьлі каля 500 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
  • Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.

Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.

Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі

Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG