Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белстат апублікаваў лічбы беспрацоўя, якія ў 10 разоў большыя за афіцыйныя


Кірмаш вакансій у Менску, 2017 год. Ілюстрацыйнае фота

Колькасьць беспрацоўных у Беларусі адрозьніваецца больш як у 10 разоў, калі яе вылічваць рознымі мэтодыкамі — міжнароднай і дзяржаўнай.

240 000 беспрацоўных супраць 20 000: адкуль такая розьніца

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі ўпершыню апублікаваў справаздачу​, у якой колькасьць беспрацоўных у Беларусі падаецца ў адпаведнасьці са стандартамі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). Паводле гэтых дадзеных, у трэцім квартале 2018 году ў Беларусі было 240,5 тысячы беспрацоўных (годам раней — 273 тысячы).

Гэта азначае, што ўзровень фактычнага беспрацоўя ў трэцім квартале склаў 4,7% ад колькаснага складу працоўнай сілы. У першым квартале гэты паказьнік быў яшчэ большы — 5,1%.

Афіцыйныя дадзеныя, якімі традыцыйна апэруе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, зусім іншыя. Як вынікае зь ведамаснай статыстыкі, колькасьць беспрацоўных, зарэгістраваных у органах працы, занятасьці і сацыяльнай абароны, складае ўсяго 0,3%. Адпаведна, гэта ў 10 разоў менш, чым падае МАП.

Агульная лічба занятых у эканоміцы Беларусі, паводле дадзеных на жнівень 2018 году, складае 4 мільёны 338 тысяч чалавек.

Зьдзеклівыя 25 рублёў дапамогі па беспрацоўі

Чаму такія значныя розначытаньні ў ацэнцы беспрацоўя, Свабодзе патлумачыў лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук. Ён таксама сябра Адміністрацыйнай рады кіроўнага органа Міжнароднай арганізацыі працы, летась быў выбраны на трэці тэрмін.

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

«Мы, бадай, адзіныя, хто лічыць беспрацоўе па колькасьці тых, хто зьвярнуўся ў службу занятасьці. Іншымі словамі, на біржу працы. Ва ўсім цывілізаваным сьвеце (зрэшты, у малацывілізаваным таксама) беспрацоўе вылічваюць паводле мэтодыкі МАП — праз дасьледаваньне хатніх гаспадарак. Гэта найбольш карэктны падлік, якія дае аб’ектыўную карціну таго, што адбываецца на рынку працы, сьведчыць пра занятасьць у краіне. І вось гэтыя фантастычныя 0,3%, у якія ніхто ня верыць, доўгі час былі вынікам уласнай мэтадалёгіі беларускіх уладаў, якой апэруе Мінпрацы».

Аляксандар Ярашук удакладняе, чаму афіцыйную статыстыку па беспрацоўі нельга ўспрымаць сур’ёзна.

«Па-першае, проста зьдзеклівая дапамога па беспрацоўі — 25 рублёў. Па-другое, тых, хто зьвяртаецца ў службу занятасьці, прыцягваюць да „добраахвотна-прымусовых“ грамадзкіх работ. Толькі наіўныя людзі, вымушаныя паказаць сваю занятасьць (асабліва пасьля прыняцьця дэкрэтаў № 1 і № 3), туды ідуць, астатнія самі вырашаюць праблему працаўладкаваньня. Мы ведаем мноства прыкладаў, калі прапануюць адно, а на прадпрыемствах ці ў арганізацыях такіх вакансій няма і блізка. Таму вельмі добра, што нарэшце за аснову ўзялі іншыя мэтодыкі разьліку».

4,7% — больш рэальная лічба за дзяржаўныя 0,3%

Пры гэтым Аляксандар Ярашук дапускае, што лічбы, агучаныя Міжнароднай арганізацыяй працы, таксама могуць не адпавядаць рэальнаму стану з занятасьцю насельніцтва.

«4,7% — гэта больш рэальная лічба, хоць магу выказаць пэўны сумнеў, бо, мяркуючы па ўсім, яна таксама заніжаная. Усё ж размова пра аўтарытарную сыстэму: нават калі адбываюцца дасьледаваньні хатніх гаспадарак, людзі проста баяцца шчыра казаць, утойваюць рэальную сытуацыю. Вядома, гэта куды больш аб’ектыўна, чым дзяржаўныя 0,3%. Нават у самых пасьпяховых краінах рэальнасьць жыцьця такая, што менш за 3% беспрацоўных не бывае. Хтосьці звольніўся, хтосьці зьехаў, хтосьці яшчэ не працаўладкаваўся. Гэта ж жывы працэс! Таму цяжка лячыць хваробу, калі ня ведаць дыягназу».

Ці будуць далей беларускія ўлады кіравацца стандартамі МАП, Аляксандар Ярашук ставіць пад сумнеў. Мяркуючы па заявах з боку Аляксандра Лукашэнкі, падначаленых яму ўрадоўцаў, прызнаваць праблему ніхто не сьпяшаецца, кажа ён. Бо ў іншым выпадку трэба рабіць і адпаведныя крокі — абвясьціць рэальную эканамічную лібэралізацыю, стварыць спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу. Пакуль жа сама дзяржава дэманструе, што ня ў стане ствараць працоўныя месцы, перакананы Ярашук.

Фактограф. Ці праўда, што ў Беларусі на 1 беспрацоўнага 5 вакансій?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG