Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабода праверыла новую «базу дармаедаў». Але яна не працуе


1 сьнежня мусіла стаць даступнай так званая «база дармаедаў» — онлайн-база працаздольных грамадзянаў, не занятых у эканоміцы. Свабода паспрабавала атрымаць да яе доступ у Менску і Віцебску.

Віцебск: прыходзьце ў іншы дзень і ў іншае месца

Жыхар Першамайскага раёну Зьміцер М. ня змог атрымаць лагін і пароль да базы ў адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску.

Зьміцер называе сябе фрылансэрам, бо сталай працы ня мае. Ён падпрацоўвае ў некалькіх месцах на дамовах падраду.

«Дакумэнты ў мяне ёсьць, але цяжка падлічыць, ці хопіць маіх „працадзён“, каб не запісалі ў „дармаеды“, — сказаў Зьміцер Свабодзе. — Таму для мяне важна высьветліць, ці ёсьць я ў той базе. Калі ёсьць, то мушу думаць, што рабіць далей».

Даведаўшыся, што ў раённай адміністрацыі служба «Адно акно» мусіць даць лагін і пароль доступу да «базы дармаедаў», туды і зьвярнуўся. Але галоўны спэцыяліст Вольга Дробыш нічым дапамагчы не змагла.

«Спадарыня перапытала, хто пастанавіў з 1 сьнежня адкрыць доступ да базы, адкуль я пра гэта даведаўся, і патлумачыла, то ніякіх пароляў і лагінаў у яе няма. Пры мне патэлефанавала загадчыку справамі райвыканкаму, але й там ёй нічога не патлумачылі наконт базы», — расказаў Зьміцер.

Адзінае, што яму параілі ў «адным акне» — гэта прыйсьці ў працоўны дзень і зьвярнуцца ў камісію ў пытаньнях каардынацыі работы па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва. Прынесьці, калі ёсьць, дакумэнты пра тое, што ён не «дармаед». Але праверыць уласны статус пакуль немагчыма, і калі гэта можна будзе зрабіць — невядома.

Менск: лагін і пароль далі, але ў базу ўвайсьці не ўдалося

З 1 сьнежня мае запрацаваць база дадзеных не занятых у эканоміцы працаздольных грамадзян («дармаедаў»). Яна разьмешчаная на Адзіным партале электронных паслуг portal.gov.by. Аднак карэспандэнтцы Свабоды ў суботу так і не ўдалося даведацца, ці працуе база, хоць яна здабыла і пароль, і лагін.

Напярэдадні, 30 лістапада ва Ўпраўленьні эканомікі адміністрацыі Першамайскага раёну Менску Свабодзе паведамілі, што пробная база створаная, яна працуе, і пачынаючы з траўня людзі зьвяртаюцца ў раённую камісію па садзейнічаньні занятасьці

«Пробная база ўжо ёсьць, і мы працуем зь людзьмі ў межах Дэкрэту № 3 з траўня. А зь лістапада актыўна ідуць, зьвяртаюцца ў камісію.

Калі вы мне скажаце прозьвішча, імя і імя па бацьку, я магу паведаміць, ці ёсьць вы ў гэтай базе — вас гэта ні да чаго не абавязвае. А можаце самі праверыць. У службе „Адно акно“ вам дадуць лагін і пароль, сама служба ніякай базы ня мае і ня будзе мець доступу», — сказала па тэлефоне вядучая спэцыялістка ўпраўленьня эканомікі. І запэўніла, што тэарэтычна база мае запрацаваць у суботу, 1 сьнежня.

У суботу ў службу «Адно акно» адміністрацыі Савецкага раёну Менску, якая па суботах працуе з 9 да 13-й гадзіны, па пароль і лагін не зьвярнуўся ніводзін чалавек, расказала вядучая спэцыялістка Юлія Прыма.

У Адміністрацыю Першамайскага раёну таксама ніхто не прыйшоў па пароль і лагін. І за паўгадзіны да закрыцьця карэспандэнтка вырашыла паспрабаваць на сабе, як працуе сыстэма. Вядучая спэцыялістка службы «Адно акно» Алеся Паўлушка расказала, што гэта першы зварот. Шукала пароль і лагін яна даволі доўга — гэтая працэдура заняла ў яе роўна 24 хвіліны (пашанцавала, што ў суботу наведнікаў было мала, чаргі да спэцыялістаў не было).

Урэшце пад расьпіску выдала аркуш — «Паведамленьне аб наданьні лагіна і фармаваньні пярвічнага паролю».

Аднак у саму базу ўвайсьці не ўдалося. Увёўшы код паслугі 3.01.01 толькі што атрыманы пароль і лагін, удалося дайсьці да стадыі «Асабісты кабінэт карыстальніка». А вось запоўніць дадзеныя пра сябе не атрымалася. Выскокваў значок — чырвоны кружок з дыямэтрам.

Вядучая спэцыялістка параіла пачакаць пару дзён, калі электронную базу давядуць да ладу, або ў працоўны дзень прыйсьці ва ўпраўленьне эканомікі раённай адміністрацыі і высьветліць усё ў спэцыяліста.​

Каго залічылі ў «дармаеды» і чым гэта пагражае. Сьцісла

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

  • Паводле пастановы Савету міністраў, у «базу дармаедаў» занесьлі каля 500 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
  • Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.

Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.

Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі

Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG